Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для бізнэсоўцаў прапанавалі «страхоўку ад турмы» за 50 тысяч рублёў. Ці не?


Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі распрацаваны праект дэкрэту для Аляксандра Лукашэнкі «Аб забесьпячальным дэпазыце», распавядае «Эканамічная газэта». Ці будзе падпісаны «дэкрэт пра страхоўку ад турмы» ў такім выглядзе, невядома.

Але прапанова, паводле газэты, такая: калі грамадзянін завядзе «забесьпячальны дэпазіт» у «Беларусбанку» на суму ня меней за 50 тысяч рублёў, гэтыя грошы могуць пайсьці на кампэнсацыю вынікаў правапарушэньня (нявыплаты падаткаў, атрыманьня незаконных прыбыткаў, кампэнсацыю шкоды дзяржаве...), а адміністрацыйны або крымінальны працэс або ўвогуле ня будзе адбывацца, або пройдзе па спрошчанай працэдуры без узяцьця пад варту. Дэпазыт прапануецца заводзіць і на сябе, і на іншых людзей, напрыклад сваіх падначаленых.

Як адзначае аўтар публікацыі, гэта можа быць рэальным шанцам пазьбегнуць непажаданага зьняволеньня, але Канстытуцыя тым часам дэкляруе роўнасьць перад законам для ўсіх, незалежна ад наяўнасьці дэпазытаў.

Пастухоў: «Органы ўлады ня могуць на гэта пайсьці ні афіцыйна, ні сакрэтна»

Юрыст Міхаіл Пастухоў, былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду, кажа Свабодзе, што ня верыць у сапраўднасьць такога праекту і сумняваецца, што дзяржава пойдзе на такі неардынарны крок:

Міхаіл Пастухоў, архіўнае фота
Міхаіл Пастухоў, архіўнае фота

«Гэтая навіна проста з галіны розыгрышаў, як мне здаецца, — разважае Пастухоў. — На такую афэру органы ўлады проста ня могуць пайсьці, бо атрымліваецца форменнае вымаганьне.

Практыка выкупу, калі чалавек ужо за кратамі, у нас шырокая

Практыка выкупу, калі чалавек ужо за кратамі, у нас шырокая, калі ў хадзе сьледзтва ёсьць гаворка пра кампэнсацыю шкоды дзяржаве, гэта факт. Напэўна, гэты факт стаў нагодай пажартаваць зь няшчасных бізнэсоўцаў, якія аказаліся ў палоне беларускіх уладаў.

Гэта робіцца на падставе Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Такі варыянт кампэнсацыі шкоды дапускаўся і раней, але цяпер стаў шырока распаўсюджанай практыкі разам з пагадненьнем аб супрацы з органамі сьледзтва. Калі нехта падпісвае такое пагадненьне, выдае ўсіх вядомых датычных да справы, прызнае сябе вінаватым, то даюць кампэнсаваць падлічаную сьледзтвам шкоду.

Але я ня чуў, каб нехта праявіў такую ініцыятыву, „прэвэнтыўныя выкупы“, бо гаворка ж ідзе пра злачынства — вымаганьне! Гэта быў бы надзвычайны выпадак. Органы ўлады ня могуць на гэта пайсьці ні афіцыйна, ні сакрэтна, як мне здаецца».

XS
SM
MD
LG