Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для былога кіраўніка «Беларусбанку» Гаспадарыка пракурор просіць 7,5 гадоў калёніі з канфіскацыяй маёмасьці


Суд над Гаспадарыкам, 19 ліпеня

У Цэнтральным судзе Менска, дзе з ліпеня паводле абвінавачаньня ў хабарніцтве судзяць топ-мэнэджэраў «Беларусбанка», пачаліся судовыя спрэчкі.

Для падсуднага, экс-першага намесьніка старшыні праўленьня банку Генадзя Гаспадарыка пракурор запрасіў 7,5 гады зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці і забаронай на 5 год займаць кіроўныя пасады. Былога падначаленага Гаспадарыка, начальніка ўправы касавага абслугоўваньня банку Мікалая Цырто пракурор запрасіў 9 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

У справе былых топ-мэнэджэраў «Беларусбанка» фігуруюць хабары агулам больш як у палову мільёна даляраў. Гаспадарык сваю віну ў хабарніцтве прызнаў, але ня згодны, што злоўжываў службовым становішчам. Мікалай Цырто таксама прызнаваў віну часткова. Адвакаты абвінавачаных у судовых дэбатах аспрэчылі доказы сьледзтва паводле некаторых эпізодаў абвінавачаньня.

Напярэдадні абвінавачаньне Гаспадарыку і Цырто было выстаўленае наноў, з былога абвінавачаньня выключылі некаторыя фармулёўкі, але з большага абвінавачаньне не зьмянілася. Спрэчкі ў працэсе над Генадзем Гаспадарыкам і Мікалаем Цырто цягнуцца ўжо больш за 2 гадзіны, бакі актыўна карыстаюцца правам на рэплікі.

Падсудны Гаспадарык з Беларусбанку ў апошнім слове падзякаваў «за высокую арганізацыю судовага разьбіральніцтва»

Генадзь Гаспадарык, якога вінавацяць у хабарніцтве, (абвінавачаньне ў злоўжываньні службовым становішчам з яго зьнялі), выступіў у судзе з апошнім словам. Былы банкір пакаяўся ды выказаў шкадаваньне, што некалькімі дрэннымі ўчынкамі перакрэсьліў лёс прыстойнага чалавека. Пры гэтым Гаспадарык адзначыў, што ашчадна ставіўся да незаконна атрыманых грошай, мала спаганяў і вярнуў большасьць падчас сьледзтва. Раней у судзе Генадзь Гаспадарык прызнаў, што атрымаў каля 210 тысяч даляраў хабару. Экс-банкір папрасіў суд улічыць ягонае раскаяньне і прызнаньне віны ды падзякаваў за «высокую ступень арганізацыі судовага разьбіральніцтва».

Калега Гаспадарыка па працы ў Беларусбанку, падсудны Мікалай Цырто ў апошнім слове, якое было вельмі кароткім, папрасіў суд аб міласьці і таксама павініўся. Раней на працэсе Цырто прызнаў, што атрымаў 150 тысяч даляраў хабару. Нагадаем, пракурор Юры Шэрстнёў папрасіў для Генадзя Гаспадарыка 7,5 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці, для Мікалая Цырто – 9 гадоў з канфіскацыяй. Прысуд экс-банкірам будзе агалошаны 8 верасьня.

XS
SM
MD
LG