Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрабачаньне ці Эўравізія?


А таксама ТБ ці ТВ? Тэлевізія — міжнародны тэрмін, дый у нашай мове слова візія ёсьць здаўна. А „тэлебачаньне“ — паўкалька з расейскага „телевидения“. ​

Сьцісла:

  • Францускае слова télévision з грэцкага і лацінскага каранёў стварыў фізык Канстанцін Перскі ў 1900 годзе, яно адразу стала міжнародным.
  • Расейская мова чамусьці не пераняла, а часткова скалькавала гэтае слова, і так атрымалася „телевидение“.
  • Але ў беларускай мове здаўна шмат лацінізмаў — актор, акуляры, вэлюм... І візія таксама. Таму для нас натуральнае слова тэлевізія. Яно ў шэрагу аднакаранёвых — ​ тэлевізар, тэлевізійны.
  • Тое самае правільна для слова Eurovision, прыдуманага ў 1951 годзе. Да таго ж гэта назва, а назвы не перакладаюцца, а толькі адаптуюцца. Таму — Эўравізія.

Конкурсы Эўравізіі мяне цікавяць мала. Хіба каб пасьля ўведаць, гледачы зь якіх краін (дзе сумленна лічаць галасы) за каго галасавалі: за сваіх жа няможна, таму часам выяўляюцца цывілізацыйныя ды суседзкія сымпатыі-антыпатыі.

Аўдыё 2017 году

А як усё ж — Эўравізія ці Эўрабачаньне? Відавочна, выбар зьвязаны са словамі

Тэлебачаньне ці тэлевізія

Юрась Бушлякоў у 2004 годзе разважаў на хвалях Радыё Свабода:

У расійскай мове на месцы інтэрнацыянальнай тэлевізіі замацавалася ў ХХ стагодзьдзі паўкалька телевидение. У 1950-я гады ў БССР якраз-такі на ўзор гэтай расійскай паўкалькі аформілася слова тэлебачаньне. Але калі ад назоўніка тэлевізія ў мове ёсьць вытворныя словы, то ад тэлебачаньня нарматыўных вытворных няма: з аднаго боку, тэлевізія, тэлевізійны, тэлевізійнік, тэлевізар, з другога, адно тэлебачаньне.

Юрась заклікаў паглядзець, як пойдзе надалей суіснаваньне тэлебачаньня й тэлевізіі. Прайшло 15 гадоў. Слова тэлевізія ані не здае пазыцыяў у беларускай мове, найперш у сэгмэнце незалежных мэдыяў і тэкставых пляцовак. Відаць, адна з істотных прычынаў — уплыў нерасейскае моўнае прасторы.

Télévision прыдумаў Кастусь?

А слова télévision, упершыню прамоўленае па-француску, мае свайго аўтара. Фізык Канстанцін Перскі ўжыў гэтае слова на 1-м Міжнародным кангрэсе электрычнасьці ў жніўні 1900 году ў Парыжы падчас Усясьветнай выставы для апісаньня пэрспэктывы разьвіцьця электрасувязі. Да яго ў тым жа значэньні спрабавалі ўкараніць слова тэлефот.

Адна зь першых прыладаў перадаваць рухомую выяву
Адна зь першых прыладаў перадаваць рухомую выяву

Расейскія крыніцы выводзяць дваранскі радавод Перскага зь Цьверскай губэрні. Прозьвішча, аднак, дужа падобнае да беларускіх. У Рэчы Паспалітай Пэрскія былі, сярод іх — паўстанцы 1863 году. (Дарэчы, вішнеўская сям’я, зь якой ізраільскі прэзыдэнт Шыман Пэрэс, у Беларусі насіла афіцыйнае прозьвішча Пэрскія.) Ну і палова гістарычнай Цьвершчыны, праўда, ня тая, адкуль Канстанцін Перскі, ведае рысы беларускае мовы. Варта з каранямі таго Перскага разабрацца, але галоўнае для нас тое, што ён стварыў агульнаэўрапейскае слова з лацінскім фармантам.

Першая частка τῆλε (tēle) старажытнагрэцкая і азначае, як усе ведаюць, ‘далёка’. Другі корань visio лацінскі, азначае ‘погляд, здольнасьць бачыць, бачаньне’. Абедзьве мовы — старажытнагрэцкая і лацінская — традыцыйна даюць фарманты для ўтварэньня тэрмінаў ува ўсіх эўрапейскіх мовах, і няма бяды, што ў адным слове могуць суседзіць грэцкі і лацінскі карані.

У бальшыню эўрапейскіх і далёкіх ад нашага кантынэнту моваў новае слова ўвайшло ў арыгінальным выглядзе, толькі з рознымі фіналямі. Television, televisione, у бальшыні нашых бліжэйшых і далейшых славянскіх, а таксама ў балцкіх суседзяў televizija/telewizja.

Нават у мовах зь непрыхільным стаўленьнем да запазычаньняў, у тым ліку інтэрнацыяналізмаў, прыжылося грэцка-лацінскае слова ад Перскага: teilifís па-ірляндзку, telebista па-басконску, televisioon па-эстонску.

Некаторыя мовы з пурыстычнай традыцыяй перакладаюць абодва карані складанага слова, як нямецкая — Fernsehen. Таксама дáнская і нарвэскія (fjernsyn), ісьляндзкая, армянская. Грэкі як суаўтары слова пераклалі для сябе яго другую частку — τηλεόραση, другая частка ад ‘зрок’.

А вось паўкалькаю — захаваньнем грэцкага tele і перакладам візіі — зазначыліся з эўрапейскіх моваў толькі валійская, крымскататарская, чуваская і калмыцкая.

І расейская. У ёй слова телевидение пашырылася толькі ў 1930-я гады, а спачатку перадачу выяваў на адлегласьць называлі поўнай калькай з televisionдальновидение ці іншымі варыянтамі (электровидение, электрическая телескопия).

Візія экстракта як беларускі продак Эўравізіі

Візія — слова, добра вядомае старабеларускай мове. Таямнічы сказ з судовых дакумэнтаў 1638 году:

Акторка, узяўшы на візію экстракта, задавала оным, жа карты, а не аўтэнтычныя!

Гэта ўсяго толькі значыць, што пазоўніца, скаржніца ў судзе ўзяла на прагляд выпісы з дакумэнтаў — і заявіла, што гэта ўсяго толькі копіі, а не аўтэнтычныя паперы! ​

Візія тут азначае экспэртызу ці прагляд.

Акторка, экстракта, аўтэнтык — усё старыя беларускія лацінізмы, як і вэлюм ці акуляры. Візія добра пачуваецца сярод іх. Да таго ж маем аднакаранёвыя рэвізію, правізію ды, ведама ж, дывізію.

Эўравізія — не тэлеверашчаньне

Слова Эўравізія, хоць зьвязанае з тэлевізіяй, але мае сваё паходжаньне і статус. Таксама вядомы аўтар слова. Знакаміты журналіст і мэнэджэр Бі-Бі-Сі Джордж Кэмпі стварыў слова Eurovision у 1951 годзе для закладанай тады сеткі абмену матэрыяламі паміж тэлевізійнымі трансьлятарамі.

Эўравізія — гэта сетка, сёньня яна абыймае 75 тэлевізійных арганізацыяў Эўропы і ня толькі.

Разам з Эўрарадыё (ня блытаць зь цяперашняй беларускай станцыяй) Эўравізія ёсьць часткаю Эўрапейскага зьвязу трансьлятараў (European Broadcasting Union, Union Européenne de Radio-Télévision) — во яшчэ праблема перадачы на беларускую важнага мэдыйнага тэрміну. Па-расейску „Европейский вещательный союз”. І ў нашу мову пасьля вайны спрабавалі ўкараніць слова вяшчаньне ў значэньні ‘перадаваньне радыёсыгналу’.

Але па-беларуску вяшчун весьціць будучыню, слова таго ж кораню, што ведаць. Вещать у значэньні ўрачыста гаварыць — іншы корань, у такім значэньні ён у расейскай, а там гэта царкоўнаславянізм. Фанэтычны адпаведнік у беларускіх дыялектах — вячаць, азначае ‘верашчаць, крычаць’, блізкае да вякаць. Так што ня варта рабіць з радыётрансьляцыі „радыёверашчаньне”.

Эўрабачаньне, да пабачаньня

Вернемся да Эўравізіі ды яе песеннага конкурсу. У эўрапейскія мовы слова ўвайшло нязьменна, толькі ў традыцыйным для іх афармленьні лацінізмаў: Eurovision, Eurovizija.

Толькі ў расейскай яго пераклалі — Евровидение. Што вельмі сумнеўна, бо ўласныя назвы, як правіла, не перакладаюцца. А на беларускую і ўкраінскую слова афіцыйна перакладзена не з арыгіналу, а з расейскай — Еўрабачанне, Євробачення (але ў заходнеўкраінскай традыцыі Євровізія.)

Вядома, у слове ЭўрабачаньнеЄвробачення ёсьць свой другі пласт, можна падкрэсьліць яго сугучнасьць са словам пабачаньне, што і зрабілі ўкраінскія аўтары гімну дзіцячай Эўравізіі колькі гадоў таму.

Але нам усё ж, на маю думку, ня варта адрывацца ад астатняга эўрапейскага сьвету. Грэка-лацінізмы нам не чужыя. Вось і Лявон Вольскі ўклаў у вусны цынічнаму герою жартоўнай песьні слова „Эўравізія“, хаця рыфма хутчэй пра „еўравідзеньне“:

А я сьпяваю так афігіцельна,
Што я паеду на Эўравізію!
Перамагу я ўсіх, перамагу я іх, перамагу!
А я сьпяваю так афігенна,
Што яны ўсе афігеюць, напэўна,
Бо я бяз гэтай фігні не магу, не магу, не магу!

Непераканаўча выглядаюць нашыя моўныя калькі зь непасьлядоўных расейскіх перакладаў эўрапейскіх тэрмінаў і назваў. Юрась Бушлякоў казаў пра тэлевізію, а я ўсьлед за ім скажу пра Эўравізію: ня боймася гэтага слова, арганічнага для лексыкі нашае літаратурнае мовы.

Першая вэрсія публікацыі 7 траўня 2017 г.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG