Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джамалу не запрасілі на «Славянскі базар»


Джамала, фота ©Shutterstock
Джамала, фота ©Shutterstock

Расейская прэса паведамляе, што Джамале адмовілі ва ўдзеле, прадстаўнікі Джамалы — што яна і не плянавала ўдзелу, з прапановамі да яе не зьвярталіся.

Традыцыя запрашаць пераможцаў «Эўравізіі» на «Славянскі базар» не адновіцца сёлета: украінская сьпявачка Джамала ня будзе выступаць на беларускім фэстывалі.

Расейская прэса паведамляла, што беларускія арганізатары вялі перамовы з Джамалой, але ня здолелі задаволіць усіх яе патрабаваньняў, таму пастанавілі адмовіцца ад запрашэньня. PR-дырэктар Джамалы Дзяніс Казлоўскі заявіў Свабодзе, што сьпявачка не плянавала выступу на беларускім фэстывалі «Славянскі базар у Віцебску»:

«Да нас арганізатары гэтага фэстывалю не зьвярталіся ні зь якімі прапановамі, ні зь якімі запрашэньнямі. Упершыню пра гэта чую. Мы ня сочым за лёсам конкурсу і не плянавалі браць у ім удзел у якім-колечы статусе», — сказаў Дзяніс Казлоўскі.

Паводле творчых плянаў каманды, 8 ліпеня мае адбыцца канцэрт Джамалы ў Кіеве, 16 ліпеня — на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатру опэры і балету ў Адэсе, 20 ліпеня — у летнім тэатры Чарнігава і 24 ліпеня — у канцэртнай залі «Дзінтары» ў Юрмале (Латвія).

Намесьніца дырэктара фэстывалю «Славянскі базар» Юлія Вайлунава-Шынкевіч адмовілася ад камэнтароў Свабодзе, сказаўшы, што мае крыўду на СМІ, бо расейская прэса перакруціла яе словы — «паловы таго» яна не казала.

Славянскі базар мае прайсьці ў Віцебску 12–20 ліпеня. У першы дзень фэстывалю выступіць расейскі сьпявак Сяргей Лазараў, які заняў на сёлетняй «Эўравізіі» другое месца. На гала-канцэрце 15 чэрвеня разам зь Пятром Ялфімавым, Анжалікай Агурбаш, Інай Афанасьевай, гуртамі Navi, Napoli і іншымі выступіць Ivan, які прадстаўляў Беларусь на сёлетнім адборы на «Эўравізію», але не прайшоў у фінал.

Некалі пераможцаў «Эўравізіі» традыцыйна запрашалі на «Славянскі базар», але традыцыя перапынілася ў 2014 годзе (не запрасілі Канчыту Вурст) і не аднавілася ў 2015-м (не выступаў швэд Монс Сэльмэрлёў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG