Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукевіч, Караткевіч і Ўлаховіч ня будуць здымацца з прэзыдэнцкай гонкі


Belarus - Merry pictures, 13Jan2013
Belarus - Merry pictures, 13Jan2013

Віктар Цярэшчанка 9 верасьня заявіў, што выходзіць з прэзыдэнцкай кампаніі. Адначасова ён заклікаў трох кандыдатаў, якія застаюцца патэнцыйнымі супернікамі Аляксандра Лукашэнкі, «ня пэцкаць сваё чэснае імя і зьняць свае кандыдатуры з будучых фальшаваных выбараў». Аднак Сяргей Гайдукевіч, Тацяна Караткевіч і Мікалай Улаховіч кажуць, што зьбіраюцца працягваць выбарчую гонку.

Сваё рашэньне спыніць прэзыдэнцкую кампанію Віктар Цярэшчанка тлумачыць тым, што вымушаны зрабіць гэта ў сувязі з рэальнай пагрозай для свайго жыцьця і пагрозамі на адрас сям’і. Паводле ягоных словаў, на яго і на сябраў ягонай каманды ідзе вельмі моцны ціск, «у тым ліку і празь непасрэдныя пагрозы фізычнай расправы і крымінальнага перасьледу з боку ўлады».

Віктар Цярэшчанка пасьля атручаньня
Віктар Цярэшчанка пасьля атручаньня

Былы патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта падкрэсьлівае, што яго атручваньне — «гэта зусім ня жарт і ня чыйсьці розыгрыш. Я па-ранейшаму маю сур’ёзныя праблемы са здароўем, і ніхто са спэцыялістаў дагэтуль ня даў тлумачэньня, што адбылося са мною насамрэч. Ёсьць падазрэньні, што ў маім арганізьме знаходзяцца рэшткі хімічных рэчываў».

«Я дагэтуль ня ведаю вынікаў аналізаў. Я вымушаны здаваць аналізы пад чужымі прозьвішчамі. Што гэта за краіна?! Што за фэадальная сыстэма, дзе мы жывем, што адбываецца?! Куды мы ідзем? У нікуды. І гэта прымусіла мяне сказаць, што ўдзельнічаць у гэтай гульні, у гэтым цырку я болей не хачу. Не магу як грамадзянін даваць нейкую легалізацыю, няхай і малую, камусьці іншаму на цэлых пяць год. Не хачу!», — кажа Віктар Цярэшчанка.

Сяргей Гайдукевіч
Сяргей Гайдукевіч

Старшыня лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч сказаў Свабодзе, што ня можа ўсур’ёз успрымаць сёньняшнюю заяву Віктара Цярэшчанкі:

«Яго любая заява, акрамя ўсьмешкі, нічога не выклікае. Чалавеку хочацца піярыцца. Інтэрнэт усё вытрымае. Заўтра ён зробіць заяву, што ён атручаны спэцслужбамі палёніем, радыем, яшчэ чымсьці. Тут патрэбны лекар. Менавіта лекар. Ня трэба тут саромецца. Трэба разабрацца, і ўсё будзе добра».

Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч таксама не зьбіраецца здымацца з выбараў:

«Больш за 100 тысяч людзей, якія падпісаліся за мяне, далі мне наказ — удзельнічаць. Мая каманда, якая ўключае прадстаўнікоў усіх дэмакратычных партыяў і рухаў, таксама падтрымлівае актыўны ўдзел ва ўсіх этапах гэтай кампаніі. Я лічу, што сысьці цяпер — гэта недальнабачны крок. Тым самым я б дапамагла Лукашэнку. Бо калі ёсьць альтэрнатыва, гэта — выклік рэжыму. Калі яго няма, мы дапаможам рэжыму».

Мікалай Улаховіч
Мікалай Улаховіч

Мікалай Улаховіч кажа, што ён асабіста ставіцца з павагай да Віктара Цярэшчанкі:

«Я яго ведаю шмат гадоў. Я яму прысвоіў генэральскі чын у казацтве. Але ён пасьля гэтага адарваўся ад мяне, паехаў па эўропах.

Я яго цяпер разумею. Чалавек наагул слабы па натуры. І калі ўстае пытаньне аб здароўі , — а Віктар старэйшы за мяне, хоць на год, але старэйшы, а ўзрост патрабуе турботаў аб здароўі, — я думаю, што ягоны выбар правільны.

Але каб я здымаўся з выбараў? Я ішоў да іх не адзін год. Я ніколі, у адрозьненьне ад Віктара, ня быў публічным чалавекам. Я заўжды працаваў. І тое, што Цярэшчанка заклікае мяне зьняцца з прэзыдэнцкай гонкі, то гэта рэвэранс для мяне. Дзякуй яму за запрашэньне. І толькі».

Ініцыятыўная група Цярэшчанкі здала каля 130 тысяч подпісаў. Але паводле ЦВК, зь іх праўдзівымі былі прызнаныя менш за 7 тысяч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG