Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замова была, да ўгоды не дайшло, — намесьнік дырэктара заводу «Луч» пра гадзіньнік з эмблемай памаранчавай рэвалюцыі


Гадзіньнік заводу "Луч" з эмблемай памаранчавай рэвалюцыі

Сузаснавальнік «Арт-сядзібы» і дырэктар крамы Symbal.by Павал Белавус напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што на складзе менскага заводу «Луч» ляжыць некалькі тысяч гадзіньнікаў з сымболікай перадвыбарчай кампаніі колішняга кандыдата ў прэзыдэнты Ўкраіны Віктара Юшчанкі.

Са словаў адной з супрацоўніц, украінскія замоўнікі так і не разьлічыліся за прадукцыю, і пасьля баталіяў памаранчавай рэвалюцыі яна засталася незапатрабаванай.

Аднак намесьнік генэральнага дырэктара прадпрыемства Азат Маргаран сказаў Свабодзе, што насамрэч зьвесткі крыху перабольшаныя — была папярэдняя замова, але да поўнамаштабнай рэалізацыі не дайшло:

першым чынам рыхтуюцца, так бы мовіць, прататыпы, каб замоўнік мог патрымаць у руках, ацаніць з гледзішча практычнасьці і прывабнасьці

«Яны зьвярнуліся да нас, мы зрабілі некалькі ўзораў — літаральна дзясятак экзэмпляраў. Бо ёсьць такая практыка, што першым чынам рыхтуюцца, так бы мовіць, прататыпы, каб замоўнік мог патрымаць у руках, ацаніць з гледзішча практычнасьці і прывабнасьці. Але замовы як такой не было, справа сама сабой неяк згасла — інтарэс зьнік з таго боку. Некалькі гадзіньнікаў засталося, для музэю. Ня ведаю, адкуль зьвесткі пра тысячы тысяч...»

Суразмоўца паказвае адзін з рарытэтных узораў — у памаранчавых колерах, з надпісам «Так!» на раменьчыку і падстрэлку. Запэўнівае, што да фінансавых абавязаньняў справа нават не дайшла, а значыць, казаць, што завод «заляцеў на грошы», не зусім карэктна:

«Не магу сьцьвярджаць, ад каго канкрэтна паходзіла ініцыятыва, бо тады на гэтай пасадзе не працаваў. Але калі я пачаў высьвятляць, мае хлопцы сказалі, што была замова са штабу Юліі Цімашэнкі. Цалкам магчыма, што не сама партыя „Батьківщина“, а нейкі пасярэднік папрасіў зрабіць узоры, і потым нешта пайшло ня так. Розныя прычыны здараюцца, чаму працэс можа спыніцца. Усё ж падзея больш як 10-гадовай даўнасьці. Але факт, што мы можам стварыць гадзіньнікі з самымі рознымі лягатыпамі. У нас вельмі добрыя дызайнэры, з густам усё робяць».

Сумесна зь менскім заводам «Луч» Symbal.by распрацоўвае да 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі гадзіньнік з «Пагоняй», які будзе называцца «Час БНР».

Акрамя таго, ужо рэалізаваны праект зь пяці арнамэнтаваных гадзіньнікаў, гэтаксама вырабленых заводам «Луч».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG