Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт патлумачыў, чаму займаўся пошукамі зьніклага сабакі


©Shutterstock
©Shutterstock

Сабаку Асу, на пошукі якой змабілізаваліся сацыяльныя сеткі, знайшлі ўвечары 14 лістапада пад Менскам. Да пошукаў сабакі далучыўся нават Сьледчы камітэт.

Хаскі галоўнага рэдактара часопіса «Большой» Зьмітра Навіцкага згубіўся ў суботу 11 лістапада. Мужчына чытаў лекцыю ў Ліцэі БДУ, а сабаку прывязаў да плоту навучальнай установы — калі вярнуўся, ні сабакі, ні павадка ўжо не было. Паводле неафіцыйных зьвестак, сабаку прывёў у прыватны дом невядомы мужчына, бясплатна прапанаваў забраць іншым людзям.

Чаму зьніклага сабаку шукалі з удзелам Сьледчага камітэту, Свабодзе растлумачыла прадстаўніца СК Юлія Ганчарова:

«Згодна першай інфармацыі, што зьявілася ў СМІ са спасылкай на ўладальніка сабакі, было паказана, што сабака мог быць выкрадзены. Я пагутарыла з уладальнікам, затым мы зьвязаліся зь міліцыяй і вывучылі матэрыял, потым пачалі працаваць зь відэа — і адна з камэраў зафіксавала момант таго, як сабаку адводзяць. Распачалі крымінальную справу. Цяпер працуем. Неабыякавыя грамадзяне адгукнуліся, калі ўбачылі падобнага сабаку, і вось учора Асу знайшлі ў прыгарадзе.

Пытаньне тут у наяўнасьці ці адсутнасьці складу злачынства. Ад гэтага залежыць, мы займаемся ці не. Калі ўчынена злачынства — гэта нашая кампэтэнцыя».

Сьледчыя распачалі крымінальную справу пра зьнікненьне сабакі. Паводле беларускіх законаў, крадзеж сабакі або іншай свойскай жывёлы можа разглядацца як крымінальнае злачынства паводле артыкулу «крадзеж» (арт. 205 КК), можа карацца штрафам, папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, арыштам на тэрмін да 6 месяцаў, абмежаваньнем або пазбаўленьнем волі на тэрмін да 3 гадоў. Калі крадзеж учыніла група асобаў або асоба паўторна, пагражае да 4 гадоў; калі крадзеж быў у буйным памеры (ад 1000 базавых велічыняў, 23 тысячы рублёў на момант публікацыі) — да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG