Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грэцыя: Мітынгі за і супраць палітыкі Цыпраса чаргуюцца празь дзень


Грэцкя пэнсіянэры спрабуюць здабыць нумаркі для чаргі на зьняцьцё пэнсій гатоўкай
Грэцкя пэнсіянэры спрабуюць здабыць нумаркі для чаргі на зьняцьцё пэнсій гатоўкай

Ня здолеўшы своечасова заплаціць больш за 1,5 мільярда эўра ў рамках пагашэньня крэдыту Міжнароднага валютнага фонду, Грэцыя апынулася ў пераддэфолтавым стане. На маючым адбыцца 5 ліпеня рэфэрэндуме грамадзяне краіны вырашаць, які шлях абраць на пэрспэктыву — з астатняй Эўропай ці асобна. У выпадку, калі грэкі скажуць «не» мерам жорсткай эканоміі, краіну напаткае банкруцтва і выхад з эўразоны.

«Мітынгі за і супраць палітыкі Цыпраса чаргуюцца празь дзень»

Як на пераходным этапе, што суправаджаецца прыпыненьнем працы банкаўскага сэктару і ажыятажным попытам на тавары першай неабходнасьці, пачуваюць сябе шараговыя жыхары? Ці гатовыя падтрымаць на плебісцыце ініцыятыву ўраду на чале з Алексісам Цыпрасам пра прыярытэт нацыянальных інтарэсаў над патрабаваньнямі крэдытораў? Сваімі ўражаньнямі са Свабодай падзялілася Дар’я Лебедзева — апошнія пяць гадоў яна жыве ў Салоніках, працуе ў сфэры турызму:

«Салонікі называюць паўночнай сталіцай Грэцыі, і я магу сказаць, што тут крызіс праявіўся нават у крыху большай ступені. Найперш, гэта моладзевы горад, студэнцкі цэнтар, дзе сканцэнтраваны цэлы шэраг навучальных установаў. Адпаведна, інфраструктура стваралася перадусім пад моладзь. А цяпер, калі ў Грэцыі такі высокі працэнт беспрацоўя — найперш сярод маладых людзей — на паўночным рэгіёне гэта адбілася надзвычай моцна. Іншымі словамі, практычна ўся моладзь у Салоніках не працуе. Атэны — гэта ўсё ж вялізны 5-мільённы мэгаполіс, дзе ёсьць розныя сфэры занятасьці. Гэта горад, дзе турысты віруюць і ўдзень, і ўначы, круглы год. Там, вядома, таксама трагічная сытуацыя. Але што да Салонікаў, яшчэ раз кажу, вельмі шмат беспрацоўнай моладзі. Адпаведна, горад актыўны, горад мітынгаў і пратэстаў — скажу нават так».

Дар’я Лебедзева
Дар’я Лебедзева

Як удакладняе суразмоўніца, градус мітынговай актыўнасьці рэзка падвысіўся пасьля таго, як улады абвясьцілі пра рэфэрэндум 5 ліпеня. На вуліцу вывалілі як аднадумцы палітыкі Цыпраса, так і прыхільнікі балючых, але неабходных эканамічных рэформаў:

«Тое, што адбываецца ў Атэнах, прысутнічае і ў Салоніках. Вялікую папулярнасьць набываюць мерапрыемствы, якія арганізуюцца праз сацыяльныя сеткі, праз той жа Фэйсбук — яны рэклямуюцца, вывешваюцца плякаты, заклікі. Справа ў тым, што муніцыпалітэт не ўзгадняе адначасова мітынгі тых, хто „за“, і тых, хто „супраць“. Адпаведна, яны ідуць дзень за днём. То бок у адзін дзень выходзяць і мітынгуюць тыя, хто за палітыку Цыпраса, на другі — тыя, хто супраць. Вось так яны мяняюцца».

Чарга да банкамата ў Салоніках
Чарга да банкамата ў Салоніках

«Мітынгі, вядома, ідуць, але яны праходзілі і дагэтуль. Яшчэ да абвяшчэньня рэфэрэндуму былі сходы з заклікамі як адносна таго, што мы хочам застацца ў Эўропе, так і супраць мераў, якія выкарыстоўваюць „тройка“ і крэдыторы. То бок усё пачалося задоўга да таго, як абвясьцілі пра рэфэрэндум.

А цяпер, безумоўна, яшчэ большая колькасьць людзей, усе толькі пра гэта і гавораць — у кавярнях, у крамах, у транспарце. Ва ўсіх магчымых месцах, у любым пункце гораду чуваць такія размовы. І, вядома ж, кожны адзін аднаму даводзіць, што ён мае рацыю».

«Калі ўчыняюць самагубства ад безвыходнасьці, гэта фініш»

Ініцыяваны ўрадам рэфэрэндум у справе супрацоўніцтва зь міжнароднымі фінансавымі донарамі некаторыя аналітыкі называюць папулісцкім — маўляў, шантажом у гэтай справе наўрад ці чаго даб’есься: трэба пачынаць рэформы, а не чакаць чарговых «іньекцыяў»:

«Насамрэч можна сказаць, што Цыпрас ходзіць па лязе брытвы. Зь іншага боку, калі прымаць пазыцыю людзей, якія вось ужо сем гадоў жывуць у гэтым глыбокім, зацяжным фінансавым крызісе, падчас якога ім пастаянна грозяць кулаком, што мы вас выганім, вы нам вінныя, нічога ня плаціце, вы банкруты і, па сутнасьці, павыміраеце з голаду, то настаў стан „дэспэрадас“.

Людзям проста напляваць: яны гатовыя на скрайнія меры, на рэвалюцыю, на кроў, на голад, абы толькі пазбавіцца ад гэтага цяжару. Гучыць, магчыма, напышліва, але тое, што людзі даведзеныя да ручкі і ім, па сутнасьці, няма чаго губляць, — гэта сапраўды так. Дарэчы, ужо шмат можна пабачыць на вуліцы жабракоў, бачыш, як людзі выбіраюць са сьметнікаў выкінутыя недаедкі. Такое недапушчальна ў эўрапейскай краіне. Грэкі — досыць культурныя людзі, якія прывыклі жыць нармальна, цывілізавана, у іх трывалыя арыенціры на сям’ю, бо сям’я для кожнага грэка — самае галоўнае. І калі такія рэчы адбываюцца, калі на плошчы Сынтагма ўчыняе самагубства чарговы дзядок-інтэлектуал, які пражыў жыцьцё сумленнай працай і ня хоча шукаць ежу па сьметніках — гэта трагічна».

Пэнсіянэрка здабыла нумарок у чаргу на атрыманьне пэнсіі
Пэнсіянэрка здабыла нумарок у чаргу на атрыманьне пэнсіі

Зрэшты, грэкі зьбіраюцца на вуліцах ня толькі мітынгаваць, але і з больш празаічнай мэтай — абнаявіць грошы. Крамы не абслугоўваюць карткі, а банкі ва ўмовах ажыятажу спынілі дзейнасьць — аж да абвяшчэньня вынікаў рэфэрэндуму. Як кажа Дар’я Лебедзева, цяпер да банкаматаў ад самай раніцы выстройваюцца чэргі:

«Усю паніку збольшага наводзяць СМІ, кантраляваныя пэўнымі асобамі і структурамі. Яны вядуць прапаганду, палохаюць, што калі Грэцыя выйдзе з эўразоны, праз тры дні ўсе памруць з голаду: ня будзе працы, адпаведна, есьці ня будзе чаго, піць ня будзе чаго і г.д. Само сабой, людзі ў паніцы запасаюцца харчаваньнем, разьмятаюць паліцы супэрмаркетаў. Банкі зачыніліся яшчэ ў пятніцу, адпаведна, узьніклі чэргі, каб зьняць наяўныя грошы па картках. У суботу ўсё працягнулася, а ў нядзелю ралеты, якімі закрываюць банкаматы, нават не падымалі. То бок у выходныя падабрацца да банкаматаў было практычна немагчыма. Некаторыя банкі вывесілі аб’явы, што грошай няма, некаторыя проста зачыненыя. Ну, а ў панядзелак высьветлілася, у чым праблема, што банкі бліжэйшым часам не адчыняцца. Выйшла пастанова, што грэкі маюць права здымаць усяго 60 эўра наяўнымі ў дзень. Чэргі стаяць кожную раніцу, бо людзям трэба ў краму ці аплочваць нейкія выдаткі — крэдыты, страхоўкі і г.д. Адным словам, усё ў падвешаным стане. Многія, само сабой, панікуюць: у кагосьці арэнда за жыльлё, за офіс, за прамысловыя памяшканьні. Таму чэргі назіраюцца. Яны не крытычныя, не гіганцкія, але яны ёсьць».

Мужчына ў чарзе ў банк
Мужчына ў чарзе ў банк

«Набегі на крамы хутка скончацца: бракуе наяўных грошай»

Кіраўнікі банкаў прынялі салідарнае рашэньне аднавіць працу 7 ліпеня, як будуць вядомыя вынікі народнага галасаваньня. Пры гэтым банкіры запэўніваюць кліентаў, што сродкі на дэпазытах не згараць, яны проста часова замарожаныя. Тым часам, удакладняе Дар’я Лебедзева, людзі ўсё больш заклапочаныя харчовай бясьпекай:

«Пераважна гэта тычыцца больш нізкага сацыяльнага зрэзу, людзей, якія насамрэч баяцца за будучыню сваіх зьберажэньняў, сваіх фінансавых паступленьняў, найперш, пэнсіяў. Напрыклад, пэнсіянэры стараюцца запасьціся макаронай, крупамі, кансэрвамі, іншымі стратэгічнымі прадуктамі і таварамі. Але хутка ўсё гэта скончыцца, таму што ў людзей папросту ня будзе (ці ўжо няма) наяўных грошай. Справа ў тым, што ў бальшыні крамаў прыпыненыя транзакцыі па грэцкіх картках. Той жа нямецкі LIDL не прымае аплаты мясцовымі карткамі. Тая ж бюджэтная лаўкоставая авіякампанія Ryanair, якая за апошнія два гады вельмі моцна ўвайшла на рынак грэцкіх авіяперавозак, абвясьціла, што ад жыхароў Грэцыі плату за квіткі бярэ толькі наяўнымі грашыма. Хоць усе ведаюць, што ў Ryanair заўсёды можна было на сайце аплаціць, забраніраваць і г.д. А вось цяпер — нельга. То бок жыцьцё адназначна ўскладнілася».

Прадавец на бязьлюдным цэнтральным рыбным рынку ў Атэнах
Прадавец на бязьлюдным цэнтральным рыбным рынку ў Атэнах

Да ад’езду ў Грэцыю Дар’я перажыла не адзін фінансавы крызіс у Беларусі. Ці можна параўноўваць крэдытныя гісторыі дзьвюх краінаў? Дзе ўдар па людзях больш адчувальны?

«Насамрэч можна было б пасьмяяцца, каб не было так сумна... У Беларусі, як мне падаецца, крызіс здараецца кожны год. Нашы людзі ўжо настолькі прыбітыя адчуваньнем таго, што заўтра ўсё можа зьмяніцца і трэба зноў бегчы ў абменьнік ці банкамат, што ўжо няма такой вастрыні рэакцыі. У Грэцыі гэта ўпершыню, прынамсі ў найноўшай гісторыі. Грэцыя — краіна, якая, па сутнасьці, заўсёды імкнулася жыць у дабрабыце. Асабліва з улікам апошніх 30 гадоў, з усімі тымі крэдытамі, якія ласкава выдзяляла „тройка“, крэдыторы. Цяпер людзі навучаныя жыць ня тое што ў багацьці, але ў дастатку, камфортна. У беларусаў такой магчымасьці ніколі не было, таму і адбываюцца, груба кажучы, дзікія начныя набегі на банкаматы, тыднёвыя прастоі ў чэргах па валюту. У прынцыпе, па карцінцы крызісы ў чымсьці падобныя. Але розьніца ў тым, што тут валюта — эўра, яна адзіная эўрапейская, у грэкаў няма іншых грошай. Так, была драхма, але калі да яе вярнуцца, ніхто нават ня ведае, колькі яна будзе каштаваць, якая будзе яе намінальная каштоўнасьць. А ў Беларусі, маючы сваю нацыянальную валюту, разумееш: яна абясцэньваецца ў адносінах да ўсіх іншых валютаў. То бок, намагаючыся выкараскацца наверх, ты непазьбежна падаеш уніз — калі карыстаесься нацыянальнай валютай».

Жанчына глядзіць зварот прэзыдэнта Грэцыі Алексіса Цыпраса
Жанчына глядзіць зварот прэзыдэнта Грэцыі Алексіса Цыпраса

«Цыпрас пасьля размовы з Пуціным вярнуўся падбадзёраны»

Дык ці дасьпелі маральна грэкі да таго, каб выйсьці з эўразоны? І ці няма ў гэтым элемэнта закулісных маніпуляцыяў з боку Расеі, якая зацікаўленая ў тым, каб адбыўся раскол у эўрапейскай сям’і народаў? На мінулым тыдні грэцкага прэм’ера Алексіса Цыпраса без асаблівага розгаласу прыняў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін:

«Маральна гатовыя. Вядома, не скажу за ўсю Грэцыю, бо, паўтаруся — тут ёсьць два лягеры, і абодва яны досыць шматлікія. Але сам факт, што цяпер ля руля сацыялістычная партыя, вельмі моцна нагнятае сытуацыю ва ўсім Эўразьвязе, карэктуе сытуацыю ў міжнародных адносінах паміж ЗША і Эўропай, паміж Расеяй і Эўропай, паміж Расеяй і Амэрыкай. Так, зусім нядаўна — літаральна за 2–3 дні да ўсіх апошніх падзеяў і абвяшчэньня рэфэрэндуму — Цыпрас быў у Маскве і Санкт-Пецярбургу, сустракаўся з Пуціным, і пасьля тых размоваў вярнуўся ў досыць прыўзьнятым настроі. Многія сапраўды праводзяць паралелі — маўляў, адбыўся канструктыўны дыялёг, а як кажуць у простанародзьдзі — што нам з таго, калі выйдзем? Груба кажучы, вы нам што за гэта дасьцё? Ня выключана, што такія пляны таксама абмяркоўваліся. Зразумелая рэч, усё адбывалася за зачыненымі дзьвярыма, ніхто гэтага гучна не асьвятляў, але ўсе на нешта спадзяюцца. У прынцыпе, грэкі ўжо павярнулі галовы нават у бок Азіі, таму што на працягу столькіх гадоў рэальна стаміліся ад эўрапейскага гнёту».

Мітынг за тое, каб Грэцыя засталася ў Эўразоне, Атэны
Мітынг за тое, каб Грэцыя засталася ў Эўразоне, Атэны

Якая прапорцыя прыхільнікаў і праціўнікаў палітыкі дзейных уладаў за некалькі дзён да рэфэрэндуму? Ці ёсьць адчувальны ўхіл у нейкі з бакоў? Дар’я Лебедзева кажа, што прадказваць вынікі галасаваньня не бяруцца нават аўтарытэтныя аналітыкі, але відавочна, што Грэцыя можа істотна перапісаць гісторыю аб’яднанай Эўропы:

«Рэфэрэндум, вядома, пакажа, якая прапорцыя насамрэч, цяпер справа збольшага за прапагандай. У першыя дні, як стала вядома пра галасаваньне, нават незнаёмыя людзі спынялі адзін аднаго, выказвалі асабісты пункт гледжаньня — маўляў, паслухай мяне, я скажу, як і што будзе. То бок спачатку чыталі Фэйсбук, выходзілі на вуліцу, спрабавалі ў чымсьці пераконваць. Мне, напрыклад, калі я сама хадзіла і назірала, здавалася, што на першым часе больш было адмоўнага стаўленьня да плебісцыту. Але цяпер, калі ўключаеш тэлевізар ці праходзіш побач з кавярняй, дзе кожную раніцу зьбіраюцца пэнсіянэры і п’юць сваю каву, меркаваньні ўжо неадназначныя. Натуральна, страх ёсьць, натуральна, ацэньваючы сытуацыю, ацэньваючы эканамічныя прагнозы — хто колькі дае жыцьця Грэцыі, калі яна выйдзе з эўразоны — людзі пачынаюць баяцца. Баяцца проста за тое, што іх сем’ям ня будзе чаго есьці. Таму тут цяпер рэальна настае момант, калі Грэцыя можа напісаць гісторыю — гэта калі літаральна перакладаць знакамітае грэцкае выказваньне. Калі Грэцыя сапраўды паставіць сябе прынцыпова».

Зачынены банк у Атэнах
Зачынены банк у Атэнах

Але сэнсацыі можа і не адбыцца. У лісьце ад імя грэцкага ўраду «тройцы» крэдытораў — Эўракамісіі, Эўрапейскаму цэнтрабанку і Міжнароднаму валютнаму фонду — прэм’ер-міністар Алексіс Цыпрас выказвае гатовасьць прыняць умовы крэдытораў зь мінімальнымі выключэньнямі. Праўда, некаторыя рэформы Атэны абяцаюць пачаць ня зараз, а ў «агляднай будучыні». Тым ня меней перамовы з Атэнамі крэдыторы абяцаюць працягнуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG