Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фартуна адвярнулася ад Пуціна


Новы прэзыдэнцкі тэрмін Уладзімера Пуціна пачынаецца надзвычай няўдала. Яшчэ не пасьпелі правесьці інаўгурацыю пасьля трыюмфальнай перамогі на выбарах, а на галаву прэзыдэнта, як і на Расею, адно за адным пасыпаліся няшчасьці.

Спачатку здарыўся бунт у падмаскоўным Валакаламску, дзе жыхары рашуча выступілі супраць сьмецьцевага палігону. Акцыі пратэсту трываюць аж дагэтуль.

Потым здарылася трагедыя ў Кемераве. І адначасова пасьля скандальнага здарэньня ў Солсбэры 22 краіны сьвету высылаюць расейскіх дыпляматаў на знак пратэсту супраць атручваньня Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі.

Праціўнікі Пуціна цяпер пішуць: маўляў, чаго ж расейцы абураюцца, яны ж самі на прэзыдэнцкіх выбарах падтрымалі палітыку «гарматы замест масла». Бо калі РФ увязалася ў зацяжную вайну з усім сьветам дзеля дзяржаўнай велічы, то гэта непазьбежна абернецца ўсё новымі праблемамі ў штодзённым жыцьці расейцаў. Эканамічна Расея ўсё больш адстае ад разьвітых краін, а тыя невялікія фінансавыя рэсурсы, якія ёсьць, ідуць на мілітарызацыю.

Але трагедыя ў Кемераве выявіла адну цікавую акалічнасьць. Адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў афіцыйныя асобы пасьпяшаліся заявіць, што выбарчая кампанія прадэманстравала кансалідацыю расейскага грамадзтва вакол Пуціна і дзяржаўнай улады. І тут адразу пасьля трыюмфу ў Кемераве зьбіраецца стыхійны мітынг, дзе галоўны ляйтматыў выступаў такі: мы ня верым уладзе. Тое самае адбываецца цяпер у расейскіх сацыяльных сетках. Большасьць удзельнікаў дыскусій упэўненыя, што ўлады хаваюць сапраўдную лічбу загінулых, што насамрэч іх значна больш. Удзельнікі ток-шоў ва Ўладзімера Салаўёва з абурэньнем кажуць, што спробы выступіць у абарону афіцыйнай пазыцыі прыводзяць да зьняваг і абразаў такіх абаронцаў.

Пад узьдзеяньнем масавага абурэньня Ўладзімір Пуцін быў вымушаны памяняць сваю лінію паводзін. Пажар здарыўся 25 сакавіка. Але Пуцін абвясьціў жалобу ў краіне і прыляцеў у Кемерава толькі 27.03. Калі стаў зразумелы маштаб недаверу ўладзе.

Уладзімер Пуцін у Кемераве 27 сакавіка
Уладзімер Пуцін у Кемераве 27 сакавіка

Трагедыя ў Кемераве паказвае, што Пуцін паўстаў перад пэўнай праблемай. Як доўга можна мабілізоўваць насельніцтва на тое, каб ахвяраваць дабрабытам дзеля міжнароднай велічы Расеі? Мадэль крэпасьці ў аблозе можна было лёгка рэалізаваць у часы сталінскай індустрыялізацыі. Беднае насельніцтва ва ўмовах закрытага таталітарнага грамадзтва лёгка паддавалася маніпуляцыі.

На першы погляд здаецца, што са здольнасьцю ўладаў да маніпуляцыі ў Расеі і цяпер усё ў парадку. Але справа ў тым, што РФ апошнія паўтара-два дзясяткі гадоў існуе ў стане спажывецкага грамадзтва. Такі стан моцна мяняе псыхалёгію людзей. Яны ўжо ня надта схільныя ахвяраваць дабрабытам дзеля нейкіх «высокіх» ідэй. (Дарэчы, гэта ня толькі расейская, а ўсясьветная праблема). І народ разам з новымі ракетамі адначасова хоча мець яшчэ і, умоўна кажучы, масла. Чаго ўлады ня могуць забясьпечыць.

Як доўга можна мабілізоўваць насельніцтва на тое, каб ахвяраваць дабрабытам дзеля міжнароднай велічы Расеі?

Другая праблема, перад якой паўстаў Пуцін, тычыцца міжнародных выклікаў. Крэмль трохі памыліўся адносна рашучасьці Захаду рабіць крокі ў адказ на дзеяньні Расеі. Разбурэньне дагэтуляшніх правілаў у адносінах паміж дзяржавамі, брутальныя дзеяньні Масквы на тэрыторыі ЗША і краінаў ЭЗ атрымалі адказ. Зразумела, высылка дыпляматаў — гэта чыста сымбалічны крок. Але, думаю, ладзячы апэрацыю «Скрыпаль», Масква прагназавала, што адносіны зь Вялікай Брытаніяй сапсуюцца. Але не разьлічвала на салідарнасьць зь Лёнданам 22 краінаў сьвету.

Асабістая праблема Пуціна палягае яшчэ і ў тым, што зь ім на Захадзе ня хочуць мець справу, не разьлічваюць на сур’ёзныя дамовы. Бо як можна пра нешта дамаўляцца зь лідэрам, які адмаўляе відавочныя рэчы? Паводле афіцыйнай пазыцыі Масквы, у Данбасе расейцы не ваююць, малайзійскі самалёт яны не зьбівалі, допінг расейскія спартоўцы не ўжывалі, у амэрыканскія выбары ня ўмешваліся, Скрыпаля не труцілі. І пра што ў такіх варунках весьці перамовы?

Цалкам лягічна, што нават краіны, якія прыхільна ставіліся да Расеі, імкнуцца дыстанцыявацца ад яе. Напрыклад, у момант, калі Вялікая Брытанія і ЗША высылаюць расейскіх дыпляматаў, туды нанесьлі візыты кіраўнікі беларускага МЗС. Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей наведаў Лёндан, дзе ён сустрэўся зь міністрам замежных спраў Вялікай Брытаніі Барысам Джонсанам і са стрыечным братам каралевы Лізаветы II прынцам Майклам Кенцкім. А намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка зьдзейсьніў візыт у ЗША, дзе сустрэўся з памочнікам дзяржаўнага сакратара ЗША па эўрапейскіх і эўразійскіх справах Уэсам Мітчэлам і выканаўцам абавязкаў памочніка дзяржсакратара па пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Майклам Козакам. У Беларусі — уласная дыпляматыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG