Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд палічыў законным адлічэньне актывіста, які на маршы дармаедаў сфатаграфаваўся з Рымашэўскім


Мікіта Калачык

20-гадовы студэнт 4-га курсу МДЛУ Мікіта Калачык трапіў у навіны прыканцы зімы, калі яго аштрафавалі за ўдзел у «маршы недармаедаў». Доказам віны на тым працэсе стала ягонае фота з былым кандыдатам на прэзыдэнта Віталём Рамашэўскім.

«Пасьля суду за акцыю 17 лютага з боку адміністрацыі ўнівэрсытэту мяне пачалі пільна кантраляваць. Намякалі на тое, што я не давучуся, — расказаў Мікіта Свабодзе. — Я разумеў, што цяжкасьці будуць, але працягваў навучаньне».

У летнюю сэсію студэнт ня здаў дзьве дысцыпліны — прагматыку і краязнаўства. Вызначаны тэрмін пераздачы запазычнасьцяў — да канца верасьня, таму Мікіта спакойна зьехаў за мяжу. 25 верасьня па дарозе ў Беларусь ён даведаўся, што адлічаны.

Паводле падлікаў Мікіты, у яго яшчэ быў час на пераздачу. Таму ён палічыў адлічэньне незаконным і палітычна матываваным і падаў на МДЛУ ў суд.

Прадстаўнікі ўнівэрсытэту на працэсе патлумачылі, што пераздачы, на якіх мусіў быць Мікіта, адбываліся на пачатку верасьня. У канцы месяца пераздавалі ўжо тыя, хто ня змог здаць іспыты і з другога разу.

Бакі доўга спрачаліся адносна кодэксаў і ўнутраных правілаў распарадку, магчымасьцяў прыёму вялікай колькасці «даўжнікоў» адным настаўнікам у адзін дзень. У выніку судзьдзя Партызанскага раёну Менску Аляксандар Кочык прызнаў адлічэньне законным.

Мікіта Калачык плянуе абскардзіць гэтае рашэньне ў вышэйшых інстанцыях.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG