Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Банькамі на сьпіне ў нас ня лекуюцца». Індыец-тэрапэўт з Уручча пра «занадта даступную» беларускую мэдыцыну


Доктар Уппал: «Застацца ў Беларусі можна, але з заробкам вельмі туга»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:53 0:00
Наўпроставы лінк

Доктар Уппал: «Застацца ў Беларусі можна, але з заробкам вельмі туга»

Доктар Вірпал Уппал — ці ня самы вядомы тэрапэўт у 28-й гарадзкой паліклініцы Менску. У адрозьненьне ад большасьці замежных студэнтаў, ён ня зьехаў на радзіму пасьля беларускага ўнівэрсытэту, а застаўся ў Беларусі. Пра індыйскія заробкі і «занадта даступную» мэдыцыну ў Беларусі ён расказаў Свабодзе.

Мне камфортна ў Беларусі, а Індыя для мяне ўжо занадта шматлюдная

Каб пачаць размову пра доктара Ўпала, дастаткова было спытаць, як яго клікаць па бацьку, бо на шыльдзе напісана «Уппал Вирпал Сикх». Пацыенты самі хутка распавялі, што зьвяртацца да яго можна проста па імені і што ён тут ужо гады тры сама меней. Доктар тут ажаніўся, мае ўжо двух дзяцей. А яшчэ, кажуць, ён ужо не такі «лапачка», як быў яшчэ летась. Беларуская рэальнасьць засмоктвае і жыцьцярадаснага індыйца, які раней мог дадаць здароўя проста добрым словам ці жартам, што ня часта пачуеш ад нашага тэрапэўта.

На вянчаньні ў родным Панджабе
На вянчаньні ў родным Панджабе

Інфармацыю пацыентаў амаль цалкам пацьвярджае Вірпал. У Беларусі ён жыве з 2004 году, калі паступіў у Гарадзенскі мэдычны ўнівэрсытэт. У 2010 годзе трапіў на інтэрнатуру ў Менск, дзе й застаўся. Разам з жонкай-берасьцейкай яны гадуюць двух дзяцей.

«Мне ўжо камфортна тут. Я б нават сказаў, што калі вяртаюся ў Індыю й бачу там шмат людзей, я пачынаю крыху пабойвацца. Пры тым, што я з паўночнага штату, дзе населенасьць не такая вялікая, як у іншых частках Індыі».

Вірпал паходзіць зь сіхкаў — рэлігійнай групы, якая дамінуе ў штаце Панджаб. Каб узяць шлюб згодна з тамтэйшымі традыцыямі, яны з жонкай адмыслова езьдзілі ў сікхійскі храм у Індыі. Традыцыйна мужчыны-сікхі носяць высокія турбаны і адпускаюць бароды, так што замежнікі часам прымаюць іх за мусульманаў.

«Мае сваякі ў Індыі таксама носяць, але я тут не нашу. Вы б самі былі ў шоку, калі б пабачылі мяне тут барадатым і ў турбане».

Да тэрапэўта ходзяць як да дыспэтчара

Па словах Вірпала, калі яго бралі на працу, то кіраўніцтва асабліва хвалявалася наконт узроўню ягонай расейскай мовы.

Увогуле сыстэма аховы здароўя ў Беларусі, на ягоную думку, арганізаваная якасна. Такой суцэльнай дыспансэрызацыі, як у нас, у Індыі няма. Працуе ўчастковая служба, і літаральна кожны чалавек можа атрымаць дапамогу. Але, лічыць Вірпал, часам мэдычная дапамога ў Беларусі бывае «занадта даступная».

Паліклініка
Паліклініка

«Я маю на ўвазе, што некаторыя людзі ходзяць у паліклініку 5–10 разоў на месяц. А каму сапраўды патрэбная дапамога, тыя ня могуць трапіць на прыём».

І хоць у кожным раёне Менску па некалькі паліклінік, паўсюль доўгія чэргі. Як кажа Вірпал, некаторыя пацыенты заварочваюць у паліклініку, проста праходзячы паблізу.

«А да тэрапэўта ўвогуле ідуць як да дыспэтчара: па накіраваньні да іншых вузкіх спэцыялістаў. Людзі забываюць, што тэрапэўты — таксама лекары, яны займаюцца лекаваньнем і дыягностыкай».

Аюрведай ня лекую — толькі доказнай мэдыцынай

Хоць Вірпал — індыец, традыцыйнага індыйскага лекаваньня ён не практыкуе. Наадварот — выкарыстоўвае выключна доказную мэдыцыну.

«Бачачы мой выгляд, людзі думаюць, што я знаёмы з аюрведай. Але не, я вучу замежную літаратуру, цікаўлюся клінічнымі дасьледаваньнямі».

А зь беларускіх традыцыйных мэтадаў Вірпала больш за ўсё зьдзівілі банькі, якія ставяць на сьпіну.

Не выкарыстоўвае ён традыцыйных мэтадаў лячэньня й дома, хоць на радзіме ў Індыі аюрведа вельмі распаўсюджаная.

«Дзеля цікавасьці я магу прачытаць і расказаць нешта, напрыклад — парэкамэндаваць ёгу пры хранічным болі ў сьпіне. Але калі ёсьць доказная база, я выкарыстоўваю яе».

А зь беларускіх традыцыйных мэтадаў Вірпала больш за ўсё зьдзівілі «банькі», якія ставяць на сьпіну.

«Гэта для мяне было дзіўным. Мяне адправілі на практыку, і там я даведаўся, што адна з мэтодык саграваньня грудной клеткі — гэта банькі. Не скажу, каб гэта было вельмі эфэктыўна, але людзі ставяць іх пры бранхітах».

Вірпал кажа, што гэта хутчэй псыхалягічнае лекаваньне на ўзроўні самаперакананьня.

«Але я ня ўмешваюся, лячу па сваёй частцы, а калі яны гэта лічаць неабходным, хай робяць».

На пацыентаў тут не выдзяляюць шмат часу

Як да лекара зь Індыі, прытым англамоўнага, да Вірпала часам зьвяртаюцца некаторыя замежныя сябры, што жывуць у Менску.

«Амэрыканцы, напрыклад, звычайна задаюць шмат пытаньняў лекарам: як гэта будзе ўзьдзейнічаць на мяне, як вы будзеце далей мяне лекаваць. А ў паліклініцы ў лекара проста няма часу на падрабязнасьці — у нас на пацыента не выдзяляюць паўгадзіны».

Але нават мясцовых індусаў Вірпал ня лекуе традыцыйнымі мэтадамі. З народнай мэдыцыны ён змог прыгадаць толькі супрацьпрастудны адвар з кардамону, куркумы, імбіру, часныку і нейкага спэцыфічнага перцу.

Сам Вірпал не ўжывае чырвонага мяса, а есьць толькі мяса птушкі і рыбу.

«Гатуюць з гэтага напой і п’юць гарачым пры прастудзе. Напой здымае ўсе сымптомы, галаўны боль. Больш нічога звышнатуральнага я ня ведаю. У нас кліматычныя адрозьненьні, а таму ў вас цяплейшая вопратка. Індусы больш практыкуюць вэгетарыянства, бо так меншая імавернасьць падхапіць кішачную хваробу».

Сам Вірпал не ўжывае чырвонага мяса, а есьць толькі мяса птушкі і рыбу. Калі гатуе ён, дык ежа звычайна выходзіць вострая. Але, па словах жонкі, цяпер ужо не такая вострая, як калісьці.

1,5–2 тысячы даляраў можа зарабіць лекар у Індыі

Калі параўноўваць ахову здароўя ў Беларусі й Індыі, то, па словах Вірпала, у яго на радзіме дзяржаўная мэдыцына разьвітая горш за прыватную. Дзяржаўныя шпіталі не заўжды могуць прыняць усіх пацыентаў. А ў прыватнай мэдыцыне існуюць цэлыя сеткі, куды ўваходзяць сотні прыватных шпіталяў па ўсёй краіне.

Насельніцтва ў Індыі шмат, таму попыт на прыватныя шпіталі не зьмяншаецца, нягледзячы нават на высокія кошты. Так, прыём з кансультацыяй у тэрапэўта можа каштаваць 15 даляраў.

«Але не як у Беларусі. У прыватнай клініцы сам доктар не вымярае ціск — дзеля гэтага за дзьвярыма сядзіць мэдсястра. Доктар праводзіць толькі клінічны агляд. А доктар-кансультант нават сам не выпісвае лекі. Гэтую працу выконвае інтэрн ці студэнт старэйшага курсу».

Таксама распаўсюджана практыка, калі лекары самі бяруць крэдыт у банку на будоўлю прыватнага шпіталя.

«Калі ў вас ёсьць каманда — чатыры лекары розных спэцыяльнасьцяў, вы можаце ўзяць крэдыт пад малы працэнт і адкрыць уласны шпіталь».

Прыватная мэдыцына разьвітая лепш за дзяржаўную, але ўсё адно лекараў на ўсіх не хапае.

Прыватная мэдыцына разьвітая лепш за дзяржаўную, але ўсё адно лекараў на ўсіх не хапае.

«У Індыі вельмі прэстыжна быць лекарам. Са стажам працы ў пяць гадоў лекар можа зарабляць 1,5–2 тысячы даляраў на месяц. А ў Беларусі калі працаваць на адну стаўку тэрапэўт не атрымае больш за 5 мільёнаў».

А ў Беларусі замежныя студэнты, па словах Вірпала, рэдка застаюцца, таму што ня маюць магчымасьці зарабіць добрыя грошы.

«Мне б хацелася застацца ў Беларусі. Узровень жыцьця тут высокі. Але ў фінансавым пляне тут усё вельмі складана: заробкі невялікія і пэрспэктыў для росту ў мэдыцыне я ня бачу. Усё астатняе мяне тут задавальняе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG