Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Я не магу паступіць па-іншаму". Дэпутат Канапацкая стварае фонд дапамогі пацярпелым падчас акцый пратэсту


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая вырашыла пачаць «барацьбу з бязьмежжам і беззаконьнем, якія робяцца ў нашай краіне» і абвясьціла аб стварэньні Фонду дапамогі пацярпелым падчас мірных вулічных акцый.

Празь яго яна зьбіраецца сабраць грошы на аплату штрафаў тым, каго асудзілі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць падатку на дармаедзтва.

«Асабіста я двойчы зьвярталася ў адміністрацыю прэзыдэнта і абодва разы атрымлівала невыразныя адпіскі. Такія самыя адпіскі атрымлівалі ад дзяржаўных ворганаў і іншыя грамадзяне і арганізацыі», — сказала Ганна Канапацкая.

На думку дэпутаткі, дэкрэт № 3 несправядлівы і незаконны, паколькі парушае Канстытуцыю. Яна лічыць, што перад тым, як выйсьці на вуліцу, людзі выкарыстоўвалі ўсе законныя сродкі для адмены дакумэнту. Але ўлада ні да кога не прыслухалася.

«Улада сама стварыла сёньняшнюю сытуацыю, рэзка павялічыўшы сацыяльнае напружаньне і пратэстныя настроі ў грамадзтве. Вынікам сталі масавыя мірныя вулічныя акцыі пратэсту, якія ахапілі ўсю краіну. Улада стрымлівалася да апошняга, але зноў сарвалася ў балота брутальных арыштаў і несувымернага ўжыцьця сілы», — пракамэнтавала Ганна Канапацкая затрыманьні ўдзельнікаў Маршаў недармаедаў.

«А як інакш? Я не магу паступіць па-іншаму. Кожны мае права па Канстытуцыі, і прэзыдэнт з тэлеэкрана пра гэта кажа, на мірны пратэст. Людзі павінны мець магчымасьць выходзіць, гаварыць, і дэпутаты да іх павінны прыслухоўвацца», — сказала пра сваю ініцыятыву карэспандэнту Свабоды Ганна Канапацкая.

За ўдзел у акцыях пратэсту толькі актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі, да якой належыць Ганна Канапацкая, атрымалі штрафаў на 5 тысяч рублёў. Акрамя таго, па ўсёй краіне арыштавалі больш за сотню чалавек, у тым ліку лідэраў апазыцыі.

Усе сабраныя народныя сродкі дэпутат накіруе на выплату штрафаў асуджаным за ўдзел у пратэстах.

«Штотыднёвыя справаздачы па руху сродкаў будуць публікавацца на маёй старонцы ў Facebook. Па завяршэныні работы Фонду ўсе сродкі, што ў ім засталіся, будуць перададзеныя дзіцячаму дому», — сказала Ганна Канапацкая.

Незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) таксама прымае грошы на свае рахункі, каб перадаваць далей аштрафаваным ці набываць неабходнае тым, хто за кратамі «на сутках».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG