Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Горадня выглядала б, як Прага, калі б ня войны»: у падвале шматпавярховіка ствараецца макет ідэальнага гораду


Ад Фары Вітаўта па вуліцы Замкавай: макет «ідэальнай Горадні» Ігара Лапехі
Ад Фары Вітаўта па вуліцы Замкавай: макет «ідэальнай Горадні» Ігара Лапехі

На працягу дзесяці гадоў Ігар Лапеха са сваімі аднадумцамі робіць макет старой Горадні, адпаведна якому, як ён лічыць, павінны адбудаваць страчанае горадам праз гады і стагодзьдзі.

Сам Ігар Лапеха называе сваю працу макетам ідэальнага гораду і абяцае, што празь некалькі месяцаў прадставіць яго для агляду.

Ігар Лапеха — аўтар макета ідэальнага гораду
Ігар Лапеха — аўтар макета ідэальнага гораду

У адным з новых раёнаў Горадні, у падвале шматпавярховіка, дзе па столі і сьценах праходзяць каналізацыйныя трубы і правады, Ігар Лапеха, вядомы ў горадзе краязнаўца, у выходныя і вечарамі разам са сваімі аднадумцамі аднаўляе старую Горадню ў маштабе 1:200.

Макет не ўмяшчаецца ў даволі прасторны пакоі, частка стаіць на стале. Лапеха, жартуючы, кажа, што зараз правядзе экскурсію па сапраўднай старой Горадні і дадае, што на ўзор ягонага ідэальнага гораду, як яму бачыцца, павінны адбудаваць гістарычны цэнтар Горадні, цяпер напалову зьнішчаны.

Стары і Новы замкі
Стары і Новы замкі

— Па сутнасьці, у Горадні захавалася толькі паўночна-заходняя частка гораду, якая знаходзіцца па-за межамі гістарычнага цэнтру. Гэта значыць, захаваўся горад канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя. Прыгожы мадэрн, але гэта не само сэрца Горадні. Сэрца, на жаль, зьнішчана разбурэньнямі апошняй вайны. А аднаўляўся горад па-савецку – зачышчаліся цэлыя кварталы…

Таму макет Лапехі ствараўся паводле прынцыпу, каб на канкрэтным месцы аднаўляць альбо найбольш яркі прыклад архітэктуры, якая існавала на гэтым месцы, альбо найбольш вывучаны аб’ект, які магчыма на канкрэтным месцы аднавіць.

Напрыклад, на макеце шараговая забудова канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя, якая была да вайны, захавалася на здымках і якую можна аднавіць. Гэта квартал за сінагогай, страчаныя кварталы на Падоле, практычна цалкам зьнішчаныя, а таксама квартал на вуліцы Замкавай, які быў зьнішчаны пасьля Другой сусьветнай вайны, калі будавалі Дом быту.

Палац Агінскіх
Палац Агінскіх

— Але зьвярніце ўвагу: на макеце можна пабачыць і больш раньнюю забудову. Манумэнтальныя аб’екты, як, напрыклад, палац Масальскіх на Замкавай (ягоная выява маецца ў дакумэнтах і яго можна аднавіць, хоць палац перастаў існаваць пасьля пажару 1885 году і ад яго засталіся толькі чатыры акенцы ў будынку, дзе месьціцца ганаровае консульства Ўкраіны). Можна таксама аднавіць Баторыеўку, Сэнацкую залю, палац Агінскіх, які таксама добра вывучаны.

Мой позірк спыняецца на будынках сталінскай забудовы, і Лапеха адразу ўдакладняе, што ў ідэальным горадзе хацелася паказаць увесь спэктар архітэктуры Горадні. І менавіта таму адзін квартал застаецца з будынкамі, пабудаванымі пасьля вайны і да 1961 году ў стылі сталінскага ампіру.

Архітэктура Сталінскага ампіру
Архітэктура Сталінскага ампіру

— Пры ўсім пры гэтым мы вельмі скрупулёзна падыходзілі да гарадзенскіх дамінантаў. Фару Вітаўта зрабілі такой, як яна выглядала за часамі Стэфана Баторыя. Тут нават відаць і капліца-пахавальня, знарок пабудаваная для караля Баторыя. А вось яшчэ каля новай ратушы засталося месца для старой ратушы, якую мы яшчэ не зрабілі. Ну а гэта Новы і Стары замкі – добра вядома, як яны выглядалі. Папросту праца гэта вельмі марудная, але ўжо празь некалькі месяцаў гарадзенцы змогуць убачыць гатовы макет.

Касьцёлы вельмі ўражваюць: вось Дамініканскі, якога няма з 1878 году і ад якога на Савецкай вуліцы засталіся толькі знакі на месцы падмурку. Уражвае Кармэліцкі касьцёл, якога таксама ня бачыла наша пакаленьне… Уяўляю, што па гэтым горадзе нават мне давялося б хадзіць цэлы тыдзень, каб яго ўважліва паглядзець.

Дамініканскі касьцёл у Горадні, якога цяпер няма
Дамініканскі касьцёл у Горадні, якога цяпер няма

Цікаўлюся ў спадара Лапехі, дзе плянуюць выставіць макет ідэальнага гораду, калі ён будзе скончаны. Аказваецца, там, дзе дазволіць арэнда, паколькі ўсе работы вядуцца на ўласныя сродкі. Дзесяць гадоў таму Ігар Лапеха сам распачаў рабіць ідэальны горад, і толькі гады чатыры таму вакол яго сабраліся яшчэ пяцёра цікаўных, якія цяпер працуюць разам.

— Гэтая ідэя прыйшла да мяне ў 1995 годзе, калі пачалі па жывому рабіць рэстаўрацыю Савецкай плошчы. І з-пад каўша экскаватара сыпаліся артэфакты, зьнішчаліся пэўныя падмуркі, вывальваўся культурны слой, а яго вывозілі недзе за горад. На гэта было цяжка глядзець. Ну а з часам сабралася каманда.

Лапеха распавядае, што дзеля стварэньня макета ідэальнага гораду была праведзеная вялікая комплексная праца ў архівах з дакумэнтамі, якія датычацца архітэктуры Горадні. Ён кажа, што пра любы, нават самы маленькі дамок на макеце можа даць вычарпальную даведку.

Як жа Лапеху і ягонай камандзе працуецца над макетам ідэальнага гораду ў сутарэньнях, дзе па каналізацыйных трубах увесь час нешта зьбягае? Ён сур’ёзна адказвае, што тут цёпла, суха і невысокая арэнда, а гэта, маўляў, галоўнае.

А яшчэ дае даведку, што для працы над макетам выкарыстоўваецца полівінілхлярыд – плястмаса кшталту той, зь якой вырабляюць сучасныя вокны. Усе работы вядуцца ўручную. Для разьмяшчэньня макета спатрэбіцца заля ня меней як шэсьць на восем мэтраў.

Бэрнардынскі касьцёл
Бэрнардынскі касьцёл

Лапеху найбольш даспадобы горад, які сфарміраваўся на пачатку ХVІІ стагодзьдзя за часамі Стэфана Баторыя. Калі быў адбудаваны замак, паўсталі новыя касьцёлы, ратуша, палацы…

— На жаль, шмат што з гэтага было зьнішчана вайной 1655 году. Калі глядзець на Горадню ў тым кантэксьце, то яна выглядала ня горш за Прагу, але, на жаль, была зьнішчаная.

Сучасны цэнтар гораду – плошчу Савецкую — Лапеха называе гуляй-полем, нечым прахадным, някамэрным, дзе знаходзіцца транспартная разьвязка, але на сваім макеце ён паказаў, што ўсё гэта можна паправіць і вярнуць стары горад ягоным жыхарам і турыстам. Ён сьмела сьцьвярджае, што за навабуды, але гэта не азначае, што трэба бурыць старую камяніцу і на яе месцы будаваць такі ж дом, як гэта робяць цяпер у Горадні.

Старая частка Горадні; відаць, як шчыльна была забудавана Савецкая плошча
Старая частка Горадні; відаць, як шчыльна была забудавана Савецкая плошча

— Я за адбудову таго, што зьнішчана, бо інакш нам ніколі ня жыць у старым горадзе з вузкімі вулачкамі, камэрнымі кварталамі і цудоўнай архітэктурай, пра які мы толькі ведаем.

Я зьвяртаю ўвагу Лапехі, што на такую працу патрэбна вельмі шмат цярпеньня, і трэба вельмі любіць гэты горад, каб ня кінуць ствараць ягоны макет. Той, трохі ўсьміхаючыся, адказвае:

— Так, праца цяжкая, вельмі цяжкая. І сапраўды, трэба вельмі любіць гэты горад, вельмі і вельмі…

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG