Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандалы з адборам на «Эўрабачаньне» вымусілі зьмяніць фармат галасаваньня


Міністэрства культуры ўзялося за мэханізм адбору артыстаў на міжнародны конкурс «Эўрабачаньне». Адмысловая камісія на чале з кіраўніком ведамства Барысам Сьвятловым пастанавіла: ад наступнага году беларускага дэлегата на сьпеўны форум будуць абіраць па выніках глядацкага галасаваньня.

Каб прыняць рашэньне, склікалі паседжаньне аргкамітэту пад старшынствам міністра культуры. Сябры камісіі ўнесьлі зьмены ў парадак правядзеньня нацыянальнага адборачнага туру. І цяпер на конкурс «Эўрабачаньне-2016» прадстаўніка Беларусі будуць абіраць тэлегледачы з дапамогай тэлефоннага смс-галасаваньня падчас трансьляцыі фінальнага шоў. Праўда, як удакладнілі ў Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, адказнай за падрыхтоўку беларускага ўдзельніка, зацьвярджаць канчатковыя вынікі будзе прафэсійнае журы. Праз 10 гадоў, якія прамінулі ад дэбюту на эўрапейскім конкурсе песьні, нарэшце зроблена выснова: выбар прадстаўніка на «Эўрабачаньне» праз галасаваньне гледачоў — самая празрыстая форма вызначэньня годнага прэтэндэнта.

Абвінавачаньні ў несумленнай гульні суправаджаюць нацыянальны адбор ад самага пачатку. Пасьля таго, як на «Эўрабачаньне» ўпершыню дэлегавалі прадстаўнікоў Беларусі — дуэт «Аляксандра і Канстанцін» — пра фальсыфікацыі тэлефоннага галасаваньня заявіў штаб іхняй канкурэнткі ў адборачным туры Натальлі Падольскай. Незадаволенасьць падазронымі вынікамі, якія выводзілі ў сьвет «блатных», гучала і ў наступныя гады. Да расьсьледаваньня махінацыяў з галасамі далучыўся нават Аляксандар Лукашэнка: у 2012-м «незалежная камісія» прызнала факт падтасоўкі на карысьць Алены Ланской — вылучэнкі праўладнага бізнэсоўца Аляксандра Шакуціна. Валявым рашэньнем кіраўнік краіны выправіў у Баку гурт Litesound.

Летась гісторыя паўтарылася. Скаргу на імя Лукашэнкі накіравалі сьпявак Макс Лоўрэнс і гітарыст ДзіДзюЛя: маўляў, набралі найбольш глядацкіх галасоў, але журы вырашыла, што Беларусь у Капэнгагене мае прадстаўляць Тео. Сёлетні адбор таксама не абышоўся без скандалу. Рашэньне прызнаць пераможцам створаны пад «Эўрабачаньне-2015» праект Uzari&Maimuna абурыў беларускага нарвэжца, які стаў эўратрыюмфатарам у 2009 годзе, Аляксандра Рыбака — ён апекаваўся гёрлз-бэндам «Мілкі». Пасьля абвяшчэньня вынікаў ён выказаў недавер журы на чале з кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі Генадзем Давыдзькам і заявіў, што больш ня хоча мець ніякіх спраў з такім шоў-бізнэсам.

Ці не занадта вялікая ўвага з боку дзяржавы да ўлюбёнага відовішча «хатніх гаспадынь»? Канстанцін Драпеза з дуэту «Аляксандра і Канстанцін», які першым ад Беларусі трапіў у 2004 годзе на «Эўрабачаньне», трымаецца наступнай пазыцыі:

Як дайшло да таго, каб прымаць „Эўрабачаньне“, плаціць па рахунках, усе ва ўрадзе замаўчалі і пахаваліся
«Аляксандра і Канстанцін» на «Эўрабачаньні-2004»
«Аляксандра і Канстанцін» на «Эўрабачаньні-2004»

«Зь іншага боку, калі ня будзе ўвагі, то ня будзе для Беларусі і „Эўрабачаньня“. Гэта калі кінуць усё на самацёк — маўляў, нам усё роўна. Мы, напрыклад, размаўлялі з латышамі, якія перамаглі ў той год, калі і мы выступалі — пасьля эўфарыі вельмі хутка прыйшло разуменьне наступстваў. Як дайшло да таго, каб прымаць „Эўрабачаньне“, плаціць па рахунках, усе ва ўрадзе замаўчалі і пахаваліся. Латыскія телевізійнікі былі вымушаныя прасіць дапамогі ў скандынаўскіх краінаў.

Тое, што дапамагаюць, — гэта нармальна. У іншым выпадку трэба сказаць раз і назаўжды: удзельнічаем мы ў эўрапейскім сьпеўным першынстве ці ня ўдзельнічаем. Калі так — працаваць, спрабаваць трапіць у фармат. Плюс да ўсяго, я лічу, ня вельмі правільна мяняць каманды. Спачатку арганізацыяй займалася БТ, потым АНТ, цяпер зноў БТ. Людзей, якія першы раз апякліся, нельга адразу ж караць, іх трэба стымуляваць і даць шанец яшчэ і яшчэ. І ўжо гадоў праз 5–6 рабіць нейкія высновы. Сам памятаю, як нас кляймілі ганьбай. Зразумела, што нават 10 месца для Беларусі — перамога. Але, па вялікім рахунку, за гэты час ніхто толкам і ня стрэліў. Тое, што спакайней трэба да гэтага ставіцца, — так. Проста павінна быць сыстэма».

Лідэр культавага ў сярэдзіне 1990-х гурту Rouble Zone Алег Мінакоў амаль два дзясяткі гадоў жыве ў Бэльгіі, але сувязяў з радзімай стараецца не губляць. Некалькі разоў прапаноўваў свае паслугі ў падрыхтоўцы беларускага ўдзельніка да конкурсу «Эўрабачаньня» і дзеліцца ўражаньнямі ад супрацы з арганізатарамі:

Алег Мінакоў
Алег Мінакоў

«Я спрабаваў разы тры ці чатыры прапанаваць свае паслугі. Але ім гэта, відаць, непатрэбна. Сёлета сэрца проста абарвалася, калі пабачыў, што зрабілі з Сашкам Рыбаком. Гэты наіўны, добры хлопец аказаўся дакладна гэткім жа, як і я, дурнем. Так на ўсё па дабрыні душэўнай павёўся, а ў выніку проста пракінулі.

Мне аднойчы таксама прапанавалі паўдзельнічаць у добрай справе. Было гэта гадоў пяць таму, затэлефанаваў Аляксандар Ціхановіч і папрасіў, каб я зрабіў песьню для „Эўрабачаньня“. Я ўсё зрабіў, але мінулі тры гады, а песьню ў стол як паклалі, так яна і ляжала.

Цяпер я прадусірую маладую сьпявачку NaTtA, у яе ёсьць песенька „Сэ ля ві“. Дык вось менавіта гэтую песьню я рабіў для „Эўрабачаньня“ пяць гадоў таму. І нават праз тры гады пасьля таго, як мы яе запісалі, летась яна была на гітах у Італіі. То бок у свой час яна 100-працэнтна паставіла б беларусаў на прыстойны ўзровень. Прынамсі, не было б сорамна.

А тады паехалі, па-мойму, Litesound. На гэтую тэму, я дарэчы, выказваўся. Хлопцы нядрэнныя. Але справа ў тым, што існуе паняцьце ня тое што фармату, а элемэнтарнай моды. Гэта як у шмотках, так і ў музыцы. Такая штука. Пацаны зрабілі годную песьню. Але гэта як калекцыя „Дольчэ Габана“ ці „Армані“, толькі 1994 году. Якасная, але не свайго часу — ты ж ня будзеш насіць пінжак з плячыма і з бартамі?».

«Эўрабачаньне-2016» пройдзе ў траўні ў Стакгольме. Сьпіс прэтэндэнтаў ад Беларусі пакуль не агучаны.

Адметна, што за пытаньнямі «Эўрабачаньня» міністар культуры Барыс Сьвятлоў так і не знайшоў часу, каб павіншаваць пісьменьніцу Сьвятлану Алексіевіч з атрыманьнем Нобэлеўскай прэміі. Няма ніякай згадкі пра гістарычную падзею і на сайце ведамства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG