Міністар транспарту і камунікацыяў Літвы Рокас Масюліс заявіў у Брусэлі, што Літва ня хоча больш пераходзіць на летні час і мае неўзабаве афіцыйна ўзьняць на ўзроўні Эўразьвязу пытаньне адмовы ад летняга часу, перадае Delfi.
Пытаньне права на адмову ад пераходу на летні час у Эўразьвязе будзе ўзьнятае ці на бягучым тыдні, ці на наступным, прапанова ўжо абмеркаваная ва ўрадзе Літвы. Пакуль жа ўсе краіны Эўразьвязу разам пераходзяць на летні час і ня могуць адмовіцца ад гэтага.
Каля 80% літоўцаў выступаюць за скасаваньне «летняга часу», паводле красавіцкага апытаньня цэнтру Vilmorus (тады якраз адбываўся перавод зь зімовага на летні час). І літоўцы не адны такія ў Эўразьвязе.
Раней Фінляндыя паведамляла аб намерах аналягічнага звароту аб праве краінаў адмовіцца ад пераходу на летні час — там за адмову сабралі 70 тысяч подпісаў. Латвійскае радыё сьцьвярджае, што Латвія з такой прапановай зьвярталася да Эўракамісіі яшчэ тры гады таму. Як перадае Польскае радыё, пытаньне адмовы ад «летняга часу» абмяркоўвалася ў польскім сэйме.
Разам з Эўразьвязам на летні час пераходзіць і Ўкраіна.
А Расея з 2011 году і сьледам за ёй Беларусь адмовіліся ад пераводу стрэлак, Беларусь пры гэтым засталася на летнім часе, у тым самым часавым поясе, што і Масква. Таксама летні час не ўжываюць у азіяцкіх краінах былога СССР, у Індыі, Турэччыне, Кітаі, Японіі і іншых краінах. Дыскусіі пра мэтазгоднасьць пераводу стрэлак працягваюцца, але пакуль няма адназначнага адказу пра тое, ці дапамагае ён, ці замінае людзям.