Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З новага году ў Менску будуць два Чырвоныя Крыжы


Прэзыдэнт Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа Пэтэр Маўрэр (Peter Maurer), архіўнае фота
Прэзыдэнт Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа Пэтэр Маўрэр (Peter Maurer), архіўнае фота

Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Беларусі Ўладзімер Макей і прэзыдэнт Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа (МКЧК) Пэтэр Маўрэр 8 лістапада падпісалі ў Менску мэмарандум аб статусе, прывілеях і імунітэтах арганізацыі ў Беларусі.

Гэты дакумэнт дае афіцыйныя падставы для адкрыцьця ў Беларусі прадстаўніцтва МКЧК. Яно плянуе пачаць працу з 1 студзеня 2018 году, — паведаміў Макей.

«На пачатковым этапе прадстаўніцтва МКЧК будзе мець дастаткова кампактны характар і забясьпечваць наша штодзённае ўзаемадзеяньне. Адпаведна даручэньню прэзыдэнта нашай краіны мы дамовіліся, што падрыхтуем разам плян, у якім будуць адлюстраваныя асноўныя сфэры нашага ўзаемадзеяньня», — падкрэсьліў міністар.

Са словаў прэзыдэнта МКЧК можна меркаваць, што ідзецца пра далейшую гуманітарную дапамогу Ўкраіне і дзецям у Сырыі.

«МКЧК высока ацэньвае тое, як Беларусь адрэагавала на канфлікт ва Ўкраіне і надае дапамогу ўкраінцам, вымушаным пакінуць свае дамы. І гэта добры прыклад таго, якой павінна быць рэакцыя дзяржавы на такія падзеі», — сказаў Маўрэр.

Таксама гаварылася пра магчымасьць вывучэньня міжнароднага гуманітарнага права ня толькі ў беларускіх ВНУ, але і ў сярэдніх школах.

Па-ранейшаму Чырвоны Крыж будзе дапамагаць шукаць людзей, якія лічацца сярод зьніклых, у тым ліку і з часоў Другой усясьветнай вайны.

Агульны бюджэт супольных праграмаў Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) і МКЧК летась склаў 817 тысяч эўраў.

Чым займаецца беларускі Чырвоны Крыж

Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа знаходзіцца ў самым цэнтры Менску па вуліцы Карла Маркса. Гэта рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне. Яно супрацоўнічае з МКЧК з 1997 году.

У сьпёку Чырвоны Крыж прапаноўваў бясплатную ваду
У сьпёку Чырвоны Крыж прапаноўваў бясплатную ваду

З 2004 году БТЧК супрацоўнічае зь Міжнароднай арганізацыяй міграцыі ў галіне процідзеяньня гандлю людзьмі. Пры фінансавай падтрымцы гэтай арганізацыі ў Берасьці, Віцебску, Гомлі, Горадні і Магілёве адкрытыя кансультацыйныя цэнтры «Рукі дапамогі», якія працуюць дзеля рэінтэграцыі пацярпелых ад гандлю людзьмі.

У моцныя маразы валянтэры Чырвонага Крыжа дапамагалі кіроўцам
У моцныя маразы валянтэры Чырвонага Крыжа дапамагалі кіроўцам

З 2005 году БТЧК супольна з Праграмай разьвіцьця ААН (ПРААН) працуюць над праектам «Прафіляктыка і лячэньне ВІЧ/СНІДу».

На дадзены момант, адзначаецца на афіцыйным сайце БТЧК, больш за 12% насельніцтва Беларусі уваходзяць у гэтую арганізацыю. Гадавы сяброўскі ўнёсак складае 10% ад памеру базавай велічыні (цяпер яна — 23 рублі). БТЧК таксама атрымлівае сродкі праз ахвяраваньні і спонсарскую дапамогу ад юрыдычных асобаў у грашовым i натуральным выглядзе.

У Гомелі Чырвоны Крыж паставіў першы кантэйнер збору для ўжыванага адзеньня
У Гомелі Чырвоны Крыж паставіў першы кантэйнер збору для ўжыванага адзеньня

Цяпер БТЧК праводзіць у Баранавічах акцыю «Добрая падушка», зьбіраючы адрэзы тканіны, каб людзі з абмежаванымі магчымасьцямі маглі шыць падушкі. Акцыя стала часткаю рэспубліканскай праграмы «Клопат», мэта якой — дапамагаць людзям, якія ня могуць самастойна перасоўвацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG