Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» адказаў чытачам, чаму «падтрымлівае БНФ»


Павал Якубовіч, архіўнае фота
Павал Якубовіч, архіўнае фота

У аглядзе лістоў чытачоў галоўны рэдактар дзяржаўнай газэты «Советская Белоруссия» («СБ. Беларусь сегодня») Павал Якубовіч адказаў на пытаньне чытача, чаму «вырашыў дапамагаць матэрыяльна» Партыі БНФ.

Чытач сьцьвярджаў, што ў 1990-х нібыта БНФ «рэклямавала выселіць усіх расейцаў» і «не зьмяніла прынцыповай пазыцыі», а таксама, што калі б БНФ прыйшла да ўлады, «было б нашмат горш, чым цяпер ва Ўкраіне».

Падтрымаў гібрыдна і не зусім БНФ

Верагодна, пытаньне тычылася выказваньня Паўла Якубовіча ў перадачы «Клюб рэдактароў» на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» пра тое, што дзяржава мусіць падтрымліваць партыі, што «трансьлююць дастаткова ляяльныя, дастаткова сталыя і зусім не антыдзяржаўныя думкі», бо яны ня мусяць «залазіць у кішэню замежным спонсарам». Тады ж ён падкрэсьліваў, што яго «нельга залічваць да прыхільнікаў БНФ». Пра тое, што ён сам «дапамагае матэрыяльна» партыі БНФ, Якубовіч не казаў.

У адказе чытачу Якубовіч сумняваецца, што нехта ў БНФ у 1990-х выказваў ідэю «выселіць усіх расейцаў», але раскрытыкаваў тагачаснага кіраўніка БНФ Зянона Пазьняка — яму, маўляў, «ускружыла мазгі» тое, як у Менску «лёгка» зьмянілася ўлада пасьля распаду СССР, а «БНФ тады прымроілася, што яны прыкурваюць ад сонца».

Зянон Пазьняк, архіўнае фота
Зянон Пазьняк, архіўнае фота

Якубовіч заявіў, што пасьля артыкулу Пазьняка «Пра расейскі імпэрыялізм і яго небясьпеку» (копія на сайце «Нашай Нівы») «дабрадушныя і ня схільныя да русафобіі грамадзяне паставілі на ім у душы тоўсты крыж».

«Чортаў тузін» фактаў пра БНФ, якія ўсе ведалі, але, магчыма, ужо забыліся

Але Якубовіч растлумачыў, што быў «прыемна зьдзіўлены, калі даведаўся, што сёньняшні БНФ бедны як царкоўная мыш» (з рэмаркай «толькі бяз крыўдаў»), бо існуе на сяброўскія ўнёскі, а не дапамогу мясцовых і замежных спонсараў, як АГП і сацыял-дэмакраты (БНФ сапраўды прызнавалі, што ў «партыйнай касе» па выніках году не засталося амаль нічога, АГП і сацыял-дэмакраты пра замежную фінансавую падтрымку не заяўлялі). Якубовіч заявіў, што ягонае стаўленьне да БНФ «перажыла пэўную трансфармацыю», але дадаў, што ня ўпэўнены, што «чорнага сабаку можна адмыць дабяла».

«У Беларусі няма ворагаў беларускага народу»

У іншым лісьце чытач заяўляў, што «ўсе нацыяналістычныя партыі — ворагі народу Беларусі», таму пытаў, хто ім павінен тады прастаўляць дапамогу. Якубовіч на гэта адказаў, што не хацеў бы ўвогуле чуць такія словы, як «ворагі народу», бо іх трэба пакінуць «змрочным пэрыядам нашай гісторыі», бо яны прыводзяць да дзеяньняў, ад якіх «зьяўляюцца Курапаты».

Кіраўнік БТ: «Мне не спадабалася параўнаньне з разынкамі. Я думаю, з булкі тараканаў трэба выкалупваць»

«Думаю, што ў нас у Беларусі няма ворагаў беларускага народу, проста ёсьць розныя людзі, — разважае Якубовіч. — Некаторых зь іх асабіста я не люблю і нават пагарджаю, але „ворагамі народу“ ўсё роўна не лічу. Хоць бы таму, што яны частка нашага народу, і калі я буду заахвочваць такую тэрміналёгію, дык што перашкодзіць нязгодным са мной таксама прышпіліць мне цэтлік „ворага“? І што далей? Брацца за дубіны? Не, гэта ня наш шлях».

Але Якубовіч дадаў: некаторыя партыі «жывуць выключна для сябе і радуюцца», і гэтыя партыі ён не прапануе фінансаваць зь дзяржаўнага бюджэту.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG