Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карней: камунальная рэформа — удар па іміджы ўлады


Дык ці прыслухаецца ён да парадаў Міжнароднага валютнага фонду?

Глод: Выканаўчая рада Міжнароднага валютнага фонду завяршыла чарговыя кансультацыі з уладамі Беларусі. Справаздача місіі фонду, якая працавала ў Менску, пабудавана традыцыйна. Пасьля некалькіх станоўчых адзнак, найперш жорсткай манэтарнай палітыкі Нацыянальнага банку, выказваецца шэраг заўвагаў. Так, замарудзілася крэдытаваньне прыватнага сэктару, зьнізілася якасьць актываў, аслабла рэнтабэльнасьць банкаў, узрасьлі колькасьць праблемных крэдытаў, дзяржаўны і вонкавы даўгі.

МВФ чакае далейшага скарачэньня аб’ёмаў эканомікі Беларусі сёлета і ў наступным годзе. А абмежаванае аднаўленьне эканомікі пачнецца толькі ў 2018 годзе. Прычым у сярэднетэрміновай пэрспэктыве патэнцыйны тэмп росту не перавысіць 2%. Ад чаго найперш залежыць беларуская эканоміка? Ад памеру міжнародных цэнаў на энэрганосьбіты і магчымыя збоі ў дамоўленасьці з Расеяй аб іх коштах. Каб зьмяніць сытуацыю, адзначаюць экспэрты МВФ, патрэбна рэалізаваць комплексную стратэгію рэформаў дзяржаўных прадпрыемстваў. Сярод іншых прапановаў — «выразныя, раўнамерныя і пасьлядоўныя захады па дасягненьню поўнага пакрыцьця выдаткаў у сфэры камунальных паслуг да канца 2018 году», паляпшэньне дзелавога клімату, у тым ліку праз крокі па ўступленьню ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, пэнсійная рэформа.

Улады вымушаюць банкі выдаваць рызыкоўныя крэдыты дзяржаўным прадпрыемствам, безь якіх яны наагул бы спыніліся.

Я даволі ўважліва сачу за дакумэнтамі МВФ, якія рэгулярна з’яўляюцца пасьля таго, як чарговая місія фонду пабывае ў Менску. І зараз зьвяртаю ўвагу на тое, што экспэрты ўпершыню загаварылі пра магчымы фінансавы крызыс у Беларусі. Дрэнны стан эканомікі — гэта ўжо даўно і ўсім вядомая рэч. А вось дрэнныя справы ў банкаўскай сыстэме гэта ўжо новае. МВФ адзначае вялікую колькасьць крэдытаў, якія банкі далі прадпрыемствам і абслугоўваць якія становіцца вялікай рызыкай. Экспэрты не расшыфроўваюць, як гэта атрымалася. Але беларускія аналітыкі гэты мэханізм добра ведаюць. Улады вымушаюць банкі выдаваць рызыкоўныя крэдыты дзяржаўным прадпрыемствам, безь якіх яны наагул бы спыніліся. Адсюль і магчымыя страты. Нездарма ж у прэсавым рэлізе, якія распаўсюдзіла ўчора місія МВФ, адзначаецца, што, паводле ацэнкі экспэртаў, курс нацыянальнай валюты застаецца завышаным прыкладна на 10%.

І апошняе, на што я хачу зьвярнуць вашу ўвагу, калегі, у паведамленьні МВФ адзначаецца (і тут я працытую) «важнасьць цьвёрдай прыхільнасьці на найвышэйшым роўні да пасьлядоўнай макраэканамічнай палітыкі і глыбокім, заснаваным на рынкавых прынцыпах, рэформам». Пад словамі «на найвышэйшым роўні» маецца на ўвазе безумоўна Аляксандар Лукашэнка. Чаму я так упэўнена кажу пра гэта. Таму, што падчас мінулага наведваньня місіі журналісты ўдакладнялі ў яе кіраўніка, як трэба разумець словы «на найвышэйшым роўні». Адказ быў такі: маецца на ўвазе спадар Лукашэнка. Дык, ці прыслухаецца ён да парадаў Міжнароднага валютнага фонду?«.

Карней: Трэба сказаць, што Беларусь далёка ня першы раз просіць крэдыты ў Міжнароднага валютнага фонду. Не заўсёды іх атрымлівае, але экспэрты прыяжджаюць, працуюць, робяць высновы, даюць рэкамэндацыі. Бальшыня тычыцца неабходнасьці радыкальных пераўтварэньняў у эканоміцы, якія адсутнічаюць ці ў лепшым выпадку адбываецца іх імітацыя.

Што ўсе гэтыя гады ставіцца ў папрок беларускім уладам? Найперш тое, што няма зрухаў у працэсе прыватызацыі аб’ектаў дзяржаўнай уласнасьці. Прычым, гэта канстатуецца ня толькі з боку МВФ, нават структуры так званай Эўразійскай супольнасьці, дзе Беларусь гэтаксама ўлазіць у пазыкі, кажуць пра адсутнасьць прагрэсу ў сфэры разьдзяржаўленьня прадпрыемстваў.

А гэта пункт — адзін з асновапаложных для атрыманьня крэдытаў. Калі эканоміка не працуе, прадукцыя не прадаецца, а акумулуюецца на складах, натуральна, абаротныя сродкі замарожаныя. З улікам, што фінансавыя здольнасьці асноўнага партнэра — Расейскай Фэдэрацыі — у апошнія гады істотна зьнізіліся і закідваць беларускі неліквід як у прорву не атрымліваецца, прадпрыемствы дзяржаўнай формы ўласнасьці ў масе сваёй цяпер працуюць на склад.

Але «найвышэйшы ўзровень», як казаў спадар Глод, пакуль ніяк не рэагуе на гэтыя прэтэнзіі, папрокі. Адпаведна, ёсьць пэўнае непаразуменьне «узроўняў». Бо каб пачалася прыватызацыя, каб гэтыя прамысловыя цяжкавагавікі былі прыватызаваныя ці прададзеныя, улады паказалі б, што пачынаюць рэальныя пераўтварэньні ў эканоміцы.

Яшчэ адзін пункт, які таксама агучваў Уладзімер Глод, — рэкамэндацыя паступовага выхаду на аплату насельніцтвам камунальных паслугаў. Паколькі ўрад запэўнівае, што пакуль бярэ на сябе большую частку гэтага цяжару, удар па кашальках беларусаў чакаецца досыць адчувальны.

Натуральна, ва ўмовах, калі ўзровень прыбыткаў радыкальна зьменшыўся, два гады заробкі застаюцца нязьменнымі, а плянавыя 500 даляраў застаюцца недасягальнай мэтай, неабходнасьць плаціць па рахунках утрая больш, чым звычайна, неадкладна выкліча прыкметы незадаволенасьці.

Удар па насельніцтве — гэта аўтаматычна ўдар па іміджы ўлады

Тым ня меней, ва ўрадзе запэўніваюць, што шокавай тэрапіі ня будзе — уласьнікі жыльля будуць аплачваць 100% кошту камунальных паслугаў толькі праз два гады. Так, міністар эканомікі Уладзімер Зіноўскі патлумачыў, што зьніжэньне дзяржаўных выдаткаў на жыльлёва-камунальныя паслугі сёлета заплянавана на 15% і далей да 2020 году — па 5% штогод. То бок, увесь працэс маецца ажыцьцявіць у тры этапы: канец 2016-га — выхад на 50% кампэнсацыі выдаткаў, канец 2017-га — на 75%, да канца 2018-га — на 100%.

Сапраўды, сёлета цэны на камуналку ўжо сурʼёзна падвысіліся. Газ, электрычнасьць і цеплавая энэргія падаражэлі на 20%. А калі ў кватэры ніхто не прапісаны ці яна здаецца, то кошт за ацяпленьне вырас адразу на 80%. Тым ня менш, чыноўнікі працягваюць сьцьвярджаць: насельніцтва сёньня пакрывае ня больш за 30% выдаткаў, зьвязаных з аказаньнем жыльлёва-камунальных паслугаў.

Як на ўсё гэта адрэагуюць людзі — ня трэба нават здагадвацца, бо адрэагуюць дрэнна. А як інакш, калі па цяперашніх заробках палову, а то і больш давядзецца аддаваць на рознага кшталту паслугі. Таму цікава будзе паглядзець на далейшыя паводзіны кіраўніцтва краіны, як будзе выконвацца менавіта гэты пункт. Беларусь, паводле легенды, сацыяльная дзяржава, якая перадусім дбае пра неабароненыя пласты насельніцтва. А ўдар па насельніцтве — гэта аўтаматычна ўдар па іміджы ўлады.

Навумчык: Як бачым, выкананьне рэкамэндацый МВФ так ці інакш сыходзяцца на вышэйшай уладзе, пэрсаніфікаванай у асобе Аляксандра Лукашэнкі. Прыгадваецца, як увосень 1994 году, калі Вярхоўны Савет ухваліў эканамічную праграму Багданкевіча-Чыгіра, якая прадугледжвала пэўныя рэформы, некаторыя публіцысты (напрыклад, Анатоль Майсеня) параўноўвалі Лукашэнку з Валэнсам.

У дылеме «рэформы альбо рэйтынг» — Лукашэнка абярэ рэйтынг

У тым сэнсе, што прэзыдэнт Польшчы, які меў вялізны рэйтынг народнага даверу, «прыкрыў сваёй шырокай сьпінай» Бальцэровіча і іншых, хто правёў неабходныя, але даволі балючыя для насельніцтва рэформы. Валэнса страціў рэйтынг — але справа была зробленая, Польшча выйшла з крызысу.

Дык вось, пісалі, што і Лукашэнка так зробіць. Але ўжо ў лістападзе 94-га Лукашэнка выступіў па ТБ, сварыўся на сваіх рэфарматараў і загадаў адкруціць цэны назад. Сёньня прапановы МВФ закранаюць дзяржаўныя прадпрыемствы, камунальныя паслугі, пэнсіі — электаральна важныя для Лукашэнкі сфэры. Мне падаецца, што ў дылеме «рэформы альбо рэйтынг» — Лукашэнка абярэ рэйтынг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG