Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйскі райвыканкам: Інтарэс да музэю Адамовіча згасае, ахвяраваньняў не чакаецца


Алесь Адамовіч. Партрэт у бібліятэцы глушанскай школы
Алесь Адамовіч. Партрэт у бібліятэцы глушанскай школы

На стварэньне музэю Алеся Адамовіча ў пасёлку Глуша, што за дваццаць пяць кілямэтраў ад Бабруйску, не хапае грошай. За два гады на дабрачынны рахунак пералічана 11850 рублёў (5950 даляраў) — гэта прыкладна дзясятая частка патрэбнай сумы.

Сабраныя грошы скарыстаць не дазваляюць юрыдычныя нюансы

Старшыня назіральнай рады ў пытаньні стварэньня музэю, намесьніца старшыні Бабруйскага райвыканкаму Тацяна Варанко кажа, што сабраных сродкаў недастаткова нават на распрацоўку праектна-каштарыснай дакумэнтацыі. Па яе словах, грамадзкі інтарэс да стварэньня музэю згасае, і новых ахвяраваньняў чакаць не даводзіцца.

Будынак аптэкі, які зьбіраюцца зрабіць музэем Адамовіча
Будынак аптэкі, які зьбіраюцца зрабіць музэем Адамовіча

Акрамя таго, кажа чыноўніца, юрыдычныя нюансы перашкаджаюць «падступіцца да выкарыстаньня сабраных грамадзянамі грошай». Пусьціць сродкі з рахунку на вырашэньне іншых пытаньняў з музэем, паводле яе, немагчыма, бо рахунак адкрываўся мэтава: на распрацоўку праектна-каштарыснай дакумэнтацыі.

Музэем меўся стаць будынак старой пасялковай аптэкі, які два дзясяткі гадоў пуставаў. У 2016 годзе гаварылася, што на рамонт дому патрабуецца блізу мільярда рублёў (53 тысячы даляраў). Пяць тысяч даляраў нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч складаюць больш за дзевяноста працэнтаў усіх сабраных сродкаў.

Музэй Адамовіча могуць разьмясьціць у пасялковым Доме культуры

Тым часам будынак аптэкі пакрысе разбураецца, і, як кажа Тацяна Варанко, цяпер стаіць пытаньне, ці магчыма яго наагул адрамантаваць. Чыноўніца спасылаецца на думку адмыслоўца — той выказаўся, што рамонт дому немэтазгодны і існуе рызыка, што ён можа разваліцца, калі пачнуць умацоўваць фундамэнт ды мяняць бярвёны, што пагнілі.

Пасялковы Дом культуры, у якім могуць разьмясьціць музэй Адамовіча
Пасялковы Дом культуры, у якім могуць разьмясьціць музэй Адамовіча

Па словах суразмоўніцы, на апошнім пасяджэньні назіральнай рады абмяркоўвалася ідэя стварыць музэй Адамовіча ў пасялковым Доме культуры. Будынак жа аптэкі прапаноўвалася закансэрваваць і зрабіць адным з музэйных экспанатаў. Неўзабаве, сказала Тацяна Варанко, на сайце Бабруйскага райвыканкаму зьявіцца «інтэрактыўная старонка музэю».

Калі няма фінансаў, то пытаньні з музэем будуць вырашаць дужа доўга

Старшыня рэспубліканскай рады Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч сытуацыю з музэем называе няпэўнай. Існуюць, кажа ён, юрыдычныя і фінансавыя пытаньні.

Алесь Адамовіч зь землякамі. На дальнім пляне аптэка (фота з архіву Натальлі Адамовіч, аўтар Яўген Коктыш)
Алесь Адамовіч зь землякамі. На дальнім пляне аптэка (фота з архіву Натальлі Адамовіч, аўтар Яўген Коктыш)

«Калі ў дзяржавы няма фінансавых сродкаў і калі бюджэт беднага Бабруйскага раёну пусты, то гэтае пытаньне будзе вырашацца ня так хутка, як хочацца, — сказаў экспэрт. — Як высьвятляецца, мы ня можам нават ініцыяваць рашэньне райвыканкаму на распрацоўку праектнай дакумэнтацыі, і нам цяпер трэба думаць, як перапрафіляваць дабрачынны рахунак».

Глуша без музэю Адамовіча і вуліцай зь яго імем на ўскрайку

У глушанскай аптэцы ад 1931 году спачатку шараговай аптэкаркай, а потым загадчыцай працавала маці Адамовіча Ганна Мітрафанаўна. Як у Глушу прыйшлі фашысты, яна, партызанская сувязная, дамаглася ад акупацыйных уладаў дазволу на працу ў аптэцы. Адпрацавала мэдычная ўстанова два гады. Адчуўшы небясьпеку выкрыцьця, Ганна Мітрафанаўна з двума сынамі сышла да партызан. Аптэку адразу зачынілі, а найманае жытло Адамовічаў паліцаі разрабавалі.

Пра тое, як працавала пад фашыстамі аптэка, Адамовіч напісаў у сваёй дакумэнтальнай аповесьці «Вайна пад стрэхамі».

Вуліца імя Адамовіча ў Глушы
Вуліца імя Адамовіча ў Глушы
Шыльды зь яе назвай расейскамоўныя
Шыльды зь яе назвай расейскамоўныя

​У 1994 годзе на пахаваньні Алеся Адамовіча пра музэй у Глушы казалі калегі-пісьменьнікі, сябры-партызаны ды ягоныя землякі. У 1996 годзе пасялковы савет і мясцовыя жыхары прапаноўвалі надаць цэнтральнай вуліцы Глушы, на якой стаіць будынак аптэкі, імя Адамовіча. Беларускі ПЭН-цэнтар, якім тады кіраваў Васіль Быкаў, ды Беларускі саюз пісьменьнікаў, на чале якога стаяў Уладзімер Някляеў, ініцыятыву падтрымалі. Улады, аднак, яе не ўхвалілі. Пазьней вуліца Адамовіча ў Глушы зьявілася, але на ўскрайку.

Дылема Адамовіча. Ці трэба было зьяжджаць зь Беларусі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG