Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даяркі хочуць паскардзіцца Лукашэнку, але баяцца, што іх пазвальняюць


У вёсцы Дзеравянчыцы Слонімскага раёну даяркі атрымлівалі заробак апошні раз 5 кастрычніка. Адміністрацыя гаспадаркі «Пераможца» адказвае, што грошай на заробкі няма.

Даяркі зь вёскі Дзеравянчыцы Слонімскага раёну два месяцы не атрымлівалі заробкі, хаця на працу ходзяць штодня. Ніякія іх спробы паскардзіцца ў раён на сваё начальства вынікаў не даюць, і цяпер яны папросту ня ведаюць, што рабіць далей.

Гавораць шмат, не баючыся, але ў той самы час просяць не называць іх прозьвішчы, бо, маўляў, страцяць працу, якую потым знайсьці проста немагчыма.

— У нас два месяцы ўжо заробкі ня плацяць. Сказалі, што, можа, на Новы год дадуць заробак. І тое, гэта яшчэ невядома...

— Нам кажуць, што маем шмат даўгоў. А ўяўляеце, што ў нас, па-мойму, 240 чалавек у калгасе працуе, і на іх 50 спэцыялістаў. А гэта ж на кожнага зь іх трэба зарабіць...

— Мы кажам, што дзяцей няма за што ў школу пасылаць, а нам дырэктар адказвае: патлумачце дзецям, што ў гаспадарцы няма грошай.

Адна з даярак кажа, што жыцьцё робіцца невыносным: заробкі апошнім часам моцна зьменшыліся, а цэны ў крамах толькі павялічыліся:

— Мы не жывём, а існуём. Якія ў нас заробкі — ці першым гатункам малако ідзе, ці другім — у нас аднолькава — тры з паловай, тры васемсот, чатыры мільёны заробак. А калі пачынаеш нешта казаць, то нам адразу ў адказ: вас ніхто тут не трымае, ідзіце, куды хочаце. А мы хочам працаваць і атрымліваць, мы яшчэ павінны прымушаць нашых спэцыялістаў працаваць.

Іншая спадарыня распавядае, што работу знайсьці, хоць якую, немагчыма, таму даводзіцца цярпець выбрыкі начальства. Кожную капейку адкладаюць для дзяцей, а самі нават не памятаюць, калі апошні раз былі ў Слоніме.

— Было 45 год, то сёстры падарылі шпалеры, каб я ў хаце зрабіла хоць які рамонт...

Мужчына згадвае, што раней нават у іх калгасе было болей працы, а зараз, калі ня дай Бог звольняць, то ўжо нікуды не ўладкуесься.

— Усё пазачынялі, усё параскрадалі, усё папрадавалі, усё павыкідвалі. У нас жа і сьвінафэрма была і іншае, а, можа, той чумы і не было — а зачынілі. Ну, і што я тут — тры з паловай мільёны зарабляю, а працую з шасьці раніцы і да дзесятай вечара, і так праз суткі, без выходных.

Цікаўлюся ў жанчын, ці спрабавалі ўладкавацца ў горадзе, паколькі вёска іх знаходзіцца літаральна ў пары кілямэтрах ад Слоніма? Адна зь іх распавядае пра свае прыгоды, як яна спрабавала знайсьці працу.

— Цяжка знайсьці працу, асабліва калі даведваюцца твой узрост. Зьвярталася ў гатэль «Шчара» — там была вакансія — адмовілі, тэлефанавала на камвольны камбінат і напачатку нібыта хацелі ўзяць, а потым раптам — не...

Мне ўдалося датэлефанавацца да старшыні сельгаспрадпрыемства «Пераможца» Мікалая Грачышнікава. Я папрасіў яго патлумачыць, чаму два месяцы не выплачваюць работнікам гаспадаркі заробкі?

— Так, ёсьць такія праблемы, але мы працуем над гэтым. Праблема ў тым, што нашай гаспадаркай недастаткова пастаўляецца малака і мы не выконваем узятыя на сябе абавязкі перад перапрацоўчым прадпрыемствам, а таму нестае сродкаў. Мы працуем над гэтым і, магчыма, у бліжэйшы час заробкі выплацім.

Жанчыны кажуць, што на выбарах галасавалі за Аляксандра Лукашэнку, усё думаюць, каб разам паехаць да яго на прыём, але баяцца, што потым начальства ім адпомсьціць і пазвальняюць з працы. А сам ён, маўляў, ня ведае, што творыцца ў іх калгасе.

— Усе людзі запалоханыя сваім мясцовым кіраўніцтвам. А ён жа не запалоханы, але, відаць, нічога пра гэта ня ведае, раз не наводзіць парадак. А мы самі баімся, і што рабіць? Відаць, усё ж трэба зьбірацца ўсім разам і ехаць напрамую і расказваць яму ўсю сытуацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG