Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога намесьніка міністра асудзілі да 5 гадоў з канфіскацыяй за карупцыю

абноўлена

Фёдар Лісіца адварочваўся ад камэры ў судзе
Фёдар Лісіца адварочваўся ад камэры ў судзе

У Менскім абласным судзе абвешчаны прысуд былому першаму намесьніку міністра лясной гаспадаркі Фёдару Лісіцу.

Ён прызнаны вінаватым у службовых злоўжываньнях, якія нанесьлі вялікія страты, і асуджаны на пяць гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Яму таксама цягам пяці гадоў забаронена займаць кіраўнічыя пасады.

Суд прызнаў пазоў да Лісіцы аб нанясеньні стратаў дзяржаве больш як на мільярд рублёў.

Гэтыя грошы павінны быць выплачаны. Таксама суд канфіскаваў маёмасьць Лісіцы, ня зьняў арышт з дому ў Салігорскім раёне, участак пад якім, паводле суду, быў незаконна выведзены з фонду лясных зямель. І на гэтым участку незаконна быў пабудаваны дом Лісіцы.

Суд пастанавіў, што цягам месяца Фёдар Лісіца мусіць сплаціць кампэнсацыю за нанесеную шкоду памерам больш за 1 мільярд 130 мільёнаў рублёў.

Таксама суд пастанавіў вярнуць Старобінскаму лясгасу дом у вёсцы Тычыны Салігорскага раёну, які быў незаконна прыватызаваны Фёдарам Лісіцам.

Адвакат Фёдара Лісіцы: Гэта брыдкі прысуд

Абаронцы экс-чыноўніка Ганна Каранеўская і Вольга Колас заявілі пасьля суду, што прысуд, які вынес судзьдзя Дзьмітры Язьвінскі, будзе абавязкова абскарджаны.

«Акрамя грубых памылак у прысудзе, абарона зьвярнула ўвагу на выбарачнасьць у прывядзеньні доказаў і на некарэктнае выкарыстаньне паказаньняў некаторых сьведак. Вядома, намі будзе падрыхтаваная вельмі падрабязная скарга на гэты прысуд», — выказалі салідарную пазыцыю абаронцы экс-чыноўніка ў судзе.

Адвакат Ганна Каранеўская таксама дадала, што, на яе думку, ад прысуду Фёдару Лісіцу пацерпіць трэці бок — ягоная былая жонка Людміла: ёй належыць дом у вёсцы Яскавічы, на які суд наклаў арышт. «Па сутнасьці, суд пазбавіў яе і тых, хто разам зь ёй пражывае ў гэтым доме, адзінага жытла. Гэта парушэньне іхніх правоў», — мяркуе адвакат Ганна Каранеўская.

Прадстаўнік пракуратуры ў судовых спрэчках запатрабаваў для Фёдара Лісіцы 6 гадоў зьняволеньня. Ці пагодзіцца пракуратура з вынесеным прысудам? Пракурор сказаў журналістам, што «збольшага прысудам задаволены, але канчаткова пытаньне пра абскарджваньне прысуду з боку пракуратуры будзе вырашацца пасьля дэталёвага вывучэньня прысуду».

Маёмасьць Фёдара Лісіцы
Маёмасьць Фёдара Лісіцы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG