Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь папрасіла ЭБРР ацаніць на прадмет прыватызацыі 5 буйных прадпрыемстваў. Якіх?


Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця атрымаў ад Беларусі запыт на перадпрыватызацыйную ацэнку пяці буйных дзяржаўных прадпрыемстваў, перадае БЕЛТА словы кіраўніка прадстаўніцтва ЭБРР у Беларусі Фрэнсіса Дэлэя.

ЭБРР не называе прадпрыемствы, па якіх атрыманы запыт, і кажа, што ацэнка будзе праводзіцца не па ўсіх пяці прадпрыемствах адначасова. Цяпер вядзецца папярэдняя комплексная ацэнка гэтых прадпрыемстваў, каб абраць адно зь іх і «паўтарыць тую гісторыю, якую прайшлі зь Белінвэстбанкам».

Белінвэстбанк у 2015 годзе атрымаў ад ЭБРР 50 млн эўра крэдыту на перадпрыватызацыйную падтрымку. ЭБРР плянуе набыць 25% ягоных акцыяў (пазьней акцыі могуць перадаць стратэгічнаму інвэстару), прыватызацыя мае завяршыцца да 2020 году.

Зь якімі буйнымі прадпрыемствамі Беларусь хоча паўтарыць такі сцэнар?

Эканаміст Леанід Злотнікаў кажа Свабодзе, што раней на прыватызацыю дзяржава аддавала толькі стратныя прадпрыемствы, цяпер можа выставіць і прыбытковыя (хоць такіх у Беларусі няшмат).

«Мне здаецца, што могуць захацець дагадзіць Расеі: выставіць на прыватызацыю тое, што некалі хацела Расея. І МАЗ, і „Гродна Азот“, — кажа Злотнікаў. — Але цяпер часы зьмяніліся, цяжка адгадаць. Хутчэй за ўсё, гэта будуць ня вельмі эфэктыўныя прадпрыемствы».

Але эканаміст Яраслаў Раманчук сумняецца, што Беларусь напраўду прыватызуе буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы:

«І 10 год таму разглядалі пытаньне з ЭБРР аб прыватызацыі 9 прадпрыемстваў, але за гэты час ніякіх зрухаў не адбылося, — кажа Раманчук. — Думаю, гэта спроба стварыць ілюзію ў міжнародных арганізацыяў, што беларускі бок гатовы да прыватызацыяў. Але мы бачым па праекце бюджэту на 2017 год, што ніякай прыватызацыі ня будзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG