Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галяндзкая прэса: менскіх айцішнікаў не турбуе дыктатура


Бюст Уладзіміра Леніна ў Менску, ілюстрацыйнае фота

Беларускіх ІТ-спэцыялістаў ня надта турбуе дыктатура, для іх важна заваяваць сьвет, піша галяндзкае выданьне Trouw. Публікацыю на гэтую тэму зьмясьцілі і бэльгійскія выданьні.

Чатыры прапэлеры «нясуць» дрон. Ён ляціць пад стольлю і не апускаецца ніжэй прызначанай вышыні. Нарэшце бесьпілётнік акуратна прыпаркоўваецца на пасадачнай паласе памерам з канапу. Выпрабаваньні лятальнага апарата-бесьпілётніка праходзяць у падвале аднаго з прыватных дамоў пад Менскам.

У памяшканьні дзесяць-пятнаццаць хлопцаў і адна дзяўчына. Адны важдаюцца з правадамі і сьвердлам, другія, хто за кампутарам, цалкам паглыбіліся ў праграму маляваньня. Распрацоўнік апарата — Уладзімер Давыдаў, франтаваты малады чалавек з падстрыжанай бародкай і ў швэдры са словам Dronex.

Dronex — гэта так званы хардвэрны стартап, праект, закліканы замяніць кур'ераў-людзей бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі, якія будуць дастаўляць набытыя ў інтэрнэт-краме тавары проста ў вокны кватэраў кліентаў. Усё гэта разоў у дзесяць таньней і разоў у сто хутчэй за звычайных кур'ераў. Да таго ж гэта бясьпечны праект, які дзякуючы ўнікальнай форме крыла апарата гарантуе павольнае зьніжэньне ды прызямленьне робата. Стартап ужо мае сваіх інвэстараў з Расеі і ЗША і ўжо запушчаны ў адной з эўрапейскіх краін. Яе назву Давыдаў пакуль не агучвае.

Штогод унівэрсытэты Беларусі заканчваюць 20 тысяч тэхнічных спэцыялістаў

Дыктатура гэта ці не, але параўнальна невялікая Беларусь паступова разьвіваецца і мае вельмі някепскую стартап-супольнасьць, піша бэльгійскае выданьне.

У свой час у Менску былі распрацаваныя мэсэнджэр Viber, кампутарная гульня «Сьвет танкаў», якая налічвае больш за сто мільёнаў гульцоў і іншае.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як вынікае з публікацыяў у нідэрляндзкіх ды бэльгійскіх выданьнях, важным фактарам беларускага посьпеху зьяўляецца даволі вялікая колькасьць ІТ-адмыслоўцаў. Штогод мясцовыя ўнівэрсытэты заканчваюць каля 20 тысяч тэхнічных спэцыялістаў. Акрамя таго, былая савецкая рэспубліка мае старыя добрыя і слаўныя традыцыі ў галіне праграмаваньня.

«Нашаму галоўнаму бліскучаму спэцыялісту ў аэрадынаміцы 86 гадоў, — з гонарам кажа Давыдаў. — Ён калісьці працаваў са спадарожнікам, які зрабіў першыя здымкі Месяца».

Аднак прадпрымальніцтва ня ёсьць тое, што можа разьвівацца ва ўмовах аўтарытарнай эканомікі, мяркуе Глеб Рубінаў, менскі аналітык і стартап-кансультант.

«Такія віды бізнэсу — як кветкі, якія квітнеюць паміж брукам. У тэхнічным пляне — гэта ОК, але рынкавыя ўмовы абсалютна кепскія, да таго ж Беларусь мае кафкіянскую сыстэму падаткаабкладаньня, з правіламі, якія датуюцца савецкай эпохай і працуюць адно супраць другога. Пры падобнай сыстэме кожная памылка можа стаць фатальнай. Чалавек проста апынецца за кратамі, калі нешта ня так», — кажа ён.

Пасьпяховыя брэнды сыходзяць за мяжу

Кампанія Wargaming, якая стаіць за праектам «Сьвет танкаў», цяпер базуецца на Кіпры. Viber (ізраільская кампанія — РС) быў амаль за мільярд даляраў прададзены японскай фірме.

«Тым ня менш, калі ўсё рабіць разумна, ты можаш атрымаць і ад сваіх, і ад чужых, — лічыць вынаходнік дронаў Уладзімер Давыдаў. — Калі б я пачаў працаваць у такой краіне, як, напрыклад, Нідэрлянды, я б са сваімі дронамі змог трапіць на рынак яшчэ раней, аднак, з другога боку, пры высокіх выдатках на абсталяваньне і пэрсанал я б ніколі ня змог распрацаваць такі зусім новы тып транспартнага сродку».

Таму Давыдаў хоча выйсьці на рынак Эўропы, але працягвае вырабляць свае апараты ў Менску.

Як выглядае, беларускі ўрад тым часам павольна мяняе сваю стратэгію. Нядаўна ў краіне была легалізаваная крыптавалюта. Для айцішнікаў гэта важны крок, свайго роду перавага пры аўтарытарнай эканоміцы. Некалькі гадоў таму прэзыдэнт Лукашэнка стварыў Парк высокіх тэхналёгіяў, дзе некалькі тысяч адмыслоўцаў працуюць над праграмным забесьпячэньнем экспартных тавараў, падаюць нідэрляндзкія і бэльгійскія СМІ.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Рубінаў усё ж аддаў бы перавагу таму, каб праграмісты самі рабілі свой бізнэс.

«Я заклікаю іх, — кажа экспэрт, — узяць на сябе адказнасьць за сваё жыцьцё з тым, каб пазьбегнуць залежнасьці ад герархічнай сыстэмы».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG