Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявіліся зьвесткі пра зьдзекі ў расейскім палоне з амэрыканца Габарда, якога выпусьціў Пуцін

"К нему был садистский интерес: "Что, пиндос, навоевался?" Издевательства над американцем в российской колонии для военнопленных "К нему был садистский интерес: "Что, пиндос, навоевался?" Издевательства над американцем в российской колонии для военнопленных
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Зьявіліся зьвесткі пра зьдзекі над амэрыканцам Хабардам, якога выпусьціў Пуцін, у расейскім палоне

Былы ўкраінскі ваеннапалонны журналіст Дзьмітры Хілюк расказаў, як расейцы зьдзекаваліся з амэрыканскага настаўніка Стывэна Габарда.

21 кастрычніка 2026 году Ўладзімір Пуцін вызваліў са зьняволеньня ў Расеі 74-гадовага грамадзяніна ЗША Стывэна Габарда.

Расейскія вайскоўцы ўзялі мужчыну ў палон у горадзе Ізюм Харкаўскай вобласьці Украіны ў красавіку 2022 году, неўзабаве пасьля акупацыі гэтага раёну Расеяй. У матэрыялах сьледзтва сказана, што Габард быў ваяўніком тэрытарыяльнай абароны Украіны. За гэта яго ў Расеі асудзілі на 6 гадоў і 10 месяцаў калёніі агульнага рэжыму ў справе аб найміцтве (ч. 3 арт. 359 Крымінальнага кодэксу РФ).

Сам Габард расказваў, што прыехаў ва Ўкраіну разам з жонкай Інай у 2014 годзе і выкладаў там ангельскую мову. Жончыны родныя сьцьвярджаюць, што прызнаньне ён зрабіў пад ціскам. Навіна аб вызваленьні пажылога амэрыканца зьявілася ў часе візыту ў Маскву спэцыяльнага пасланьніка Дональда Трампа Стыва Ўіткафа, які ў сувязі з гэтым назваў Уладзіміра Пуціна «вялікім гуманістам».

Пры гэтым, як расказваюць былыя ўкраінскія ваеннапалонныя, якіх трымалі разам з Габардам у расейскіх турмах і калёніях, з амэрыканца ў зьняволеньні жорстка зьдзекаваліся, білі яго і катавалі. На кадрах з суду мужчына відавочна дрэнна выглядае і ледзь стаіць на нагах.

Пра абыходжаньне з Габардам тэлеканалу «Настоящее время» расказаў украінскі журналіст Дзьмітры Хілюк, былы ваеннапалонны, вызвалены ў 2025 годзе ў выніку абмену.

Хілюка расейскія вайскоўцы затрымалі ў Кіеўскай вобласьці ў самым пачатку вайны, 3 сакавіка 2022 году. У сакавіку яго разам зь іншымі ўкраінскімі палоннымі вывезьлі ў калёнію ў Навазыбкаве Бранскай вобласьці недалёка ад мяжы з Украінай, дзе ён правёў каля двух гадоў.

«Там было горш за ўсё: нас дрэнна кармілі, мы галадалі, было вельмі холадна, ацяпленьне працавала дрэнна. Калёнія, у якой нас трымалі, не была падрыхтаваная да прыёму ваеннапалонных: там ішоў рамонт, не было вокнаў, камунікацыі былі ў дрэнным стане», — згадвае калёнію ў Навазыбкаве Дзьмітры Хілюк.

Што былы ваеннапалонны расказаў пра Стывэна Габарда

«Пра Стывэна я спачатку даведаўся завочна прыблізна ў 2022 годзе. Я заўважыў, што ў калідорах зьявіліся шмат новых палонных: іх прывозілі, білі падчас так званай „прыёмкі“, зьневажалі іх і зьдзекаваліся зь іх. І тады я пачуў, што сярод іх ёсьць іншаземец», — расказвае Хілюк.

Ён падкрэсьлівае, што ня быў сукамэрнікам Габарда, але чуў пра яго ад іншых украінскіх палонных.

«Не хачу сьцьвярджаць, што яго білі мацней за астатніх. Магчыма, фізычнага гвалту над ім нават было менш, бо ён чалавек ужо немалады. Але маральны ціск на яго аказвалі пастаянна», — кажа былы палонны.

«Падчас праверак нас усіх выводзілі ў калідор, і мы, стоячы ля дзьвярэй, маглі чуць, што адбываецца. Гэты чалавек (Габард) не гаварыў ні па-расейску, ні па-ўкраінску. І гэта выклікала нездаровую цікавасьць у ахоўнікаў. Яны хадзілі да яго нібы ў заапарк — паглядзець на нейкага незвычайнага зьвера, — згадвае Хілюк.— Маглі прыйсьці ня толькі вечарам ці раніцай, але і сярод дня. Абшуквалі яго камэру, крычалі, што там знаходзіцца амэрыканец, пагражалі яму».

«На праверках зь яго зьдзекаваліся: казалі яму нешта накшталт «Ну што, піндос, наваяваўся? Цяпер мы табе пакажам», — цытуе Хілюк пагрозы расейскіх ахоўнікаў.

«Таксама яго, як і ўсіх нас, прымушалі вучыць расейскі гімн і дакумэнт „Правілы паводзінаў зьняволеных і пералік іхных абавязкаў“, складзеныя на аснове расейскага заканадаўства. Стыў практычна не валодаў расейскай мовай, таму прымушаць яго вучыць усё гэта было для ахоўнікаў дадатковай нагодай пазьдзекавацца зь яго, — тлумачыць украінец. — Падчас праверак ахоўнікі прымушалі нас на памяць прамаўляць палажэньні і пункты адпаведных дакумэнтаў і пагражалі, што, калі амэрыканец ня вывучыць тое ці іншае правіла, наступствы будуць для ўсіх. Далей ішлі абразы і мацюкі».

Стывэн проста ня мог вывучыць усё гэта на чужой мове. Іншыя хлопцы заступаліся за яго, тлумачачы, што амэрыканцу цяжка запомніць правілы на расейскай, — кажа Дзьмітры Хілюк.

Ён асобна падкрэсьлівае, што ўважае за «ганьбу» тое, што спэцыяльны пасланьнік Трампа назваў Пуціна «гуманістам» у сувязі з вызваленьнем Габарда — менавіта з улікам таго, што давялося перажыць амэрыканцу ў расейскіх турмах.

«Яго проста выкралі, мучылі і катавалі ў палоне больш за чатыры гады. А потым усё гэта падаецца так, нібыта расейцы праявілі нейкую высакароднасьць», — мяркуе былы ваеннапалонны Дзьмітры Хілюк.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG