Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тактычная група «Беларусь» адказала Дзьмітрыеву: «Ня трэба выдумляць нейкія амністыі»


Беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота

Адзін зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў 15 жніўня прапанаваў камісіі ў пытаньнях заканадаўства Палаты прадстаўнікоў і Генэральнаму пракурору Беларусі распрацаваць і прыняць закон пра амністыю для тых беларусаў, якія за апошнія гады зьехалі ваяваць ва Ўкраіну.

Тактычная група «Беларусь» — супольнасьць беларускіх дабраахвотнікаў, што ваюе на ўкраінскім баку ў канфлікце на Данбасе — нэгатыўна паставілася да такой ідэі і назвала Дзьмітрыева «блазнам» за прапанову амністыі як для тых, хто ваюе за Ўкраіну, так і тых, хто на баку самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР». Яны заяўляюць, што ім не патрэбны «казкі пра амністыю», як і сама амністыя.

«Беларусы, якія ваююць на баку Ўкраіны, ня маюць магчымасьці паехаць на радзіму, — гаворыцца ў паведамленьні групы на Facebook. — Тыя ж, хто ваююць на баку калябарантаў з „ДНР» і „ЛНР», без праблемаў наведваюць Беларусь, і няма з боку ўладаў нейкага перасьледу гэтых злачынцаў».

Група накіравала месяц таму зварот да ўраду і грамадзкасьці Ўкраіны, у якім патрабавала спыніць перасьлед у Беларусі дабраахвотнікаў, якія змагаюцца за Ўкраіну; даць прававую ацэнку дзеяньняў тых грамадзянаў Беларусі, якія ваююць за «ДНР» і «ЛНР»; спыніць дзейнасьць у Беларусі арганізацыяў, што займаюцца вярбоўкай і падрыхтоўкай наймітаў для «ДНР» і «ЛНР»; скасаваць беларуска-расейскія «чорныя сьпісы» на беларускай мяжы; даць дазвол на трансьляцыю ў Беларусі ўкраінскіх тэлеканалаў; спыніць правакацыі і перасьлед родзічаў загінулых беларусаў Міхася Жызьнеўскага і Алеся Чаркашына.

Дзьмітрыеў адказаў на пост групы:

«Калі амністыю прымуць, шмат хто вернецца. Ціха, бязь лёзунгаў і праклёнаў. Праклінаць будуць тыя, хто застанецца. Так заўсёды бывае. І цяпер гэтая заява — спроба згуляць наперад, каб тым, хто будзе прымаць рашэньне вярнуцца дамоў, было складаней».

XS
SM
MD
LG