Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўка ў Магілёве спыненая. Галадоўнікі сустрэліся з чыноўнікамі ды супрацоўнікамі КДБ


Грамада магілёўскіх галадоўнікаў
Грамада магілёўскіх галадоўнікаў

У Магілёве ўдзельнікі галадоўкі сустрэліся з чыноўнікамі гарвыканкаму і аблвыканкаму. Сустрэча адбылася з ініцыятывы службоўцаў. Пасьля гутаркі зь імі галадоўнікі вырашылі спыніць свой пратэст. Яны заяўляюць, што канкрэтных прапановаў, як разьвязаць іхнае жыльлёвае пытаньне, не было, але задаволеныя, што іх пачулі.

«Мы задаволеныя тым, што нехта прыйшоў да нас, хаця б пагаварыць. Аднак дыялёг з прававога гледзішча не атрымаўся ў нас. Яны ня ведалі, як нам адказаць на нашы пытаньні», — кажа пра сустрэчу з чыноўнікамі галадоўнік Андрэй Бурак.

«Яны, відаць, разумеюць, што мы цяпер з прававога пункту гледжаньня — людзі бяз пэўнага месца жыхарства, бо мы ня маем права пражываць у гэтым інтэрнаце будтрэсту. Мы ж не працаўнікі трэсту, і адміністрацыя можа выселіць нас на працягу сутак. Заўтра памяняецца адміністрацыя, і яны запытаюцца: „А што гэта за людзі? Што яны тут робяць?“ Чыноўнікі запэўнівалі, што гарантуюць нам тут пражываньне», — зазначае галадоўнік.

Паводле Андрэя Бурака, чыноўнікі прыйшлі не гатовыя да канкрэтнай гутаркі, хоць ад іх і прагучала прапанова стаць у чаргу на арэнднае жытло.

«Яны прыйшлі, — кажа ён, — даведацца, чаго мы хочам, і супакоіць, каб была спыненая галадоўка. Сказалі, што цягам двух-трох тыдняў будуць раіцца з рознымі структурамі і потым прымуць нейкае рашэньне. Пра гэта нам паведамяць».

«Галадоўку будзем спыняць. Здароўе ў нас не жалезнае. У нас ува ўсіх дзеці. Як мы бачым па тым, як прасоўваецца справа, то яшчэ тыдзень, і мы падарвем здароўе наагул».

У гутарцы з журналістамі намесьнік старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Андрэй Кунцэвіч зазначыў, што «Беларусь — прававая дзяржава, і калі ёсьць нейкія пытаньні, то яны павінны вырашацца ў рамках нацыянальнага заканадаўства».

«Суд прыняў рашэньне, і, зразумела, не на іхную карысьць. Але яны засталіся пры сваёй думцы. Яны маюць права абскарджваць рашэньне абласнога суду ў Вярхоўным судзе», — казаў журналістам службовец.

Паводле яго, на сустрэчы з пратэстоўцамі былі абмеркаваныя варыянты паляпшэньня іхніх жыльлёвых умоваў у рамках дзейнага заканадаўства.

Прэфэрэнцыяў, з улікам таго, што яны абвясьцілі галадоўку, заканадаўства не прадугледжвае

«Мы прапанавалі скарыстацца іхнім правам на арэнднае жытло. Зноў жа ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку. Прэфэрэнцыяў, з улікам таго, што яны абвясьцілі галадоўку, заканадаўства не прадугледжвае. З майго гледзішча, падобныя сілавыя варыянты ціску на органы ўлады, на судовую сыстэму непрымальныя. Мы ўсе цывілізаваныя людзі і спрэчныя пытаньні павінны вырашаць у межах дзейнага заканадаўства», — зазначыў Андрэй Кунцэвіч.

Як паведамілі пратэстоўцы, супрацоўнікі КДБ папярэдзілі іх сёньня пра недапушчальнасьць супрацьпраўных дзеяньняў. Галадоўнікі падпісалі адпаведную паперу. Зь іхных слоў, супрацоўнікі спэцслужбы нібыта мелі зьвесткі, што галадоўнікі зьбіраюцца на пікет.

«Яны азнаёмілі нас з законам аб масавых мерапрыемствах, але мы і не зьбіраліся нешта падобнае праводзіць. Наша праблема бытавая, і яна не заслугоўвае таго, каб выходзіць некуды. Я разумею, што гэта іхная праца — прыйсьці паглядзець на людзей і пабачыць, чым яны дыхаюць».

У галадоўцы ўдзельнічалі прадстаўнікі пяці сямей, якія лічаць, што іх незаконна перасялілі з кватэр у інтэрнат, і патрабуюць, каб ім альбо вярнулі старое жыльлё, альбо далі іншыя кватэры ў межах гораду. Яны заяўляюць, што вычарпалі ўсе магчымыя законныя спосабы, каб абараніць свае правы, і таму пайшлі на крайнюю меру. Свой пратэст распачалі 18 траўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG