«Яны, відаць, падазраюць мяне ў абароне артыкулаў 29 і 23 Канстытуцыі Расеі, якія гарантуюць свабоду слова і права на таямніцу ліставаньня. Я ганаруся тым, што вінаваты!» — напісаў Дураў.
Ад якога ведамства прыйшла позва і зь якой нагоды, ён не ўдакладніў. 20 гадоў таму Дураў жыў у Пецярбургу.
Пра тое, што ў Расеі супраць яго распачатая крымінальная справа, Дураў казаў яшчэ ў лютым — пасьля таго, як Раскамнагляд заявіў пра далейшыя абмежаваньні дзейнасьці Telegram у краіне. Тады ж «Российская газета» і «Комсомольская правда» ў артыкулах, апублікаваных у адзін і той жа дзень і напісаных «паводле матэрыялаў ФСБ», сьцьвярджалі, што ў дачыненьні да Дурава вядзецца расьсьледаваньне паводле артыкулу аб спрыяньні тэрарызму. Афіцыйна, аднак, праваахоўныя органы дагэтуль не паведамілі пра існаваньне такой справы і пра тое, што Дураў у ёй падазраваны.
Павал Дураў рэзка крытыкуе расейскія ўлады за абмежаваньні, якія ўводзяцца супраць Telegram.
«Штодня ўлады выдумляюць новыя зачэпкі, каб абмежаваць доступ расейцаў да Telegram, імкнучыся задушыць права на недатыкальнасьць прыватнага жыцьця і свабоду слова. Сумнае відовішча — дзяржава, якая баіцца ўласнага народу», — пісаў Дураў у лютым.
У красавіку, пасьля таго, як Telegram у Расеі фактычна пачалі блякаваць, ён заклікаў да «лічбавага супраціву» і адзначыў, што мэсэнджэр будзе распрацоўваць новыя шляхі абыходу блякаваньняў.
Форум