Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі на заснавальніка Telegram Дурава завялі завочную справу аб садзейнічаньні тэрарызму. Ён адказаў непрыстойным жэстам

Павел Дураў
Павел Дураў

У Расеі заснавальніка мэсэнджару Telegram Паўла Дурава абвінавацілі ў садзейнічаньні тэрарызму.

Пра гэта паведамляе ТАСС з спасылкай на ФСБ Расеі. Там паведамілі таксама, што распачалі працэдуру абвяшчэньня міжнароднага вышуку Дурава.

У Сьледчым камітэце Расеі раней заяўлялі аб расьсьледаваньні шэрагу крымінальных справаў за выкарыстаньне спэцслужбамі Ўкраіны тэлеграм-бота «Дайвінчык/Leo» для нібыта «ўцягваньня грамадзян Расейскай Фэдэрацыі, пераважна непаўналетніх, у дывэрсійную і тэрарыстычную дзейнасьць».

Паводле іхнай вэрсіі, адміністрацыя мэсэнджару не выдаляла каналы, чаты і боты, якія «актыўна выкарыстоўваюцца ўкраінскімі спэцслужбамі для падрыхтоўкі і каардынацыі ў Расеі дывэрсійна-тэрарыстычных актаў».

У афіцыйным акаўнце мэсэнджару пасьля гэтага зьявіўся допіс з фатаграфіяй Дурава зь непрыстойным жэстам і бяз подпісу:

У красавіку 2026 года Дураў паведаміў, што на адрас, дзе ён 20 гадоў таму жыў у Расеі, прыйшла позва, у якой ён быў названы «падазроным».

«Яны, відаць, падазраюць мяне ў абароне артыкулаў 29 і 23 Канстытуцыі Расеі, якія гарантуюць свабоду слова і права на таямніцу перапіскі. Я ганаруся быць вінаватым!» — напісаў Дураў.

Пра тое, што ў Расеі супраць яго завялі крымінальную справу, Дураў казаў яшчэ ў лютым гэтага году. Тады ж афіцыйныя СМІ Расеі ў артыкулах, апублікаваных у адзін і той жа дзень і напісаных «па матэрыялах ФСБ», сьцьвярджалі, што ідзе расьсьледаваньне дзейнасьці Дурава паводле артыкулу аб садзейнічаньні тэрарызму.

У красавіку 2026 года Дураў у адказ на спробы расейскіх уладаў заблякаваць Telegram у Расеі заклікаў расейцаў уступаць у «Лічбавы супраціў». Ён паабяцаў зрабіць трафік мэсэнджару больш складаным для выяўленьня і блякаваньня ў Расеі.


Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG