Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Джон Сільвэр сядзіць у турме, я яго лічу палітвязьнем», — Кім


Эдуард Пальчыс (псэўданім — Джон Сільвэр)
Эдуард Пальчыс (псэўданім — Джон Сільвэр)

Праваабаронцы заяўляюць, што ўважліва сочаць за сытуацыяй з арыштам у Расеі стваральніка сайта 1863х.com Эдуарда Пальчыса (псэўданім — Джон Сільвэр). Аднак з-за недахопу інфармацыі пакуль складана зрабіць канчатковыя высновы.

Афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова паведаміла карэспандэнту Свабоды, што нічога ня мае дадаць да той інфармацыі, якая была распаўсюджана на пачатку сакавіка. Імя фігуранта справы яна не назвала, бо Сьледчы камітэт, маўляў, «ніколі ня кажа ўстановачныя дадзеныя фігурантаў».

«Тое, што зьвязана з сайтам 1863x.com, мы ўжо паведамлялі, — што ёсьць крымінальная справа. Па двух складах злачынства. Па ч. 1 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці або розьні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Гэта пакуль уся інфармацыя. Калі будзе неабходнасьць і магчымасьць яе дапоўніць, мы гэта зробім. Пададзеная інфармацыя застаецца актуальнай, і дапаўненьняў ад Сьледчага камітэту ня будзе», — сказала Юлія Ганчарова.

Тлумачэньняў ад расейскага боку адносна затрыманьня на тэрыторыі Расеі беларускага грамадзяніна Эдуарда Пальчыса пакуль няма. Паводле расейскага тэлеканалу «Главный региональный», Эдуард Пальчыс арыштаваны ў Бранску і знаходзіцца ў СІЗА. Там ён чакае экстрадыцыі ў Беларусь. Хоць у Расеі яму пагражае крымінальны перасьлед за дзьве публікацыі: «Крэмль павінен быць разбураны» і «Як забіць „русский мир“». Першым такую інфармацыю апублікаваў расейскі прапагандысцкі рэсурс „Спутник и погром“».

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што ўважліва сочаць за сытуацыяй з Эдуардам Пальчысам і сайтам 1863х.com. Старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі сказаў карэспандэнту Свабоды:

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

«Мы гэта ўважліва адсочваем, мы ў кантакце з расейскімі праваабаронцамі, якія маюць да яго доступ. Мы адсочваем, каб у яго таксама была адвакацкая дапамога. Што тычыцца самой справы, то пакуль ня ўбачым абвінавачаньня зь беларускага боку, гаварыць пра нешта рана. Там вінавацяць у распаўсюдзе парнаграфіі і гэтак далей. Цікава паглядзець, што ёсьць у справе на яго. Таму гаварыць пакуль што не выпадае. Але мы ўважліва адсочваем гэтую справу».

Праваабаронца Наста Лойка сказала Свабодзе, што сытуацыя пакуль да канца не зразумелая, стваральнік сайта 1863х.com знаходзіцца ў Бранску і чамусьці яго не экстрадзіруюць у Беларусь.

Наста Лойка
Наста Лойка

«Я ведаю, што калі трэба, то людзей вельмі хутка экстрадзіруюць у Беларусь. А тут вельмі дзіўная сытуацыя.

Мы зьвязваліся з прадстаўнікамі мясцовай грамадзкай назіральнай камісіі ў Бранску, якія некалькі разоў наведвалі Эдуарда Пальчыса. Глядзелі, у якім ён стане, пыталіся, якія ў яго пажаданьні. Нас асабліва цікавіла, ці ёсьць якія прэтэнзіі з боку расейскіх уладаў, ці толькі запыт на экстрадыцыю ў Беларусь. Першапачаткова была інфармацыя, што ёсьць толькі запыт зь Беларусі на экстрадыцыю. Тады ён павінен быў бы на пачатку сакавіка быць у Беларусі, але яго дагэтуль чамусьці не экстрадзіравалі. Ён казаў, што выпадкова апынуўся ў Расеі і зь ім усё нармальна, чакае экстрадыцыі ў Беларусь і гэта яго адзінае пажаданьне. Я ведаю, да яго ходзяць адвакаты.

Для нас сытуацыя да канца не зразумелая. Вядома, што ў Расеі за нейкія пасты ў сацсетках заводзяць справы за экстрэмізм, таму мы апасаліся, што да яго могуць быць абвінавачаньні з расейскага боку. Што пагражала б яму даволі працяглым тэрмінам зьняволеньня. На гэты момант, відаць, такой пагрозы няма».

Андрэй Кім
Андрэй Кім

Грамадзкі актывіст Андрэй Кім, які трымае сувязь са сваякамі блогера, падрабязнасьцяў ніякіх не падаў. Аднак у інтэрвію карэспандэнту Свабоды выказаўся адносна справы стваральніка сайта 1863х.com:

«Ён сядзіць турме, я яго лічу вязьнем сумленьня, палітвязьнем. Гэта беларускі патрыёт. Я напэўна не падзяляю некаторых момантаў з таго, што пісалі на сайце. Але заўсёды зь цікавасьцю чытаў артыкулы. Гэта быў вельмі папулярны блогер, сайт, які па наведвальнасьці пераплюнуў некаторыя беларускія СМІ. Які пісаў даволі важныя і правільныя рэчы. Відавочна, што яго цяпер перасьледуюць за яго грамадзкую дзейнасьць, за яго словы». Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Беларусі ўжо стварылі аргкамітэт «Свабоду Эдуарду Пальчысу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG