Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Павал Вусаў мяняе прафэсію


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Вядомы палітоляг Павал Вусаў на сайце «Беларускі партызан» апублікаваў артыкул, які знамянальны тым, што адлюстроўвае пэўныя вельмі важныя настроі ў дэмакратычным асяродзьдзі. Ён тычыцца старой тэмы ўдзелу (ці няўдзелу) апазыцыі ў лукашэнкаўскіх выбарах. Гэтай праблеме роўна столькі часу, колькі, уласна, існуе сам рэжым. Ужо два дзясяткі гадоў ідуць спрэчкі, ці варта ўдзельнічаць у недэмакратычных выбарах. Здаецца, ужо шмат разоў выказаны ўсе аргумэнты «за» і «супраць». Але здараецца чарговая выбарчая кампанія, і ўсе спрэчкі пачынаюцца другім наваратам.

Але нават на тле ўсіх дыскусіяў артыкул Паўла Вусава вызначаецца сваёй катэгарычнасьцю і маральнай рыгіднасьцю. Ён абрынуўся на апазыцыю, якая ўдзельнічае ў выбарах, з усім імпэтам рэлігійнага прапаведніка. На ягоную думку, такія паводзіны апанэнтаў рэжыму — абсалютнае зло, «хлусьня і крывадушнасьць».

Ён абвінавачвае апазыцыю ў намеры шукаць кампраміс з рэжымам і прыходзіць да катэгарычнай высновы: «Рознага роду палітычныя прайдзісьветы і рэнэгаты даўно выціснулі з апазыцыйных структур прынцыповых і сумленных людзей». Не сказаў бы, што гэта зусім нешта новае. Заявы наконт таго, што ўся беларуская апазыцыя кіруецца КДБ, ня раз гучалі з вуснаў асобных эмігранцкіх палітыкаў.

Больш за тое, сваю пазыцыю Павал Вусаў гатовы зрабіць нейкім маральным індыкатарам, маркерам грамадзянскасьці, паводле якой трэба ацэньваць усіх экспэртаў і прадстаўнікоў мэдыяў. Ён піша: «Я думаю, што гэтая задача кожнага журналіста, публіцыста і аналітыка — змагацца з хлусьнёй, якой бы праўдай яна ні імкнулася здавацца. Толькі так можна стварыць умовы для рэальных палітычных зьменаў у краіне».

Павал Вусаў
Павал Вусаў

Я цяпер не зьбіраюся палемізаваць на тэму, ці трэба апазыцыі ўдзельнічаць у несвабодных выбарах. Мяне больш зачапіла сама мэтадалёгія ацэнак дзейнасьці палітычных арганізацыяў і нават СМІ, той пункт гледжаньня, зь якога сп. Вусаў глядзіць на сытуацыю і зьбіраецца судзіць усіх удзельнікаў грамадзкага працэсу.

Як можна зразумець, аўтар дае сваю катэгарычную ацэнку беларускай апазыцыі з маральнага гледзішча. Галоўны ягоны пастулят палягае ў наступным: удзел у выбарах — гэта амаральна, беспрынцыпова, гэта хлусьня і крывадушнасьць.

Першае пытаньне, якое ўзьнікае: наколькі ўвогуле маральна вучыць беларусаў прынцыповасьці, бескампраміснасьці, жорсткасьці і ахвярнасьці ў змаганьні з дыктатурай, знаходзячыся за мяжой? Можа, было б і некарэктна так ставіць пытаньне. Але, здаецца, гэта стала тэндэнцыяй, што найбольш гучныя заклікі да прынцыповасьці і бескампраміснасьці даносяцца чамусьці менавіта з колаў эміграцыі.

Аднак больш важная іншая праблема. Мараль займае важнае месца ў палітычным жыцьці. Але ўсё ж мараль і палітыка існуюць у розных плашчынях. Яны часта перасякаюцца, але ніколі цалкам не супадаюць. Маральныя пропаведзі робяць у цэрквах, гэта іх роля. Я гавару відавочныя рэчы, якія вучаць студэнты на першым курсе факультэтаў паліталёгіі. Калі да маральнасьці ў палітыцы апэлюе журналіст, публіцыст — гэта зразумела. Але калі прафэсійны палітоляг патрабуе падмяніць палітыку маральлю, то тут можна толькі разьвесьці рукамі.

Калі прафэсійны палітоляг патрабуе падмяніць палітыку маральлю, то тут можна толькі разьвесьці рукамі

Вось Павал Вусаў папракае апазыцыю ў тым, што тая імкнецца шукаць кампраміс з уладай. З вуснаў палітоляга абвінавачаньне дзіўнае. Бо палітыкі без кампрамісаў не бывае. Больш за тое, пошук мэханізмаў улагоджваньня розных сацыяльных інтарэсаў — гэта адна з галоўных функцыяў палітыкі. Беcкампрамісная палітыка ў любой краіне ў любую эпоху — гэта пэрманэнтная грамадзянская вайна. Ёсьць розныя азначэньні панятку «палітыка». Мне падабаецца такое: палітыка — гэта мастацтва разьмену.

Праблема Беларусі ня ў тым, што апазыцыя ня супраць кампрамісу з уладай. Праблема ў тым, што ўлада ня хоча ніякага сурʼёзнага, рэальнага кампрамісу. Таму ўдзел ці няўдзел апазыцыі ў недэмакратычных выбарах — гэта пытаньне не маралі, а палітычнай мэтазгоднасьці. А ўвогуле прыкра, калі экспэрт мяняе прафэсію, ператвараецца ў маральнага прапаведніка і судзьдзю над палітычнымі грэшнікамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG