Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навагоднія ялінкі ў Менску і ў суседніх сталіцах: параўноўваем. ФОТА


Галоўная ялінка Вільні

Пакуль па байнэце разьлятаюцца фоты «брутальнай» ялінкі ў Навабеліцах, сабранай з футбольнага газону, англамоўны інтэрнэт захапляецца віленскай каляднай ілюмінацыяй.

Менск

Галоўную ялінку Беларусі на менскай Кастрычніцкай плошчы пачалі зьбіраць яшчэ ў лістападзе — на мэталічны каркас чаплялі штучную хвою. «Запалілі» ілюмінацыю 14 сьнежня. Побач зь ялінкай усталявалі вялізны шар зь гірляндаў, а таксама адкрылі невялічкі кірмаш.

Варшава

У сталіцы Польшчы галоўную ялінку запалілі яшчэ 9 сьнежня. На ілюмінацыю на Замкавай плошчы Варшавы і ў цэнтры гораду пайшло 20 км гірляндаў.

Вільня

Мяркуючы па згадках у англамоўным інтэрнэце, у спаборніцтве ялінак сёлета перамагла Вільня — калі пішуць пра тамтэйшую ялінку, найчасьцей ужываюць слова «spectacular» — «захапляльная».​

Кіеў

Галоўная ялінка Ўкраіны ўсталяваная на Сафійскай плошчы Кіева. Яна не «мясцовая» — 28-мясцовае дрэва даставілі з Івана-Франкоўскай вобласьці, але празь сьнегапады дастаўку затрымалі, а на ўезьдзе ў сталіцу ялінку прапусьцілі не адразу праз заторы на дарогах. Але ўрэшце ялінку адкрылі 19 сьнежня зь вялікім сьвяточным канцэртам — цяпер яна сьвеціцца ўсімі колерамі вясёлкі.

Кракаў

Хіба ня больш фота, чым з Варшавы, турысты публікуюць з Галоўнага рынку польскага Кракава: там калядная ялінка ў атачэньні конных карэтаў, таксама падсьветленых каляднай ілюмінацыяй.

Львоў

А ва ўкраінскім Львове гарадзкія ўлады не куплялі ялінку, а атрымалі яе ў падарунак ад мясцовай жыхаркі. На ялінку каля Опэрнага тэатру спэцыяльна не надзявалі цацак, а абмежаваліся гірляндай і «гарой падарункаў» пад ёй.

Масква (яшчэ не гатова)

Галоўную ялінку Расеі толькі два дні таму ўсталявалі на Саборнай плошчы маскоўскага Крамля, яе выбірала «камісія ў складзе спэцыялістаў са сфэраў лясной гаспадаркі і транспарту, дзеячоў культуры і мастацтва». Пакуль яе яшчэ не ўпрыгожылі, але навагоднія дэкарацыі на Краснай плошчы ўжо гатовыя.

Санкт-Пецярбург

Пецярбурская навагодняя ялінка на Палацавай плошчы, бясспрэчна, прыцягнула шмат увагі мясцовых і турыстаў, але значна больш расейцаў сёлета зьдзівіла піцерская «велікодная ялінка». Нехта паставіў паўнавартасную навагоднюю ялінку каля аднаго з гандлёвых цэнтраў 15 красавіка (гэта не памылка друку).

Рыга

Галоўная ялінка Латвіі выглядае сьціплай на фоне велічнай рыскай архітэктуры і кірмашу на Ратушнай плошчы, але латвійцы сьцьвярджаюць, што іхная традыцыя ўсталёўваць ялінкі ў цэнтры гораду — найстарэйшая ў сьвеце. У 2010 годзе рыжане спраўлялі 500-годзьдзе гэтай традыцыі.

Талін

Эстонцы ня робяць гучных заяваў пра якасьць каляднай ілюмінацыі ці найдаўнейшыя традыцыі, але Талін часта згадваюць на турыстычных сайтаў як адно з найлепшых месцаў Эўропы для калядных вандровак праз тое, што адбываецца вакол галоўнай ялінкі. На Ратушнай плошчы Таліна традыцыйна ладзіцца калядны кірмаш, на якім прадаюць ня столькі сувэніры, колькі шмат відаў ґлёґу — цёплага віна з разнастайнымі спэцыямі.

Гістарычная, экалягічная, «футбольная»: як выглядаюць навагоднія ялінкі ў рэгіёнах Беларусі

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG