Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 1 студзеня камуналка падаражэе на 10 рублёў


Кошт жыльлёва-камунальных паслуг у Беларусі з 1 студзеня 2017 году ўзрасьце прыкладна на 10 рублёў. Пры неабходнасьці будзе весьціся гаворка пра другі этап росту тарыфаў.

Пра гэта паведаміў першы намесьнік міністра эканомікі Аляксандар Забароўскі, адказваючы на пытаньне пра перамовы з МВФ:

«Адносна 2017 году мы гаворым пра тое, што з 1 студзеня, як і належыць у адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам, адбудзецца павышэньне кошту жыльлёва-камунальных паслуг прыблізна на 10 рублёў. Далей на працягу году будзе ісьці праца па зьніжэньні выдаткаў манаполіяў і выкарыстаньні магчымасьцяў ЭАЭС. Пры неабходнасьці будзе весьціся гаворка пра другі этап росту тарыфаў. Але гэта адбудзецца так, каб узьдзеяньне на неабароненыя слаі насельніцтва было мінімальнае».

Паводле Забароўскага, у праграме дзейнасьці ўраду ёсьць два асноўныя пункты павышэньня кампэнсацыі затрат насельніцтвам: да канца 2017 году павінны выйсьці на 75%, да канца 2018 году — на 100%.

«Іншае пытаньне, наколькі павінны быць павышаныя тарыфы ў абсалютнай велічыні, каб мы дасягнулі мэты па ўзроўні кампэнсацыі тарыфамі затрат», — сказаў ён.

На перамовах з МВФ у справе павышэньня тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі прыярытэт аддаецца мерам сацыяльнай абароны, цытуе БелТА намесьніка міністра.

Ён сказаў, што манаполіі павінны мець «выразны і амбітны плян зьніжэньня выдаткаў».

Аляксандар Забароўскі сказаў, што беларускі бок прапануе МВФ разглядаць тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі не адасоблена, як гэта было ў многіх клясычных праграмах фонду, а ва ўвязцы з трыма найважнейшымі тэмамі. Першая тэма — сурʼёзнае зьніжэньне выдаткаў манаполіяў.

«Мы лічым несправядлівым перакладаць залішнія выдаткі манаполіяў на насельніцтва. Таму працэс зьмены тарыфаў павінен ісьці ў выразнай увязцы са зьніжэньнем выдаткаў манаполіяў і павышэньнем эфэктыўнасьці працы сыстэм жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і энэргетыкі», — сказаў ён.

Другая тэма, паводле першага намесьніка міністра, зьвязаная з разгортваньнем эфэктыўнай сыстэмы адраснай сацыяльнай абароны насельніцтва.

«Гэта значыць, не павінна атрымацца так, што тарыфы павысіліся, а сыстэма адраснай сацыяльнай абароны не пасьпела адрэагаваць на патрэбы малазабясьпечаных, уразьлівых грамадзян».

Трэцяя тэма палягае ў неабходнасьці разьвіваць энэргетычны рынак у ЭАЭС.

«У сярэднетэрміновым пэрыядзе цэны на энэрганосьбіты ў саюзе павінны быць уніфікаваныя. Перамовы, якія прайшлі з расейскімі калегамі, гэта пацьвярджаюць.Таму мы павінны ўзважана падыходзіць да сярэднетэрміновага прагнозу цэнаў на прыродны газ, дзеля таго каб загадзя не задзіраць разьліковыя затраты манаполіяў».

Пра падвышэньні «камуналкі» ў 2017 годзе раней заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка: «У наступным годзе 5 даляраў будзе дакладна. У колькі гэта выльецца адсоткаў, ня ведаю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG