Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інгіб’ёрг Соўлрун Гістладоўтыр з Ісьляндыі ўзначаліла Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ


Новым дырэктарам Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) — інстытуцыі, якая лічыцца найбольш аўтарытэтнай у справе назіраньня за выбарамі, прызначаная Інгіб’ёрг Соўлрун Гістладоўтыр​ з Ісьляндыі.

Апошняя пасада, якую займала спадарыня Гістладоўтыр з 2013 году да гэтага прызначэньня, называлася «Рэгіянальны дырэктар структуры „ААН-жанчыны“ для дзяржаў Эўропы і Цэнтральнай Азіі і прадстаўнік у Турэччыне». Перад гэтым яна два гады была краінавым дырэктарам гэтай жа ААНаўскай структуры ў Аўганістане.

Палітычная кар’ера спадарыні Гістладоўтыр пачыналася ў яе на радзіме. Спачатку яна была чальцом гарадзкой рады Рэйк’явіку, а затым 9 гадоў абіралася мэрам сталіцы. У яе паслужным сьпісе — праца сябрам парлямэнту, старшынёй Сацыял-дэмакратычнага альянсу — другой па колькасьці партыі краіны, міністрам замежных справаў.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа, што ён асабіста не сустракаўся з Інгіб’ёрг Гістладоўтыр:

«Але мне даводзілася, і не аднойчы, мець справы з ісьляндзкімі парлямэнтарамі. У іх з прычыны невялікай колькасьці насельніцтва малое прадстаўніцтва ў міжнародных парлямэнцкіх структурах — ад аднаго да трох чалавек. Аднак працуюць яны заўжды актыўна.

Ісьляндыя належыць да паўночнай часткі Эўропы. А традыцыйна краіны паўночнай часткі больш адчувальна, чым паўднёвыя краіны, ставяцца да становішча ў Беларусі. Могуць, вядома, быць выключэньні. Але ў цэлым яны больш адчувальныя да такіх краін, як мы. І ў гэтым ёсьць безумоўны плюс.

Ісьляндыя ўваходзіць ва ўсе паўночныя структуры — альбо мае там сталае сяброўства, альбо статус назіральніка. Яна разам са швэдамі, нарвэжцамі, данцамі... І гэта таксама добра».

БДІПЧ ужо шмат гадоў дасылае сваіх назіральнікаў на парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары ў Беларусь. Аднак яшчэ ні разу Бюро не прыйшло да высновы, што гэтыя выбары цалкам адпавядалі стандартам АБСЭ.

Падчас сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая праходзіла на пачатку ліпеня ў Менску, грамадзянская кампанія «Гавары праўду» зьвярнулася да БДІПЧ з просьбай зрабіць для Беларусі выключэньне і прыслаць сваіх назіральнікаў і на мясцовыя выбары. Гэтыя выбары заплянаваныя на люты 2018 году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG