Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імпэрскі рэнэсанс


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Некалькі фактаў з інфармацыйнай стужкі. У горадзе Арле пастаўлены помнік Івану Жахліваму (Грознаму). Гэта на дадатак да помнікаў Сталіну, якіх у сучаснай Расеі — 36. Колькасьць бюстаў Сталіна не паддаецца дакладнаму падліку.

Маскоўскія кінатэатры не захацелі паказваць фільм пра Паўночную Карэю. Мастацкі кіраўнік маскоўскага тэатру «Сатырыкон» Канстанцін Райкін выступіў з рэзкай прамовай на зьезьдзе Саюзу тэатральных дзеячаў Расеі. Ён скрытыкаваў цэнзуру, «сталінскія ўстаноўкі» Міністэрства культуры, закрыцьцё спэктакляў і выстаў пад прыкрыцьцём патрыятызму і маральнасьці.

Міністэрства замежных спраў Вугоршчыны выклікала пасла Расеі ў Будапэшце, пасьля таго як па РТР тэлевядучы Дзьмітры Кісялёў збэсьціў рэвалюцыю 1956 году, спрабаваў ацаніць яе як змову заходніх спэцслужбаў, вынік дзейнасьці дывэрсійных атрадаў нацыстаў, якія паўцякалі пасьля вайны за мяжу.

У сфэры афіцыйнага ідэалягічнага канцэпту Расея ня проста вяртаецца ў савецкія часы. Бо ў гісторыі СССР былі розныя пэрыяды: хрушчоўскі, брэжнеўскі, гарбачоўскі. Дык вось у некаторых аспэктах Расея адкацілася ў эпоху сталінізму. Вяртаецца культ Генэралісімуса. Поўнасьцю апраўдваецца замежная палітыка 1930–1950-х гадоў. Пакт Молатава-Рыбэнтропа падаецца цалкам у інтэрпрэтацыі сталінскіх часоў. Хіба толькі засталося зрабіць апошні крок і абвясьціць, што ніякіх рэпрэсіяў і тэрору супраць уласнага народу не было, гэта ўсё выдумкі амэрыканскіх фальсыфікатараў і ворагаў Расеі.

У некаторых аспэктах Расея адкацілася ў эпоху сталінізму.

Цікавы нюанс. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 году ў афіцыйным расейскім дыскурсе трактуецца хутчэй адмоўна, чым станоўча. У адрозьненьне ад Беларусі, дзе 7 лістапада па-ранейшаму лічыцца афіцыйным сьвятам. Кожны год у гэты дзень Лукашэнка віншуе беларускі народ з чарговай гадавінай падзеі, якая, паводле афіцыйнай трактоўкі, рэалізавала адвечную мару беларусаў аб сацыяльнай справядлівасьці.

Дык вось у Расеі гэтая дата не сьвяткуецца. Бо трохі дзіўна было б казаць пра ідэю сацыяльнай справядлівасьці ў краіне, дзе разрыў паміж даходамі кучкі алігархаў і абсалютнай большасьці народу такі вялікі, як мала дзе ў сьвеце.

Таксама на такі падыход да гісторыі ўплывае жывёльны страх пуцінскага рэжыму перад рэвалюцыяй у любых яе праявах. Гэта выяўляецца на ўзроўні інстынкту. Адсюль і непрызнаньне падзей у Вугоршчыне 1956 году народнай рэвалюцыяй. Агрэсія супраць Украіны стала, апроч іншага, і спантаннай рэакцыяй Крамля на кіеўскі Майдан і «рэвалюцыю годнасьці». Невыпадкова зьявілася інфармацыя, што сёньня рэалізуецца праект па ацэнцы «пратэстнага патэнцыялу» студэнтаў і пэдагагічных калектываў расейскіх ВНУ.

Але галоўны трэнд цяперашняй расейскай палітыкі — вялікадзяржаўная ідэя велічы Расеі, адраджэньне імпэрскай ідэалёгіі. А Кастрычніцкая рэвалюцыя разбурыла вялікую імпэрыю.

Але, зь іншага боку, савецкі пэрыяд цалкам упісваецца ў гэты новы-стары ідэалягічны канструкт. Усё пачалося зь вяртаньня савецкага гімну. Але ў такім выпадку ніяк не абысьціся без рэабілітацыі Сталіна і сталінізму. Хоць «правадыр народаў» — непасрэднае параджэньне і спадкаемец ідэалёгіі Кастрычніцкай рэвалюцыі, але адначасова ён ідэальна ўпісваецца ў ідэю велічы Расеі. Культ перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне непазьбежна вядзе да адраджэньня культу «вялікага палкаводца».

І гэтая новая імпэрская ідэалёгія лягічна вядзе і будзе далей весьці да пэрманэнтных канфліктаў з суседзямі. Бо, напрыклад, паўстаньне ў Будапэшце ў 1956 годзе было адным зь першых удараў па савецкай імпэрыі. Потым была «Праская вясна», польская «Салідарнасьць». Таму і такая ацэнка гэтай падзеі Дзьмітрыем Кісялёвым, і адпаведная рэакцыя МЗС Вугоршчыны.

Не выпадкова Пуцін называе распад СССР геапалітычнай катастрофай. Думаю, наступным крокам ідэалёгіі імпэрскага рэваншу стане ацэнка Белавескіх пагадненьняў 1991 году як здрады, дзяржаўнага перавароту, а ягоных удзельнікаў — як дзяржаўных злачынцаў.

Два дзясяткі гадоў таму ў Беларусі выпускалася настойка з назвай «Белавеская горкая». Калі аднавіць яе вытворчасьць, то яна можа стаць вельмі папулярнай у Расеі, галоўным беларускім экспартным таварам. Хоць якая карысьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG