Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тут свая хата»: як у 88-гадовым веку жыць у самоце ў пустой вёсцы


Жыхар вёскі Зыбайлы Івацэвіцкага раёну Васіль Нікіціч

Вёска Зыбайлы ўсяго за 10 кілямэтраў ад гораду Івацэвічы на Берасьцейшчыне. Спаленая нацыстамі і адроджаная наноў пасьля вайны, вёска цяпер памірае — тут засталося ўсяго два жыхары.

Цяпер аўтакрама прыяжджае ў акружаную лясамі вёску Зыбайлы толькі два разы на тыдзень замест трох. Нават прыдарожнага знаку з назвай вёскі тут няма — прыежджых сустракае толькі крыж, убраны ручнікамі.

Жыве тут двое пэнсіянэраў. Прычым адзін зь іх, Васіль Нікіціч, нават у свае 88 ня хоча зьяжджаць у горад да дзяцей.

«Так вось і сяджу. Унучка ўсё ў горад запрашае забраць. Ну але што я там сядзець буду? Яна на працу пойдзе — і сядзі ў той хаце. Ды там чужое месца! А тут усё сваё, свая хата. Прывыкшы. Пакуль маразоў ня будзе, нікуды я не пайду», — кажа Васіль Ігнатавіч.

Прыдарожны крыж на ўезьдзе ў Зыбайлы
Прыдарожны крыж на ўезьдзе ў Зыбайлы

Пярэчым, кажам, што ў горадзе ж хоць пагаварыць было б з кім.

«Ну вось паеду я да ўнучкі, а з кім я там буду гаварыць? Яна раніцай пойдзе на працу і прыйдзе ў шэсьць. То тут усё ж лепей, дома».

Васіль Нікіціч прыгадвае, што раней у вёсцы было шмат людзей, на вуліцах стаяў гоман, сьпявалі песьні. Суразмоўца мяркуе, што людзі цяпер зьмяніліся — раней жа яны жылі «бліжэй адзін да другога», хадзілі «на вячоркі» ды проста пагаварыць.

Пакінутая хата ў Зыбайлах
Пакінутая хата ў Зыбайлах

«Раней выйдзі на двор — тут сьпяваюць, там сьпяваюць. А сёньня глуха ўсюды. Дый у горадзе глуха — адзін да другога ня ходзяць, хіба на вуліцы дзесьці сустрэнуцца», — кажа Васіль Нікіціч.

Суразмоўца скардзіцца на часты галаўны боль, кажа, што часам яму цяжка нават падняцца з ложка. Тэлевізар, кажа пэнсіянэр, амаль перастаў глядзець, бо апошнім часам шмат забаўляльных перадач з гучнымі песьнямі, якія з галаўным болем цяжка глядзець.

Чэргаў да аўтакрамы тут ня бывае. Яна прыяжджае ў Зыбайлы двойчы на тыдзень толькі на 15 хвілін
Чэргаў да аўтакрамы тут ня бывае. Яна прыяжджае ў Зыбайлы двойчы на тыдзень толькі на 15 хвілін

Прайшоўшы па Зыбайлах, бачыш дзясятак пустых хат. Некаторыя зусім закінутыя і пакрысе разбураюцца. У цэнтры вёскі — помнік загінулым у вайну жыхарам.

Трагічная гісторыя і цьмяная будучыня

Гісторыя Зыбайлаў трагічная. У 1942 годзе ў часе карнай апэрацыі «Балотная ліхаманка» вёску спалілі нацысты. Тут быў партызанскі край, і, палячы вёску, акупанты помсьцілі жыхарам за дапамогу партызанам. Тым ня меней, у адрозьненьне ад іншых вёсак, пасьля вайны жыхары яе аднавілі.

Помнік у Зыбайлах нагадвае, што ў час карнай апэрацыі нацысты забілі тут 200 чалавек
Помнік у Зыбайлах нагадвае, што ў час карнай апэрацыі нацысты забілі тут 200 чалавек

Аднак цяпер, кажа Васіль Нікіціч, вёска памірае, і пэрспэктываў яе адраджэньня ён ня бачыць.

«Старыя папаміралі, а маладыя зьяжджаюць... Адзін пляменьнік тут маладзейшы за мяне, толькі на пэнсію пайшоў. І больш няма тут нікога. Вёскі ўсе аджываюць... І Яблонцы (суседняя вёска. — РС) гадоў 15 засталося», — пэсымістычна кажа Васіль Нікіціч.

З маладзейшым пляменьнікам Васіля Нікіціча пагаварыць не ўдалося. Спадар Васіль жартуе, што ў выпадку, калі давядзецца зьехаць у люты мароз да ўнукаў, прыйдзецца яго пляменьніку «аднаму тут вёску вартаваць».

Пры разьвітаньні з Васілём Нікіцічам яшчэ выразьней разумееш, што вёсцы сапраўды мала засталося.

«Ой, ня трэба!» — адказвае спадар Васіль на разьвітальнае пажаданьне жыць сто гадоў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG