Выведнае падразьдзяленьне зь Іванаўскага злучэньня Паветрана-дэсантных войскаў Расеі сумесна з выведнікамі сіл спэцыяльных апэрацый Беларусі 3 – 5 красавіка праводзіць сумесныя вучэньні на тэрыторыі васьмі адміністрацыйных раёнаў Віцебскай вобласьці, перадае «Інтэрфакс».
Будуць праводзіцца выведна-пошукавыя дзеяньні на незнаёмай мясцовасьці з мэтай вызначэньня найбольш бясьпечных маршруту для вылучэньня асноўных сіл і сродкаў «саюзнай дэсанту».
«Паводле задумы вучэньня, выведгрупы павінны ацаніць і выявіць затопленыя і непраходныя ўчасткі мясцовасьці, вызначыць асноўныя шляхі абыходу па маршруце руху войскаў, выбраць найбольш прыдатную пляцоўку прызямленьня для дэсантаваньня парашутным спосабам дэсанту, забясьпечыць прыкрыцьцё дэсантнікаў зь зямлі», — растлумачылі ў расейскім ваенным ведамстве.
Пры выкананьні навучальна-баявой задачы выведнікам трэба будзе выявіць базавыя раёны засяроджваньня дывэрсійных груп праціўніка, сабраць і перадаць інфармацыю пры дапамозе бесьпілётных лётных апаратаў «Моск» на камандны пункт кіраваньня.
Сумесныя вучэньні праводзяцца ў адпаведнасьці з плянам міжнароднай дзейнасьці Мінабароны РФ на 2017 год. Актыўная фаза вучэньняў пройдзе з 3 па 5 красавіка на тэрыторыі некалькіх ваенных палігонаў Узброеных Сіл Беларусі.