Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыбныя партызаны. Як вяскоўцы паставіліся да забароны хадзіць у лес на час вучэньняў


Вёска Волька Івацэвіцкага раёну — каля самага Даманаўскага палігону, дзе будуць адбывацца сумесныя беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2017». Вяскоўцы па-рознаму ставяцца да забароны хадзіць у лясы падчас манэўраў.

Лес цягнецца ад вёскі і да самага палігону. Сяляне кажуць, што цяпер шмат грыбоў — проста ідзі ўздоўж дарогі ды зьбірай. Аднак Івацэвіцкі райвыканкам апублікаваў зварот пра непажаданасьць наведваць лясы ў часе вучэньняў.

У размове з карэспандэнтамі Свабоды большасьць людзей кажуць, што ня чулі ні пра якія абмежаваньні і забароны. Зрэшты, як сказаў адзін са сталых жыхароў вёскі, усе і так ведаюць, што нельга хадзіць у бок палігону, калі вучэньні.

Жыхар вёскі Волька: «На палігон ніхто і ня пойдзе»
Жыхар вёскі Волька: «На палігон ніхто і ня пойдзе»

«Ага, у лес я не пайду! Я сёньня быў там... Вось побач лес, і там лес. Чаму я не павінен туды хадзіць?», — паказвае суразмоўца ў супрацьлеглы ад палігону бок.

Суразмоўца кажа, што аднойчы, вельмі даўно, было здарэньне на палігоне ў часе манэўраў:

«На палігон ніхто і ня пойдзе. Аднойчы было, што мужык сабраўся касіць сена, то як дало, нагу адарвала яму... Дык пасьля таго праз кусты ўжо ніхто не ішоў».

Вёска Волька
Вёска Волька

Некаторыя жыхары Волькі кажуць, што ўсё роўна будуць хадзіць у лес, бо час грыбны сыходзіць. Проста будуць мінаць палігон:

«Усё жыцьцё я тут пражыў, хадзілі ў грыбы на палігон. Калі ідуць вучэньні, калі ласка, я сам працаваў на палігоне, таму калі вучэньні ідуць, то пытаньняў няма — нельга хадзіць», — кажа малады чалавек.

Спадар сярэдняга веку кажа, што чыноўнікі забараняюць ісьці ў лес ня столькі каб папярэдзіць розныя здарэньні, а каб ім не перапала за непраяўленую пільнасьць:

«Ды страхуюцца, каб не падстрэлілі нікога, таму і забараняюць. Цяпер жа грыбоў навалам — усе ідуць і ідуць...»

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» пачнуцца 14 верасьня і працягнуцца тыдзень. Будзе задзейнічаны шэраг вайсковых палігонаў на тэрыторыі Беларусі — пад Лепелем, Барысавам, Віцебскам, Асіповічамі, Ружанамі і Даманавам. Таксама паведамляецца, што заплянаваныя рэйды каля Дрэтуні.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG