Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Канапацкая і Алег Гулак расказалі ў Цэнтравыбаркаме, як карэктаваць выбарчае заканадаўства


Падлік галасоў на адным з выбарчых участкаў

Цэнтравыбаркам абагульніць прапановы наконт карэктаваньня выбарчага заканадаўства і прадставіць іх кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку.

Такі вынік пасяджэньня міжведамаснай экспэртнай працоўнай групы, якое прайшло 31 студзеня ў Цэнтравыбаркаме. Удзельнікі пасяджэньня абмеркавалі рэкамэндацыі Бюро па дэмакратычных інстытутах АБСЭ, якія тычацца ўдасканаленьня выбарчага працэсу ў Беларусі.

У пасяджэньні ўзялі ўдзел кіраўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. Яны прадставілі прапановы па зьмене выбарчага заканадаўства ў міжведамасную экспэртную працоўную групу, паведамляецца на сайце ЦВК.

Пасьля дыскусіі Алег Гулак сказаў карэспандэнту Свабоды, што ў яго і Ганны Канапацкай была магчымасьць патлумачыць свае прапановы і паўдзельнічаць у абмеркаваньні.

«У любым выпадку гэта пазытыўны працэс, але чым скончыцца, будзем бачыць.Сказаць складана, наколькі будуць прынятыя нашы прапановы. Наўрад ці можна чакаць поўнага прыняцьця. Мы яшчэ ня бачылі, што камісія падасьць прэзыдэнту. Гучалі пазыцыі, якія будуць карыснымі. Але, зь іншага боку, важныя прынцыповыя рэчы, я думаю, не былі дастаткова ўспрынятыя».

Паводле Алега Гулака, падстава для разгляду зьменаў у выбарчым працэсе — рэкамэндацыі БДІПЧ АБСЭ.

Алег Гулак, архіўнае фота
Алег Гулак, архіўнае фота

«Мы ў сваім дакладзе па выніках назіраньня таксама прывялі шэраг рэкамэндацыяў, якія тычацца розных этапаў. Яны ня страцілі сваёй актуальнасьці. Мы акцэнтавалі ўвагу на некалькіх самых важных пытаньнях. Гэта фармаваньне выбарчых камісіяў, падлік галасоў, судовае абскарджваньне спрэчак, даступнасьць для назіраньня, празрыстасьць працэдур і датэрміновае галасаваньне. Мы сканцэнтраваліся на гэтых пытаньнях. Пры тым, што простых рашэньняў няма. Бо датэрміновае галасаваньне — інструмэнт для большага ўдзелу ў выбарах. Але пры гэтым важна захаваць працэдуры, забясьпечыць захаванасьць бюлетэняў і правільнасьць падліку. Тое ж самае і з камісіямі: яны павінны быць плюралістычнымі, але дзеяздольнымі. Простых адказаў няма, але рабіць трэба. Вядома, можна было б зрабіць больш шырокае абмеркаваньне, каб усё дэталёва прапрацаваць».

Сёньня ж старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына правяла сустрэчу з часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі Робэртам Райлі і кіраўніком прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Андрэа Віктарын.

Ярмошына праінфармавала дыпляматаў пра вынікі працы міжведамаснай экспэртнай працоўнай групы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG