Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы адчаю з малдаўскай «плошчы»: хто пратэстуе ў Кішынёве


Кілё бульбы на тыдзень, пакінутыя на радзіме старыя, камунальныя ў разы большыя за пэнсію — малдаване з чатырох намётаў апавялі, чаму яны выйшлі на цэнтральную плошчу Кішынёва.

Палатачны гарадок на плошчы Вялікага Нацыянальнага Сходу ў малдаўскай сталіцы стаіць ужо тыдзень. Людзі патрабуюць адстаўкі ўраду, парлямэнту і прэзыдэнта і крычаць, што ўлада іх падманула і абрабавала.

Насельніцтва Малдовы — каля трох з паловай мільёнаў чалавек. Паводле падлікаў Сусьветнага банку, цяпер кожны восьмы жыве за рысай беднасьці. Амаль траціна працаздольных зьехала за мяжу. А грошы, якія яны перасылаюць дахаты, могуць складаць да чвэрці ўсяго ВУП краіны, якая зь цяжкасьцю пазбываецца кляйма «найбяднейшай краіны Эўропы».

Людзі перакананыя, што падставай для падзеньня нацыянальнай валюты — лея, узьняцьця тарыфаў і цэнаў на прадукты стала зьнікненьне з банкаўскай сыстэмы краіны мільярда даляраў. Мяркуюць, што грошы аселі на рахунках фірмаў, якія належаць малдаўскім алігархам.

Анатоль Карбуні, Фларэшта

Анатоль Карбуні
Анатоль Карбуні

Я тут таму, што наш урад ня ў той бок пайшоў. Наш прэзыдэнт даўно не прэзыдэнт. Наш парлямэнт даўно не для народа. Я былы настаўнік, былы дырэктар школы, былы намесьнік старшыні раёну. З 89-га году ўдзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах такіх, якія праходзілі ў нас у рэспубліцы. (У 1989-м у Малдове адбыліся масавыя дэманстрацыі з патрабаваньнем палітычнай і эканамічнай самастойнасьці рэспублікі. У выніку кіраўніком Вярхоўнага Савету стаў Мірча Сьнегур — пазьней першы прэзыдэнт незалежнай Малдовы. — РС). Удзельнічаў і 3 траўня, і 16 траўня, і 5-га, і 7-га, і пешкі нядаўна месяц таму 25 кілямэтраў ішлі. Але яны не разумеюць. Яны не прыслухоўваюцца да народа.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:44 0:00
Наўпроставы лінк

На жаль, вы чулі, ведаеце — крадуць. Зьнік мільярд — ня могуць знайсьці. Вось чаму я тут.

Па-мойму прыйшоў час ужо разьвітацца і з урадам, і з парлямэнтам, і з прэзыдэнтам, прызначыць датэрміновыя выбары, каб яны падалі ў адстаўку. Хай народ вырашае. Галоўны судзьдзя ў кожнай краіне — народ. Хай будуць новыя выбары. Народ вырашыць, хто ёсьць хто. Выбера іх народ — хай прымае на сябе. Але я сумняюся, што народ будзе галасаваць ізноў за Дэмпартыю, за Лібэральна-дэмакратычную партыю.

Я б хацеў, каб мае дзеці жылі лепш, чым жылі мы. Лепш, чым жылі мае бацькі, дзяды-прадзеды. Я б хацеў, каб мая дачка была са мной, а не ў Швайцарыі. Яна, дзякуй богу, працуе. Скончыла Эканамічную акадэмію з найвышэйшым балам. Выйграла прэмію ўраду, магістратуру ў Страсбургу, дактарантуру. Прапрацавала тут два гады ва ўрадзе, заробак мізэрны. Ёй прапанавалі паехаць туды, і яна паехала. І вось уздымае эканоміку іншых краінаў. На жаль.

За каго будзе галасаваць народ, за каго я буду галасаваць? Напэўна, за тых, хто будзе лепшы. Ня будзе красьці, будзе за народ, будзе рабіць рэальныя рэформы. Вось за каго. Я пакуль веру ў гэтых хлопцаў, якіх я ведаю даўно. І Андрэя Нэстасэ, і Васіле Нэстасэ, і Паўлоўскага — сяброў нашай «Годнасьці і праўды» (адвакат Андрэй Нэстасэ, ягоны брат журналіст Васіле Нэстасэ, былы судзьдзя Эўрапейскага суду па правах чалавека Станіслаў Паўлоўскі — удзельнікі грамадзянскай плятформы «Годнасьць і праўда» (DA), якая арганізуе пратэсты ў Кішынёве. — РС).

Я іх ведаю і веру ў іх. Дзякуй богу, што яны пайшлі, змаглі сабраць народ. Вось з нашай дапамогай, можа, узьнімем усю рэспубліку, і яны нарэшце пададуць у адстаўку.

Каця, Марыя, Сяргей, студэнты з Кішынёва

Марыя і Сяргей
Марыя і Сяргей

Каця: Мы хочам змагацца з нашым урадам. Мы ўжо дамагліся таго, што тарыфы адмяніліся на два месяцы. Быў «гарадок свабоды» каля дома Плахатнюка (Уладзімер Плахатнюк — малдаўскі алігарх, адзін зь лідэраў Дэмакратычнай партыі Малдовы. — РС), і мы таксама там стаялі. Я лічу, што мы канкрэтна дамагліся гэтага. 50 чалавек там было, мы трымаліся адзін за аднаго, кожны дзень было мноства правакацыяў, але мы дамагліся.

Сюды прыйшлі з мэтай змагацца, паўзьдзейнічаць неяк на гэты ўрад, каб ён сышоў увесь у адстаўку. Усе 101 чалавек. І тыя, хто іх узначальвае — таксама. Гэта Плахатнюк.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:00 0:00
Наўпроставы лінк

Марыя: «Я жыву ў Італіі, але ў год з 12 месяцаў я 4–5 месяцаў праводжу ў Малдове і змагаюся з тым,што тут цяпер адбываецца. Бо я вельмі хачу вярнуцца на сваю радзіму. Вельмі цяжка быць за мяжой, ведаючы, што твае родныя сядзяць тут у Малдове і бядуюць.

Мая прабабуля, якая атрымлівае 700 лей пэнсіі, яна мусіць плаціць 2–3 тысячы лей толькі камунальныя паслугі. Штуку лей яна плоціць толькі за лекі! Як далей жыць?! Як жыць на 700 лей?! Я не магу на гэта глядзець.

Мы ўсёй сям’ёй дапамагаем, трымаемся адзін за аднаго. Мама зьехала, бо сур’ёзна не было чаго есьці ў сям’і, кіляграм бульбы на тыдзень — як так далей жыць? Я працую, мая мама працуе толькі для таго, каб утрымліваць тут (сваякоў. — РС).

Чаму хтосьці ва ўрадзе павінен красьці мільярды і жыць добра, падымаць тарыфы людзям, якім і так няма на што жыць? У маёй цёці дыябэт і ціск. Яна ўсе грошы траціць толькі на лекі, усю сваю пэнсію траціць на лекі.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:00 0:00
Наўпроставы лінк

Сяргей: Што тычыцца хлеба. Быў такі панятак — пэнсійны хлеб. Яго прывозілі а шостай ранку ў пэўныя крамы, ён каштаваў прыкладна 1,75 (лей. — РС), пасьля дайшоў амаль да трох. Цяпер яго ўрэзалі, прывозяць боханаў 20, а пэнсіянэраў стаіць — усе, хто можа ўстаць з ложка ў гэты час.

Даніл і Караліна, Кішынёў

Даніл: Я праўды хачу ў гэтай краіне. Калі я тут жыву, яе няма. Мне 32 гады, а ў мяне дагэтуль няма ўнутранага пашпарта. Калі ўдасца, можа, 2 кастрычніка атрымаю. Заўжды просяць то такую паперку, то сякую. Можа, нарэшце стану грамадзянінам гэтай краіны. Пару разоў хадзіў, калі мне было 16 год, былі даўгі за кватэру. А ў чым я быў вінаваты? Ідзеш у ЖЭК — там кажуць: трэба аплаціць хаця б лей 800. А мне 16 год, я яшчэ толькі сканчаў 9 кляс. Каб атрымаць пашпарт, мне трэба было заплаціць, гэта значыць, пайсьці працаваць трэба...

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:52 0:00
Наўпроставы лінк

Гэта мая дзяўчына. Мы ня можам быць расьпісаныя, бо пашпарта няма.

На нармальную працу — толькі праз знаёмых. Каб такую працу, што ў нас па-малдаўску называецца «хамал» — гэта грузчыкам. Пайсьці грузчыкам — атрымліваць па 100 лей у дзень, але трэба надрывацца. Мне сьпіна не дазваляе, у мяне зь дзяцінства праблемы з хрыбетнікам. А па прафэсіі я аўтасьлесар, зваршчык — усё, што тычыцца мэталу. Можна зарабіць, але ўладкавацца — толькі праз знаёмых.

У мяне дакумэнтаў няма, каб я нейкія інстытуты сканчаў. Працаваць я магу з усёй зваркай. А дакумэнт у мяне адзін — электрык другой катэгорыі. У нас у Малдове — «без бумажки ты какашка». Можа, нешта памяняецца.

Караліна: Калі нічога не памяняецца, усё так і будзе, так у гэтай дрыгве і будзе.

Даніл: Тут патрэбны прэзыдэнт накшталт Пуціна, Мядзьведзева — тады будзе парадак. А так наўрад ці.

Эўразьвяз хацелі: дык эўракошты, але не эўрапарадак

Караліна: У мяне маленькая дачка, кажа: хачу есьці. Дарослы можа пацярпець, зразумець, а дзіцяці як? Цэны падымаюцца па пару разоў у месяц, а заробак — на 5–8 працэнтаў раз у два-тры гады. За апошні месяц хлеб у два разы падняўся. Але на 50 капеек скінулі — быў 5-50, цяпер 5-00. Шчодрасьць такую праявілі. Сьвятло падымаецца, газ — усе камунальныя.

Даніл: Мы яшчэ маладыя, я магу падрабіць, недзе матор нейкі зрабіць, неафіцыйна. Ну і што? На што гэта хопіць? На камунальныя і з голаду не памерці.

Я разумею — хай падымаецца на цыгарэты, на алькаголь. Хай вышэй за столь падымаюць, хоць 20 лей пачак цыгарэт. Хто захоча курыць, ён сабе дазволіць. Ладна, мы маладыя, недзе перабіваемся, а тыя, хто ў гадах? Асабліва пэнсіянэры. На 7–8 працэнтаў пэнсіі ўздымаюць раз на год. А хлеб і ўсе кошты — раз на месяц...

Эўразьвяз хацелі: дык эўракошты, але не эўрапарадак.

Людміла і Андрэй, Кішынёў

Людміла і Андрэй, Кішынёў
Людміла і Андрэй, Кішынёў

Людміла: Моладзь скажа вам, што яна хоча нешта памяняць. Я таксама хачу памяняць, але справа ў тым, што я мяняю ўжо больш за 20 год. Першы раз мы падняліся ў 1989 годзе. Пасьля пакінулі ўсё гэта, падалося, што ўсё ў парадку, усё добра. Прыйшлі да ўлады людзі, пра якіх думалі, што «не камуністы», ня могуць яны рабіць такое...Пасьля ўжо зразумелі, што так нельга.

Цяпер мы таксама на плошчы. Але калі вы заўважылі — мала інтэлігенцыі, мала моладзі, бо таксама ня вераць. Яны ўсе глядзяць — і ня вераць. Хочам, каб гэта нешта вырашыла. Хочацца спадзявацца, што ўсе прыедуць — і будзем ваяваць ужо да канца. Хаця б нешта мяняць.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:55 0:00
Наўпроставы лінк

Кажуць, што прыйдуць іншыя да ўлады. Хай прыйдуць іншыя, мы будзем ваяваць і зь іншымі. Але проста так сядзець...

Я, вядома, ужо на пэнсіі, ужо два гады. І ўсё адно нашы дзеці выцягнулі нас. Бо ў Андрэя сястра ўжо захварэла, дзьве ночы тут паспала. І мы вырашылі на сёньня іх памяняць. Я з сынам застануся, будзем да канца.

У мяне дачка ня тут — робіць у Амстэрдаме. Хочацца, каб яна прыехала, але да чаго? Я сама 10 год была ў Барсэлёне, у Гішпаніі. Але дома ёсьць дома. Дзеці расьлі безь мяне. Муж іх вырасьціў. Вельмі цяжка. Там ты ніхто, і тут у сваёй краіне што робіцца? Я разумею, што калі ты ва ўладзе, у цябе ёсьць нейкія прывілеі. Але проста так, мільярдамі выцягнуць з краіны — гэта ўжо... І, канечне, народ такі ціхі, мірны, і яшчэ, і яшчэ — але ўжо мяжа, я ня ведаю, ужо ўсё...Дай Бог, каб мы нешта...

Андрэй: Шмат прычын, чаму я тут. Ёсьць пытаньні да ўраду, якія мы паставілі і чакаем адказу.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:06 0:00
Наўпроставы лінк

У мяне ёсьць некалькі прадпрыемстваў разам са сваімі сябрамі. Вы ведаеце пра той мільярд, які быў скрадзены. Ён усё адно паўплываў на тое, што лей стаў таньнейшы і падаражэлі ўсе сыравінныя матэрыялы, зь якімі мы працуем. Мы робім мэблю, мэбля падаражэла, у нас упалі продажы. Цяпер мы хочам выйсьці на румынскія рынкі. Але з гэтым ёсьць праблемы таксама.

Але гэта маленькія праблемы. Тут можна казаць і пра цану на электрычнасьць, якая вырасла — і зноў вытворчасьць падаражэла. Але гэта дэталі.

У прынцыпе, ідэя простая: сюды выйшлі людзі, якія ў прынцыпе ня хочуць, каб іх дзеці жылі ў такой жа карумпаванай краіне, дзе бяз розьніцы — маеш ты рацыю ці не, але калі ў цябе ёсьць грошы, ты можаш вырашыць усё...

Я не такі ўжо пратэстовец тут, не сяджу кожны дзень і кожную ноч. Але калі я пабачыў, як мясцовае тэлебачаньне асьвятляе гэтыя пратэсты, то я выйшаў. Бо ёсьць шмат хлопцаў, якія сапраўды трымаюць нас за дурняў і спрабуюць па-рознаму зрабіць так, каб мы сядзелі дома. Яны лічаць, што мы будзем цярпець. Скралі мільярд — будзем цярпець, скрадуць два — будзем цярпець. Нашы дзеці будуць так жыць — будзем цярпець.

Украіна зрабіла гэта, больш ці менш, Румынія робіць гэта — змагаецца з карупцыяй. Думаю, што мы таксама зможам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG