Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярэшчанка піша прапановы для Лукашэнкі і працуе над новай кнігай


Віктар Цярэшчанка

Кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня і ўдзельнік некалькіх прэзыдэнцкіх кампаніяў, сёньня сказаў Свабодзе, што хоча ў студзені скончыць свае прапановы для кіраўніка беларускай дзяржавы:

«Яны тычацца традыцыйнай сфэры маёй навуковай працы — грашова-крэдытнай палітыкі. На жаль, мы зноў „валімся“. Тое, што курс рубля больш-менш аднолькавы, яшчэ не гаворыць пра стабілізацыю. Рэальныя прыбыткі насельніцтва падаюць. За што ні вазьміся, усюды горш.

Гэта будзе зварот аб’ёмам дзесьці каля 50 старонак з абгрунтаваньнем таго, што трэба тэрмінова рабіць. Ад папярэдняга яго адрозьнівае больш поўнае і шырокае абгрунтаваньне тэмы. Мае папярэднія прапановы „закапалі“ дзесьці ва ўрадзе. Там іх перакідвалі з адной структуры ў іншую. Дзіўныя людзі. Думаюць, што яны там будуць працаваць усё жыцьцё.

Я пішу прапановы не ад нейкіх палітычных структураў, а ад імя грамадзяніна Цярэшчанкі, які вельмі занепакоены сытуацыяй і ведае, як яе выправіць. Гэта зварот да чыноўнікаў, якія займаюць высокія пасады. Думаю, цяпер да яго паставяцца больш уважліва. Таму што раней яны верылі, што насельніцтва Беларусі будзе цярпець бясконца. Але цяпер настрой у людзей ужо не такі.

…Раней яны верылі, што насельніцтва Беларусі будзе цярпець бясконца. Але цяпер настрой у людзей ужо не такі

Адначасова працую над новай кнігай. Хачу выдаць яе да канца 2017 году. Тэма абмяжуецца эканомікай, у кнізе будзе шмат прыкладаў з нашага жыцьця. Паспрабую патлумачыць, чаму мы пражылі год і ўпалі. Пражылі яшчэ год — і зноў упалі параўнальна з папярэднім годам. Думаю над тым, як выкласьці ўсё гэта больш зразумелай звычайнаму чалавеку мовай, каб кніжка ня стала толькі падручнікам па эканоміцы».

У чэрвені 2016 году Віктар Цярэшчанка і эканаміст Яўген Доўгель зьвярнуліся з адкрытым лістом да дэлегатаў пятага Ўсебеларускага народнага сходу. Яны даслалі ім сваю альтэрнатыўную праграму, у якой выклалі сваё бачаньне таго, адкуль праблемы ў эканоміцы Беларусі і іх як можна было б вырашыць. Аднак на форуме альтэрнатыўную праграму не абмяркоўвалі.

XS
SM
MD
LG