Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі мясакамбінат патрабуе ад сайту «Сильные новости» выбачыцца за каўбасу з поўсьцю


Гомельскі мясакамбінат, архіўнае фота
Гомельскі мясакамбінат, архіўнае фота

У эканамічным судзе Гомельскай вобласьці 6 кастрычніка пачаў разглядацца пазоў мясцовага мясакамбінату да навіннага парталу «Сильные новости» аб абароне дзелавой рэпутацыі.

Прадпрыемства патрабуе ад заснавальніка сайту — «Цэнтру рэгіянальнага разьвіцьця ГДФ» — абвергнуць апублікаваную інфармацыю пра выпуск каўбасы з поўсьцю, выбачыцца і кампэнсаваць дзяржаўную пошліну ў памеры 420 рублёў за разгляд справы ў судзе.

Прычынай разбору, як патлумачылі ў рэдакцыі парталу, стала публікацыя «Фотофакт: „Поесть и животинку погладить“: на Гомельском мясокомбинате изготовили колбасу со шкурой и шерстью внутри».

Здымак кавалка каўбасы, у якім відаць скура і поўсьць, выклаў у ліпені праз суполку «Сильные новости» ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» адзін з чытачоў. І падпісаў гэтак: «Вот какую колбаску я купил... Кусок шкуры с шерсткой внутри... Больше гомельскую никогда не покупаю и вам не советую».

Гэты здымак паслужыў нагодай для звароту ў суд
Гэты здымак паслужыў нагодай для звароту ў суд

Навіну паглядзелі звыш 20 тысяч наведнікаў сайту. Адрэагавала на яе і ААТ «Гомельскі мясакамбінат». Прадстаўнік прадпрыемства патэлефанаваў у рэдакцыю і заявіў, што згаданы гатунак каўбасы не вырабляецца з 2015 году. Апроч таго, на каўбасе не відаць этыкеткі мясакамбінату.

Чытач таксама пацьвердзіў, што здымак зроблены летась. Новую акалічнасьць дадалі ў паведамленьне пра каўбасу. Аднак кіраўніцтва камбінату гэта не здаволіла — у суд паступіў пазоў на абарону дзелавой рэпутацыі.

Дырэктар цэнтру рэгіянальнага разьвіцьця Пётар Кузьняцоў паведаміў, што ніякіх згадак наконт таго, у чым менавіта выявілася шкода прадпрыемству, у пазове няма, хоць пленум Вярхоўнага суду, аналізуючы падобную судовую практыку, указвае, што такое абгрунтаваньне павінна быць.

«Я схільны разглядаць гэтую справу хутчэй не як эканамічную, — сказаў службе маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў Кузьняцоў. — Мы сёньня фактычна назіраем ланцуговую рэакцыю. Малаказавод „Мілкавіта“ судзіцца з агенцтвам Associated Press, БТ пагражае судом сайту kyky.org. Нядаўна ў Рагачоўскім раённым судзе скончаны падобны разбор паміж малочным камбінатам і трыма грамадзянкамі. Цяпер вось пазоў да нас. Гэта не выпадковае супадзеньне. Ня думаю, што гэта зьвязана зь нядаўнім абяцаньнем міністаркі інфармацыі „разабрацца зь незалежнымі выданьнямі пасьля выбараў“. Хутчэй тут выканкамы „падказалі“, што й як рабіць.

У свой час мы бачылі хвалю пазоваў розных дзяржаўных чыноўнікаў да незалежных выданьняў, у выніку чаго, як адзначаюць многія, рэдакцыі пачалі схіляцца да самацэнзуры. Мяркую, што гэта можа быць часткаю сплянаванай вялікай кампаніі з мэтаю навязаць самацэнзуру й інтэрнэт-СМІ».

У другой палове кастрычніка разгляд пазову Гомельскага мясакамбінату да сайта «Сильные новости» будзе працягнуты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG