Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тысячу год гісторыі Гомля паказалі ў 4-хвілінным мультфільме. ВІДЭА


Мультфільм «Тысячагадовая гісторыя Гомля». Рэжысэрка Марыя Булавікская
Мультфільм «Тысячагадовая гісторыя Гомля». Рэжысэрка Марыя Булавікская

Суполка «Пошукі старога Гомля» апублікавала кароткі мультфільм пра гісторыю гораду.

​Відэа паўгода рабілі больш як 10 чалавек, у іх ліку тэлевядоўца Юры Жыгамонт, вядомы па перадачы «Падарожжы дылетанта» — ад ягонага імя і вядзецца аповед. Мультфільм ахоплівае гісторыю гораду ад часоў яшчэ перад першай пісьмовай згадкай (яна датуецца 1142 годам, калі горад ужо існаваў працяглы час) і да нашых дзён.

Як кажа Свабодзе рэжысэрка мультфільму Марыя Булавінская, відэа рабілася не для патэнцыйных замежных турыстаў, а ў першую чаргу для саміх беларусаў, каб зацікавіць іх «сваёй лякальнай гісторыяй».

Збольшага, наракае яна, гамельчукі ведаюць гісторыю свайго гораду з «часоў Румянцава» (пры першым падзеле Рэчы Паспалітай горад забрала Расея, імпэратрыца Екацярына ІІ аддала яго «для увеселения» палкаводцу Пятру Румянцаву), а пра ранейшыя гады мала што чулі. Праз гэта, кажа яна, таксама хацелася паказаць, што Гомель — менавіта беларускі горад з «моцнай беларускай спадчынай».

Гісторыю для мультфільма ўзялі ня зь нейкага падручніка, а зьбіралі з розных крыніцаў (і рэжысэрка, і адзін са сцэнарыстаў Сяргей Балахонаў — гісторыкі), кансультаваліся з краязнаўцамі і гісторыкамі Юрыем Панковым і Яўгенам Малікавым.

«Мы шукалі менавіта нешта цікавае і адметнае, што можа вылучыць Гомель у шэрагу іншых гарадоў Беларусі, — тлумачыць Булавінская. — Мы спадзяёмся, што гэты фільм дасьць таксама штуршок для стварэньня турыстычных аб’ектаў, пра якія мы можам толькі марыць. Магчыма, у нас калі-небудзь зьявіцца помнік Альгерду, які вызваліў Гомель у 1335 годзе ад татарскай залежнасьці. У мультфільме можна пабачыць нашы адметныя драўляныя будынкі, якія, на жаль, цяпер актыўна зносяцца — спадзяёмся, калі-небудзь зможам адраджаць нашу спадчыну».

Стваральнікі мультфільму нядаўна прэзэнтавалі сайт Drewa.by пра драўляную архітэктуру Беларусі. Праз праект актывісты імкнуцца аднавіць яе хаця б у выглядзе музэю пад адкрытым небам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG