Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзядок падаў у суд на «Советскую Белоруссию»


Мікола Дзядок, архіўнае фота

Былы палітвязень і журналіст Мікалай Дзядок зьвярнуўся ў суд Савецкага раёну Менску з позвай да рэдакцыі газэты «Советская Белоруссия» («СБ. Беларусь сегодня») аб абароне гонару і годнасьці, а таксама кампэнсацыі маральнай шкоды за заявы адносна яго ў артыкуле Андрэя Мукавозчыка «Анархия, мать…», перадае праваабарончы цэнтар «Вясна».

У артыкуле сьцьвярджалася, што Дзядок «атрымаў свой тэрмін за атаку „кактэйлямі Молатава“ расейскай амбасады ў Менску». Дзядка спачатку абвінавачвалі ў гэтым нападзе ў межах «справы анархістаў», але асудзілі не за гэта. Тыя ж дзеяньні, за якія яго нібыта асудзілі паводле вэрсіі «СБ», у газэце параўноўваюцца з тэрарызмам.

Дзядок лічыць параўнаньне з тэрарызмам абразьлівым, а артыкул – напісаным «з мэтай дыскрэдытаваць мяне і анархісцкі рух Беларусі». Ён просіць суд прызнаць, што зьвесткі ў артыкуле «СБ» не адпавядаюць рэчаіснасьці, ганьбяць яго гонар і годнасьць; абавязаць рэдакцыю «СБ» і аўтара артыкула выдаліць непраўдзівыя зьвесткі і апублікаваць на галоўнай старонцы інтэрнэт-сайта газэты абвяржэньне гэтых зьвестак; а таксама спагнаць на яго карысьць з рэдакцыі газэты і Андрэя Мукавозчыка 10 000 беларускіх рублёў у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды.

На бягучым тыдні сьледчыя адмовіліся заводзіць крымінальную справу супраць амапаўцаў, якія зьбілі Дзядка, бо не пабачылі складу злачынства.

27 траўня 2011 году Заводзкі суд Менску асудзіў Дзядка на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «хуліганства, учыненае групай асобаў». У справе таксама праходзілі Ігар Аліневіч (асуджаны на 8 гадоў) і Аляксандар Францкевіч (3 гады). 4 сьнежня 2012-га суд пастанавіў накіраваць Дзядка ў крытую турму за «парушэньні дысцыпліны». У кастрычніку 2011-га праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт прызналі Аліневіча, Дзядка і Францкевіча палітычнымі зьняволенымі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG