Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль 500 тысяч даляраў хабару на дваіх — у Менску судзяць былых кіраўнікоў «Беларусбанку»


На лаве падсудных  — Генадзь Гаспадарык і Мікалай Цырто
На лаве падсудных  — Генадзь Гаспадарык і Мікалай Цырто

Сёньня ў Цэнтральным раённым судзе Менску пачалі судзіць былых адказных супрацоўнікаў «Беларусбанку» — першага намесьніка старшыні праўленьня Генадзя Гаспадарыка і намесьніка начальніка дэпартамэнту банку Мікалая Цырто.

Спачатку пракурор Юрый Шарсьнёў зачытаў абвінавачаньне Генадзю Гаспадарыку, потым прагучала абвінавачаньне Мікалаю Цырто. Удзельнікаў працэсу зьдзівілі сумы хабараў, якія, магчыма, атрымалі банкіры — агулам амаль 500 тысяч даляраў. Прычым выявілася, што хабарніцтву спрыяў леташні пераход на новыя грошы, у тым ліку ўвядзеньне манэтаў.

Пракурор Юрый Шарсьнёў
Пракурор Юрый Шарсьнёў

Злачынная дзейнасьць Генадзя Гаспадарыка, паводле сьледзтва, пачалася яшчэ ў 2009 годзе і працягвалася да чэрвеня 2016 году, калі экс-банкір быў арыштаваны ў сваім кабінэце падчас атрыманьня хабару. Усяго, як сьцьвярджае сьледзтва, Генадзь Гаспадарык атрымаў 215 тысяч даляраў хабару. У справе фігуруе 7 эпізодаў, якія тычацца Генадзя Гаспадарыка.

Першы адносіцца да пэрыяду 2009-2010 гг. Тады Гаспадарык нібыта ўступіў у злачынную змову з камэрцыйнай структурай «Смарт бізнэс тэхноляджыз», якой кіруе бізнэсмэн Бучнеў. У рэстаране «Чумацкі шлях» атрымаў ад Бучнева 4 тысячы даляраў за вырашэньне пытаньняў, якія былі ў ягонай службовай кампэтэнцыі — спрыяньне структурам «Статс сэрвіс» ды іншым, якія былі падкантрольныя Бучневу, у перамозе ў тэндэры на пастаўкі абсталяваньня для банка. Гэта сьледзтва кваліфікуе паводле 2 часткі 430 артыкулу Крымінальнага кодэксу.

Генадзь Гаспадарык
Генадзь Гаспадарык

Другі эпізод — канец 2010-га. Зноў у тым жа рэстаране атрымаў ад Бучнева 3 тысячы даляраў за спрыяньне ў бізнэсе — каб фірма Бучнева «Бітс» атрымала перамогу ў тэндэры на пастаўку для банку таблё ды іншага абсталяваньня.

У красавіку-траўні 2013 году ў аўтамабілі Бучнева Гаспадарык атрымаў ад таго хабар, цяпер 70 тысяч даляраў. Гэта трэці эпізод, прычым тут ужо асабліва вялікі памер хабару — частка 3 артыкулу 430. Забясьпечыў перамогу фірме «Бітс» у тэндэры на пастаўку банкаўскага абсталяваньня — 234 сартавальнікаў банкнот маркі «Кісан» ды іншага.

Адвакаты
Адвакаты

25 красавіка 2014 году ў аўтамабілі «Вольва» Бучнева атрымаў ад бізнэсмэна яшчэ 90 тысячы даляраў. Зноў за спрыяньне ў бізнэсе фірме «Смарт бізнэс тэхноляджыз» — за перамогу ў тэндэры на пастаўку 253 сартавальнікаў банкнот маркі «Кісан» для банку. І гэта ч. 3 арт. 430 КК.

31 сьнежня 2014 году ў аўтамабілі Бучнева «Аўдзі-А4» непадалёк ад банку прыняў ад таго 2 тысячы даляраў ЗША — зноў за спрыяньне ягонай фірме ў перамозе ў тэндэры на пастаўку банкаўскага абсталяваньня.

Яшчэ адзін эпізод тычыцца восені 2015 году, але дакладны дзень сьледзтву невядомы. Нібыта ў сваім кабінэце Гаспадарык атрымаў ад Мікалая Цырто 32 тысячы даляраў за патрэбнае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзілі ў ягоную кампэтэнцыю. Садзеяньне фірме «Рэгула» ў перамозе ў тэндэры на пастаўку абсталяваньня для аўтаматызацыі работы банку. Гэта частка 3 430-га артыкулу КК.

Мікалай Цырто
Мікалай Цырто

15 чэрвеня 2016 году ў службовым кабінэце Гаспадарык, паводле сьледзтва, прыняў ад намесьніка дэпартамэнту банку Мікалая Цырто 14 тысяч даляраў. Зноў нібыта на карысьць фірмы Бучнева «Смарт бізнэс тэхноладжыз» для перамогі ў тэндэры на пастаўку 56 апаратаў для сартаваньня манэтаў.

Таксама сьледзтва лічыць, што Генадзь Гаспадарык нанёс страты АСБ «Беларусьбанку» тым, што спрыяў неабгрунтаванай адмове ва ўдзеле ў тэндэры фірме «Ізьміт». Тая прапаноўвала банку абсталяваньне, таньнейшае за тое, што пастаўлялі фірмы Бучнева. Сьледзтва налічыла стратаў на 504 тысячы рублёў і патлумачыла, што злачынства стала магчымым праз злоўжываньне ўладай Генадзем Гаспадарыкам.

Мікалай Цырто з адвакаткай
Мікалай Цырто з адвакаткай

Злачынная дзейнасьць намесьніка начальніка дэпартамэнту працы з каштоўнасьцямі «Беларусбанку» Мікалая Цырто, паводле сьледзтва, пачалася ў 2013 годзе таксама з супрацы зь бізнэсмэнам Бучневым. Усяго Цырто нібыта атрымаў ад Бучнева 220 тысяч даляраў — нават больш за Генадзя Гаспадарыка. У эпізодах, якія тычацца Мікалая Цырто, зноў фігуруюць фірмы бізнэсмэна Бучнева, пастаўкі абсталяваньня для банку, у тым ліку апараты для сартаваньня банкнотаў маркі «Кісан» ды іншае. Паводле сьледзтва, гэта менавіта падсудны Цырто схіліў бізнэсмэна Бучнева да дачы хабару.

Гаспадарык віну прызнаў цалкам па ўсіх эпізодах хабару, але не прызнаў зложываньня ўладай.
Цырто сказаў, што выкажа сваю пазыцыю падчас дачы паказаньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG