Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацьцяна Беланогая: Калі жанчына бʼе словам, то трапляе ў самую сарцавіну


Тацьцяна Беланогая

28 песьняў на вершы Яўгеніі Янішчыц склалі новы альбом Тацьцяны Беланогай «Матылёк». Чым актуальная паэтка, жыцьцёвы шлях якой трагічна абарваўся дваццаць восем гадоў таму? Аўтарка альбому — госьцем перадачы.

— Тацьцяна, першую песьню на вершы Янішчыц вы напісалі яшчэ ў падлеткавым узросьце. Чым прывабіла вас яе творчасьць?

— Для мяне Яўгенія Янішчыц стала такім сюрпрызам лёсу. Калі я вучылася ў СШ № 6 у Маладэчне, мая маці выпісвала газэту «Переходный возраст». Там я і прачытала верш паэткі «Жораў ты, а я сініца». Я перажывала тады першае каханьне, і Янішчыц нібы стала маім голасам, выказьнікам маіх пачуцьцяў. Я прыдумала мэлёдыю да таго вершу і сьпявала паўсюль, у школе, у летніках. У нас жа як? Калі ў кампаніі даведваюцца, што хтосьці грае на гітары, адразу просяць засьпяваць. І я заўсёды сьпявала «Жораў ты, а я сініца». Усе ўражваліся і пыталіся: чый гэта верш.

— Альбом «Матылёк» — гэта амаль гадзіна гучаньня, 28 песьняў. Але ўсіх песьняў на вершы Янішчыц у вас каля паўсотні. Чаму ў альбом увайшла толькі палова?

— Сапраўды ў мяне шмат песень, але многія зь іх заслугоўваюць нашмат лепшай якасьці запісу і лепшага выкананьня. Я адэкватна ацэньваю свой узровень. Я не супэрмастак музычнага жанру, я аматар, і мне ня крыўдна выслухаць нейкія заўвагі. Я хачу расьці — і ў вакальным жанры, і ў музычным. А для гэтага трэба шмат працаваць. Таму песьні, якія не ўвайшлі ў альбом, нават па маіх аматарскіх крытэрах не праходзілі.

— «Зоры, як вершы Жэні Янішчыц, з суму і са сьвятла», — напісаў калісьці Рыгор Барадулін. А чаго там усё ж больш — сьвятла ці суму?

— Паэзія Янішчыц — як лякмусавая паперка для чалавека. Калі ў ім больш суму, ён бачыць там сум, а калі ў яго больш аптымізму і сьвятла, ён бачыць сьвятло. Калі я пісала свае песьні, ува мне было больш суму. А сёньня я бачу ў тых вершах больш сьвятла. Прызнаюся, да мяне гэтая паэтка прыйшла ў складаны для мяне пэрыяд, і мне хацелася знайсьці чалавека, які зразумеў бы мой сум. Янішчыц яго зразумела.

— Дык паміж вамі нейкі ўяўны дыялёг адбываўся?

— У мяне з усімі паэтамі ўяўны дыялёг адбываецца. Напрыклад, з Данутай Бічэль у мяне свой дыялёг. З Рыльке — свой. Чым людзей кранае паэзія Янішчыц? Калі ўжо жанчына бʼе словам, то трапляе ў самую сарцавіну. Янішчыц перажывала за стан беларускай мовы, за людзей — гараджанаў у першым пакаленьні, калі адбываецца перамена сьвядомасьці, калі людзі губляюць сябе, пераяжджаючы ў горад, страчваюць памяць, лад жыцьця. А ўсяго гэтага ні за якія грошы ня купіш. У яе вершах вельмі шмат разважаньняў на гэтыя тэмы.

— Я быў знаёмы з Яўгеніяй Янішчыц, але ніколі ня чуў, як яна чытае свае вершы. І вось дзякуючы вашаму альбому пачуў. Дзе вы адшукалі гэтыя запісы — некалькі дзясяткаў вершаў, прачытаных самой паэткай?

— Гэтыя запісы належаць Белтэлерадыёкампаніі. Я падпісвала зь ёю дамову. Гэта былі неабходныя дзеяньні, каб зрабіць усё па законе, каб ня ўзьніклі праблемы. Я з павагай стаўлюся да Андрэя Янішчыца, сына паэткі, які вельмі шмат мне дапамагаў. На дыску прадстаўленыя таксама падрадковыя пераклады шаснаццаці вершаў Янішчыц на ангельскую мову, якія зрабіла цудоўная паэтка і перакладчыца Вольга Гапеева. Ёсьць на дыску і акорды. Яшчэ мы зрабілі невялікі відэашэраг з фотаздымкаў Янішчыц пад музыку. Энэргетычна гэты дыск нам вельмі цяжка даваўся, над ім шчыравала вялікая колькасьць людзей. Я хачу падзякаваць кампаніі «Будзьма беларусамі» і асабіста Алене Макоўскай і Ніне Шыдлоўскай за падтрымку. Хачу сказаць вялікі дзякуй мастаку Міхалу Анемпадыставу і мовазнаўцу сьветлай памяці Зьмітру Саўку, які, на жаль, не пабачыў вынікаў нашай сумеснай працы. Я вельмі радая, што ўсё атрымалася.

— На радзіме Яўгеніі Янішчыц, у вёсцы Парэчча на Піншчыне, ёсьць яе музэй, які сабрала і якім апякуецца надзвычай сьветлы чалавек Антаніна Сідарук. Ці былі вы ў тым музэі?

— Так, была. Неяк сабралася і паехала адмыслова, каб пазнаёміцца са спадарыняй Антанінай. У музэі якраз знаходзілася грамада школьнікаў, я зладзіла ім канцэрт, а потым мы паехалі да іх у школу і яшчэ адзін канцэрт зладзілі. У тых мясьцінах варта пабываць, каб адчуць зашыфраванае пасланьне нам.

Яўгенія Янішчыц
Яўгенія Янішчыц

— Напісаўшы 50 песьняў на вершы Янішчыц, вы, відаць, зьвярнулі ўвагу на некаторыя моманты яе біяграфіі. Прага, 1968 год, звальненьне мужа Сяргея Панізьніка з войска — за салідарнасьць з чэхамі, яго беспрацоўе. Усё гэта не магло не адбіцца на душэўным стане паэткі...

— Калі я пачынала працу над альбомам, мне хацелася як мага больш даведацца пра Янішчыц. Я адмыслова паехала ў Горадню да Дануты Бічэль, паколькі яны сябравалі. Думалася, што мы сядзем і будзем размаўляць пра Янішчыц. Але пра яе мы гутарылі толькі з паўхвіліны, а потым чамусьці пачалі пра сваё. Потым я пазнаёмілася зь Нінай Загорскай, мы дамовіліся сустрэцца з той самай мэтай. Ніна Сымонаўна прыйшла, але мы сталі чамусьці размаўляць пра царкву, пра ўсё на сьвеце, толькі не пра Янішчыц. Потым я пазнаёмілася з Андрэем Янішчыцам, зь літаратуразнаўцай Сьвятланай Калядка (яна цяпер складае пяцітомнік Янішчыц) — і мне ніхто нічога ня мог расказаць. Я не магла даўмецца, як так? Сазвоньваюся, шукаю людзей, сустракаемся — вынік нулявы. Урэшце я зразумела, што гэтая тэма для мяне чамусьці і кімсьці закрытая, і супакоілася.

— Яўгенію Янішчыц больш ведаюць як лірыка. Але ў яе нямала вершаў грамадзянскага гучаньня, пратэстных. Напрыклад: «Горка на чарнобыльскім Палесьсі, / хоць зьбірай майно на Калыму. / Наступіць на горла ўласнай песьні? / А за што, прабачце, і чаму?» Нехта ж прымушаў наступаць... Ці быў у паэткі свой чорны чалавек?

— І для мяне Янішчыц ня толькі лірык, але і бунтарка, яна падымала вельмі вострыя тэмы. Прачытайце верш «Мэрлін Манро» — там вобраз матылька, летуценьніцы, але якая ранімая ў яе душа! І ніхто не паспрабаваў разабрацца, што ў той душы адбывалася. Тое самае было і зь Янішчыц. Мы ведаем зьнешнюю абалонку, павярхоўны партрэт паэткі. А псыхалягічны партрэт чалавека складаецца аналітыкамі і псыхолягамі. Каб у нас былі такія спэцыялісты, мы маглі б больш сказаць пра Янішчыц. Ці быў у яе чорны чалавек? Калі любы творца выходзіць на высокі ўзровень, на яго пачынаюць нападаць цёмныя сілы. Я ў гэтым перакананая. «Таленавіты — значыць небясьпечны», — сказана ў адным зь вершаў Янішчыц. І вядомая формула паэткі «Пачынаецца ўсё зь любві» — гэта як адказ цёмным сілам.

— На жаль, пра Яўгенію Янішчыц сёньня мала ўспамінаюць. Чаму мы сёньня мусім чытаць яе кнігі і слухаць альбом «Матылёк»?

— Калі я была ў Вене, то паўсюль бачыла выявы Моцарта. Калі нехта прыяжджае ў Беларусь, ён мусіць ведаць пра нашы вяршыні. Яўгенія Янішчыц — гэта вяршыня, і таму яе творчасьць трэба ведаць.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG