Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салігарчанка выпіла кактэйль з вадкім азотам і трапіла ў рэанімацыю


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Увечары 23 сьнежня ў адной з кавярняў Салігорску пасьля шоў-праграмы, у якой выкарыстоўваўся вадкі азот, наведніцы стала кепска —​ яе даставілі ў рэанімацыю ў цяжкім стане з прыкметамі тэрмічнага апёку, піша Сьледчы камітэт.

Сьледчыя распачалі крымінальную справу за «аказаньне паслугаў, што загадзя не адпавядаюць патрабаваньням бясьпекі і пацягнулі з прычыны неасьцярожнасьці цяжкія цялесныя пашкоджаньні» (ч.2 арт. 338 КК РБ). За гэта пагражае абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў ці пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Цяпер жанчыне аказваюць дапамогу мэдыкі. На месцы здарэньня сьледчыя ўзялі шэраг прадметаў на экспэртызу, у тым ліку для вызначэньня небясьпечных рэчываў.

Як перадае Onliner.by, у шоў-праграме выкарыстоўвалі кактэйлі з вадкім азотам — менавіта такі выпіла пацярпелая. Алькагольныя напоі, наліваючы ў іх азот, ахалоджвалі, а праз пэўны час дазвалялі выпіць наведнікам. Арганізатары сьцьвярджаюць, што іхны азот сэртыфікаваны, яны рабілі так ня раз – вадкі азот, кажуць яны, выпараецца за паўхвіліны, але яны дазвалялі піць кактэйлі толькі праз паўтары хвіліны. Цяпер затрыманы дырэктар шоў.

Ці менавіта вадкі азот (нейкая хімічная рэакцыя, пашырэньне азоту пры награваньні або нізкая тэмпэратура напою) стаў прычынай здарэньня, пакуль невядома.

Сам па сабе азот бясьпечны для чалавека пры звычайнай тэмпэратуры, ён складае большую частку атмасфэры Зямлі — паветра, якім дыхаюць людзі, складаецца з азоту на тры чвэрці. Пры нізкіх тэмпэратурах азот з газу ператвараецца ў вадкасьць, у звычайных умовах для гэтага трэба ахаладзіць яго да –195°C. Вадкі азот выкарыстоўваецца ў прамысловасьці, будаўніцтве і мэдыцыне, адкрыта прадаецца праз інтэрнэт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG