Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе мы ведаем гісторыі пра самыя разнастайныя цуды, якія выратоўвалі людзей у, здавалася б, самых безнадзейных сытуацыях. Да месцаў, дзе можна атрымаць такую цудоўную дапамогу, людзі выпраўляюцца ў пілігрымкі, яны набываюць сабе копіі цудатворных абразоў ці выявы сьвятых, стаяць у чарзе, каб прыкласьціся да мошчаў. Гэта тое, што раней называлі «ласкай Божай». А ці часта беларусы зьведвалі «гнеў Божы»? Ці ўмелі тыя ж самыя сьвятыя ды цудатворныя іконы караць чалавека? І калі так, то за што? Гутарка з кандыдатам гістарычных навук Сяргеем Грунтовым.

Вячаслаў Ракіцкі: Сяргей, калі зьвярнуцца да тэкстаў беларускай культуры, ці часта людзі станавіліся сьведкамі Божага гневу і за што ён ці сьвятыя злаваліся на людзей?

Сяргей Грунтоў: Думаю, што калі зьвярнуцца да гістарычнай мэнтальнасьці беларусаў, то яна напаўняла сьвядомасьць людзей, што некалі тут жылі, шматлікімі прыкладамі Божай кары.

Вячаслаў Ракіцкі: Вось толькі пытаньне, што ёю лічыць?

Сяргей Грунтоў: Прыкладам, паводзіла сябе дзіця непаслухмяна, а пасьля бегла ды спатыкнулася, і вось на ілбе ўжо красуецца гузак. І яму казалі, што гэта пакараньне зьверху, бо «ўсе пад Богам ходзім», і Ён усё бачыць. Мяркую, гэта можна пакінуць убаку. Гэта больш пра пэдагогіку. Прызнавалі Божае ўмяшаньне і ў буйных палітычных і ваенных калізіях. Вядомы прыклад — абраз Маці Божай Бялыніцкай, які, як верылі, дапамог Ляхавіцкай фартэцыі вытрымаць аблогу маскоўскага войска ў 1660 годзе і пасьля спрыяў перамозе ў бітве пад Палонкай. Такім чынам, кара напаткала няпрыяцельскія войскі. Натуральна, такой кары Божай маглі ня проста пасіўна чакаць, а маліць аб ёй. Прыгадаю тут хоць бы прыклад са знакамітай «Песьні пра зубра» Міколы Гусоўскага. Там у малітве да Дзевы Марыі такі зварот:

«Нашым князям, што ў сваіх міжусобіцах розум

Нашай крывёй замуцілі, падай на пахмельле

Мысьляў і ўчынкаў цьвярозасьць, вярні раўнавагу

Мудрых дзяржаўцаў, напомні пра іх абавязкі,

Гэтак злачынна забытыя,— карай напомні!»

Абраз Маці Божай Бялыніцкай
Абраз Маці Божай Бялыніцкай

Вячаслаў Ракіцкі: Ці гэта значыць, што ў кожным разе пераможцы лічылі свой посьпех знакам Божага ўмяшаньня?

Сяргей Грунтоў: А пераможаныя — Божай карай. Але тут мы недалёка адыходзім ад сытуацыі дзіцяці, пра ґуз якога казалі, у тым сэнсе, што звычайна гэта канструкт для маральнага павучэньня ці легітымацыі пэўнага парадку. Між тым, пісьмовыя крыніцы захавалі прыклады больш «спантаннага» гневу звышнатуральных сілаў. Усе яны непазьбежна нясуць у сабе цяжар маральнага павучэньня, але сама кара выступае як неспадзяваная праява незадаволенасьці.

Вячаслаў Ракіцкі: Вы кажаце «пісьмовыя крыніцы». Цуды і кары таксама фіксаваліся, як і гістарычныя падзеі?

Сяргей Грунтоў: Менавіта так, пры гэтым падзеі аднаго парадку, адной меры верагоднасьці. Для нас тут найбольшую цікавасьць маюць гэтак званыя «кнігі цудаў». Гэта сыстэматычныя запісы цудаў, якія адбываліся пры тым ці іншым цудатворным абразе, а іх па Беларусі было даволі шмат. Лік такіх цудаў нярэдка ішоў на сотні. Сярод гэтых запісаў пэрыядычна сустракаюцца і прыклады гневу з боку абраза ці, дакладней, намаляванага на ім пэрсанажа, звычайна Дзевы Марыі. Гэтыя кнігі вяліся для праслаўленьня цудаў пэўнай іконы і таму часам публікаваліся. Відавочна, прыклады «Боскай кары» павінны былі ўзьдзейнічаць на вернікаў ня меней, чым гісторыі пра «Божую ласку».

Вячаслаў Ракіцкі: Ці можаце прывесьці нейкі прыклад такой праявы гневу іконы? Наколькі небясьпечным ён мог быць для чалавека?

Сяргей Грунтоў: Калі ласка, эпізод з гісторыі іконы Наваградзкай Маці Божай. Пасьля таго як яна апынулася ў Вялікім Княстве, яе першы ўладальнік, паміраючы, прасіў перадаць яе нейкаму храму. Калі ён памёр, на яе стаў прэтэндаваць пэўны знаёмы сям’і, Мікалай Калымскі, які выпрошваў яе яшчэ за жыцьця нябожчыка, бо вельмі яе шанаваў. Аднак сын памерлага адмаўляўся аддаць яе і ў храм, і просьбіту. За гэта, як напісана, ён быў пакараны раптоўнай сьмерцю на вачох тых, хто чуў яго адмовы. Пасьля ікона перайшла да названага Калымскага, і зь ім адбыліся цікавыя рэчы: з аднаго боку, ікона дапамагала яму ў розных безвыходных жыцьцёвых сытуацыях, зь іншага, калі ў сэрцы ён надумваўся назаўсёды пакінуць яе ў сям’і, то ў доме пачыналіся розныя здарэньні, якімі ікона нагадвала, што ёй гэта не падабаецца.

Гравюра абраза Маці Божай Наваградскай 1673 г.
Гравюра абраза Маці Божай Наваградскай 1673 г.

Вячаслаў Ракіцкі: Атрымліваецца, што вінаваты перад іконай мог лёгка заплаціць за гэта ажно жыцьцём?

Сяргей Грунтоў: І ня проста паплаціцца, але стаць ахвяраю самага сапраўднага забойства. Вельмі калярытны прыклад ёсьць у кнізе цудаў Маці Божай Барунскай. Галоўнага героя гэтай гісторыі завуць Мікалай Пясьляк, у яго бываюць відзежы Маці Божай, якая кажа яму пабудаваць капліцу, а пасьля і касьцёл для абраза Маці Божай Барунскай проста ў лесе. Ён усе гэтыя пажаданьні выконвае і застаецца вельмі пабожным, амаль сьвятым чалавекам. Але ў яго ёсьць жонка, зусім іншы тыпаж. Яна крадзе каштоўнасьці, якія прыносяць да іконы, і прадае іх ня надта хаваючыся, так што слава пра яе ідзе па ўсім Ашмянскім павеце. І вось увечары 24 лістапада 1695 году праз вакно яе дому ёй страляюць у грудзі, яна памірае на месцы, бяз споведзі. З кантэксту вынікае, што яна вяла злачыннае жыцьцё і стала ахвярай таго, што сёньня называюць крымінальнымі разборкамі. Аднак у кантэксьце гісторыі цудаў гэта трактуецца як справядлівае Боскае пакараньне.

Вячаслаў Ракіцкі: Ці можна сказаць, што ў нейкім сэнсе ікона была небясьпечнай, бо знаходжаньне побач зь ёю магло абярнуцца як ласкаю, гэтак і караю ў выпадку нейкай правіннасьці?

Сяргей Грунтоў: Дакладна. І гэта, дарэчы, агульнае месца ў характарыстыцы сакральнага ў традыцыйнай культуры. Яно заўсёды амбівалентнае, выклікае адначасова любоў і шанаваньне, але разам з тым і страх. У той жа кнізе цудаў Маці Божай Барунскай апісаны такі выпадак. Яшчэ калі будаваўся першы драўляны касьцёл, там працаваў пэўны цясьляр, які ня верыў у цуды і раз нават гучна выказаўся, што «Пясьляк (пра якога ўжо казалі) людзям у вочы цемру пускае». У тую ж ноч Пясьляк пабачыў у сьне Дзеву Марыю, якая сказала яму, каб ён выгнаў прэч нягоднага цесьляра, якога хутка напаткае кара — у таго з вачэй пачнуць падаць чарвякі. Той зранку ж падпарадкаваўся гэтаму жаданьню і выгнаў небараку. І сапраўды, неўзабаве ў таго забалелі вочы, у іх завяліся чэрві, якія, як напісана, неўзабаве «растачылі блюзьнерскую яго галаву», і ён памёр. Сапраўды, страшная кара.

Абраз Маці Божай Барунскай
Абраз Маці Божай Барунскай

Вячаслаў Ракіцкі: Як я разумею, «гнеў Божы» вельмі жорсткі: калі ўжо ён здараецца, дык хутчэй за ўсё вінаваты ня выжыве. Ці гэта так?

Сяргей Грунтоў: Неканечне гнеў сьвятых абарочваецца толькі сьмерцю, бываюць і больш лагодныя варыянты, калі вінаватага нібы настаўляюць на правільны шлях, і пра гэта таксама нямала сказана ў кнігах цудаў. Найчасьцейшы варыянт — сытуацыя парушэньня дамовы. Чалавек у роспачы зьвяртаецца па дапамогу да цудатворнай іконы, а калі дапамога прыходзіць, ён забываецца на сваё абяцаньне — прынесьці вотум, замовіць службу ці неяк па-іншаму аддзячыць яе. За гэта звычайна хвароба вяртаецца ў яшчэ горшай форме. Чалавек моліць аб прабачэньні, пасьля чаго здараецца новы цуд, ён канчаткова папраўляецца і цяпер ужо ў поўнай меры выяўляе сваю ўдзячнасьць.

Цікава, што паміж іконамі можа ўзьнікаць і свайго кшталту зайздрасьць. У кнізе цудаў Наваградзкай Маці Божай расказваецца, як у 1658 годзе, калі гэтая ікона была яшчэ ў Жыровічах, туды прыехалі двое шляхцічаў. Яны памаліліся перад знакамітай іконай Маці Божай Жыровіцкай, і першы прапанаваў другому пакланіцца і новай іконе, слава пра якую ўжо пачала разыходзіцца. Але той адмовіўся, сказаўшы, што даволі нам і Жыровіцкай. Пазьней тым жа днём яны зайшлі ў пэўны дом і селі за стол. Далей з нашым адмаўленцам адбылося наступнае:

«Праз хвіліну пачаў мяняцца — бляднець і чарнець, выйшаў з-за стала, ледзьве дайшоў да вугла дому, паваліўся тварам долу і так абмёр, што яго палічылі за мёртвага. Тут паказалася ікона Найсьвяцейшае Дзевы, караючы яго за тое, што не прызнаў, што яна цудоўная. Крыкнуў моцным голасам: вызнаю і шкадую, і, падхапіўшыся як ад сну, пабег да капліцы і ўпаў крыжам, гаворачы: вызнаю мой грэх перад усімі — і здаровы падняўся зь зямлі».

Вячаслаў Ракіцкі: Сяргей, але хто ўсё ж злуецца і хто карае? Бо ў апошнім выпадку мы бачым дзьве выявы Дзевы Марыі. Атрымліваецца, што крыўдзіцца не сама Дзева Марыя, а яе ікона?

Сяргей Грунтоў: Часам складана разабрацца. У гэтым выпадку так, у іншых сытуацыях могуць апэляваць да самой Дзевы Марыі, а ў выпадку з забойствам жонкі Песьляка ў Барунах наўпрост гаворыцца, што гэта Бог адказвае на крыўды, зробленыя Маці Божай. У такім зьмяшэньні няма нічога дзіўнага. Ім прасякнутая ўся народная рэлігійнасьць, для якой велізарнае значэньне мае ня толькі выява сьвятога, але і сам матэрыяльны аб’ект — дошка, на якой яна намаляваная, куродым і бруд, якімі зарастае з часам выява, так што яе можна і не разгледзець. Таму ня варта зьдзіўляцца, што ў апошнім прыкладзе, хоць дзьве іконы рэпрэзэнтуюць адзін пэрсанаж, узьнікае крыўда за недастатковую павагу да адной зь іх.

Касьцёл у Барунах
Касьцёл у Барунах

Вячаслаў Ракіцкі: Ва ўсіх прыкладах, што Вы прыводзіце, размова ідзе пра Дзеву Марыю. А ці ўмелі такім жа чынам злавацца сьвятыя?

Сяргей Грунтоў: Так, кнігі цудаў звычайна прысьвечаныя марыйным іконам. Аднак калі ад пісьмовай традыцыі зьвярнуцца да вуснай, тут знойдзецца нямала сюжэтаў пра гнеў розных сьвятых. Калі ўзгадаць сьвятога Ільлю, то можна сказаць, што злуецца ён рэгулярна паводле свайго профілю: грымець калясьніцай, пасылаць маланкі на зямлю, каб паляваць такім чынам на чарцей. Фальклёрная традыцыя беларусаў увогуле надзяляе сьвятых многімі чалавечымі рысамі, у тым ліку шкодніцтвам і зласьлівасьцю. Была нават такая прымаўка: пакуль да Бога, то святыя душу вымуць.

Вячаслаў Ракіцкі: А ў чым гэтае «выманьне душы» выяўлялася? Што ж такога крыўднага сьвятыя зрабілі беларускаму селяніну?

Сяргей Грунтоў: У казках і апавяданьнях яны часам нагадваюць паноў, якія, як вядома, б’юцца, а ў халопаў чубы трасуцца. У сюжэце «Ільля і Пятро», запісаным А. Сержпутоўскім, так і гаворыцца:

«Аддаў Бог увесь сьвет Ільлю і Пятру. Але вядома, дзе два паны, там ніколі ладу няма. Адзін пасылае дождж, другі пагоду».

Праз гэта так рэдка бывае сапраўды добрае надвор’е. Тут жа апісваецца і зайздрасьць: Ільля і Пятро сустракаюць на дарозе чалавека і пачынаюць дапытвацца ў яго, каго зь іх людзі больш шануюць. Той доўга выкручваецца, але ўрэшце прызнаецца і кажа, што Пятра, ды разам з Паўлам. Ільля пачынае аж трэсьціся ад злосьці і пасьля помсьліва кажа:

«От жа гэта сьпяку я яму ніву, нічога не зародзіцца». Сьвятым у такіх сюжэтах не чужыя ніякія чалавечыя слабасьці, яны далёкія ад ідэальнасьці і нават могуць старэць і слабець. І ўзгаданая казка мае ў гэтым сэнсе выдатнае заключэньне: «Але ўсё было б добра, каб Пятро ня быў такі стары ды глухі. Бог кажа: пасылай тады дождж, як людзі просяць, а ён недачуе да й пасылае дождж, як людзі косяць».

Вячаслаў Ракіцкі: Сяргей, гэтыя гісторыі паходзяць з даволі аддаленых часоў, калі вера ў Бога была яшчэ абсалютнай нормай, а сьвет у сялянскай сьвядомасьці быў чароўным. А што ў ХХ стагодзьдзі? Як у ім выяўляўся гнеў сьвятых?

Сяргей Грунтоў: Так, у ХХ стагодзьдзі сьвятым, безумоўна, хапала нагодаў для злосьці. Найбольш пашыраная група сюжэтаў у Беларусі — гісторыі пра разбурэньне храмаў. Практычна ў кожным месцы, дзе гэта адбывалася, можна пачуць пра кары, якія напаткалі удзельнікаў такіх падзеяў. Гэтыя гісторыі тым больш жывыя, што вялікая хваля разбурэньняў прыйшлася на яшчэ ня вельмі аддалены хрушчоўскі пэрыяд, і усё гэта знаходзіцца ў жывой памяці непасрэдных сьведкаў. Звычайна кара выяўлялася ў выглядзе хваробаў ці няшчасных выпадкаў, якія здараліся з выканаўцам разбурэньня. Асаблівы акцэнт робіцца на зрываньні крыжоў з даху і скідваньне званоў. Такія сымбалічныя дзеяньні ўспрымаліся як найбольшы грэх. Пры гэтым, калі ў гісторыі вылучаецца нейкая адна найбольш адказная асоба, скажам, старшыня калгасу, часта прыежджы, які не баіцца ўзяць на душу такі грэх, то на яго распаўсюджваецца найбольшая кара, якая нярэдка пашыраецца і на ягоную сям’ю. Тут, умоўна кажучы, уключаецца прынцып «родавага праклёну», і дзеці таксама нясуць адказнасьць за зробленае бацькамі. Мы ведаем прыклады таго, як ініцыятыва разбурэньня храму байкатавалася на месцах, і людзі адстойвалі сваё. Думаю, сваё значэньне ў такіх выпадках мела і веда пра магчымасьць кары Божай для выканаўцаў. Таму гісторыі пра пакараньне маральна важныя ня толькі для дзяцей, але і для дарослых, якія таксама ўмеюць набіць сабе ґуз на лбе.

Гісторык Сяргей Грунтоў
Гісторык Сяргей Грунтоў

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG