Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вядома, Лукашэнка загадаў да 1 траўня працаўладкаваць усіх, хто не працуе. І чыноўнікі даюць справаздачу, што заданьне выкананае. Міністар працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч адрапартавала: «Мы дайшлі да кожнага чалавека. За красавік працаўладкавалі больш за 85 тысяч чалавек. Хто хацеў, то, вядома, быў працаўладкаваны». То бок цяпер у краіне калі і ёсьць беспрацоўныя, то па сваёй віне — тыя, хто сам ня хоча працаваць. Усё гэта было б сьмешна, калі б не было так сумна.

Загад Лукашэнкі аб усеагульным працаўладкаваньні — гэта рэакцыя на шырокія пратэсты «недармаедаў». Яны высьвецілі рэальныя праблемы, якія існуюць у краіне. Раптам, нечакана для палітычнага кіраўніцтва, выявілася, што ў рэгіёнах галоўнае пытаньне — гэта не заробкі, а адсутнасьць працы. І Лукашэнка зрэагаваў адзіным чынам, які ён ведае і разумее: даручыў чыноўнікам вырашыць праблему адміністратыўным шляхам.

Увогуле ўся гэтая фарсавая гісторыя з усеагульным працаўладкаваньнем мае глыбейшы, нават сьветапоглядны падмурак. У таталітарнай культуры і традыцыі, да якой належыць Лукашэнка, існуе культ працы. Там яна — не эканамічная катэгорыя, ня тая сфэра дзейнасьці, якая павінна прыносіць эфэкт, прыбытак. Таму кіраўнік дзяржавы забараняе банкруціць нерэнтабэльныя прадпрыемствы. І яго мала хвалюе, што дзяржаўныя сродкі ўкладаюцца ў зусім правальныя з эканамічнага гледзішча праекты, як, напрыклад, АЭС. То бок, праца — дзеля працы. Лішне казаць, што такое ўяўленьне ня мае ніякага дачыненьня да рынкавай эканомікі.

Для Лукашэнкі праца — гэта катэгорыя, хутчэй, палітычная. Яна выконвае іншыя функцыі. Узгадаем, як Лукашэнка тлумачыў прычыны зьяўленьня дэкрэту аб дармаедах. Ён казаў, што гэта дэкрэт не эканамічны, а ідэалягічны, маральны. У недэмакратычнай краіне чалавек павінен працаваць не на сябе, а на дзяржаву, Радзіму. Гэта ў пэўным сэнсе сродак кансалідацыі грамадзтва. Таму надалей захоўваецца такі рудымэнт савецкага часу, як суботнік. І дзеля захаваньня ўсеагульнай занятасьці абавязкова павінна быць дамінаваньне дзяржаўнай уласнасьці ў эканоміцы. Ад пачатку фармаваньня аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі дзейны кіраўнік патрабаваў не звальняць работнікаў зь дзяржпрадпрыемстваў.

У беларускай сацыяльнай мадэлі субʼекты гаспадараньня выконваюць ня толькі эканамічную функцыю. Яны адначасова і субʼекты палітыкі, інструмэнты палітычнага кантролю за грамадзянамі, за палітычнай добранадзейнасьцю супрацоўнікаў. Нагадаю, у кожным працоўным калектыве існуе, няхай сабе і фармальна, намесьнік кіраўніка па ідэалёгіі.

У сыстэме, у якой дзяржава імкнецца кантраляваць усё і ўсіх, паўмільёна працаздольных людзей, якія не працуюць, — гэта нонсэнс

У сыстэме, у якой дзяржава імкнецца кантраляваць усё і ўсіх, паўмільёна працаздольных людзей, якія не працуюць, — гэта нонсэнс. Таму ў нядаўнім пасланьні Нацыянальнаму сходу Лукашэнка яшчэ раз падкрэсьліў, што трэба ўсіх прымусіць працаваць, бо чалавек бяз працы — гэта патэнцыйны злачынца. Выступаючы 9 сакавіка ў Магілёве, кіраўнік дзяржавы растлумачыў, як дасягнуць усеагульнай занятасьці. Паводле яго слоў, у Менску часам на работах па добраўпарадкаваньні тэрыторыі задзейнічана дарагая тэхніка, эксплюатацыйныя і амартызацыйныя выдаткі на якую значна перавышаюць кошт ручной працы. Таму трэба тэхніку замяніць людзьмі. Яны павінны «фарбаваць, прыбіраць тэрыторыю, капаць, вазіць, насіць і іншае».

Прычым, што цікава, пад працай Лукашэнка разумее ў асноўным фізычную працу. Тут ужо ўплываюць уласныя ўяўленьні кіраўніка Беларусі, ягоны сьветапогляд чалавека з патрыярхальнай культуры. Ён сам у вольны час у сваёй рэзыдэнцыі косіць траву, вырошчвае кавуны і бульбу, гадуе свойскую жывёлу і іншае. І падчас суботніку тэлебачаньне паказвае, як ён займаецца не сваёй непасрэднай прэзыдэнцкай працай, а нешта будуе, мяшае бэтон ці носіць бервяно. Лукашэнка працягвае жыць у сваёй эпосе.

Што да выкананьня загаду аб ліквідацыі беспрацоўя, то ён рэалізуецца, як звычайна, у выглядзе паказухі. Паводле дадзеных Белстату, за студзень-сакавік 2017 году было прынята на працу на 11 048 чалавек менш, чым звольнена — 136 505 супраць 125 457. Таму лічбы, якія прывяла Ірына Касьцевіч, нейкія штучныя. Каля чвэрці прапаноў наймальнікаў, якія разьмешчаныя ў банку вакансій, — з заробкам на ўзроўні «мінімалкі» і меней. Зразумела, шмат людзей ад такіх прапаноў адмаўляюцца. Ці вось Ільля Дабратвор расказаў забаўную гісторыю пра тое, як ён 1 траўня быў працаўладкаваны, а 2 траўня — звольнены.

Усе гэтыя рапарты і справаздачы сьведчаць пра пэўную неадэкватнасьць улады. Бо толькі раздражняюць людзей.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG