Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура: Над БелАЭС незаконна лёталі бесьпілётнікі


Ілюстрацыйнае фота

Беларуская Генэральная пракуратура выявіла ў 2017 годзе рост несанкцыянаваных палётаў бесьпілётных апаратаў. Паводле Генпракуратуры, толькі над будоўляй БелАЭС пад Астраўцом за другое паўгодзьдзе было 8 несанкцыянаваных палётаў.

Генпракуратура накіравала ў МУС ліст з прапановай «прыняць неабходныя захады» (якія — не паведамляецца), каб выявіць асобы парушальнікаў, а ў Дэпартамэнт авіяцыі Мінтранспарту — ліст, у якім зьвяртаюць увагу на «недастатковую інфармаванасьць» уладальнікаў бесьпілётнікаў пра беспалётныя зоны. Таксама Генпракуратура прапанавала Дэпартамэнту авіяцыі паскорыць распрацоўку Авіяцыйных правілаў арганізацыі і выкананьня палётаў авіямадэляў (гэта значыць бесьпілётнікаў).

Інтэрактыўная мапа беспалётных зонаў >>

На момант публікацыі ў Беларусі маецца 80 зонаў, «беспалётных» для дронаў, у тым ліку пляцоўка над БелАЭС, цэнтар Менску і галоўныя праспэкты, а таксама раёны Курасоўшчына і Сьцяпянка, дзяржаўныя рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі і Астрашыцкі гарадок, уся дзяржаўная мяжа (акрамя мяжы з Расеяй), Ворша, Горадня, Лунінец, Мачулішчы, Полацак і іншыя гарады і часткі гарадоў. Запускі бесьпілётнікаў там дазваляюцца пасьля ўзгадненьня з службай бясьпекі Лукашэнкі.

Ранейшы ўказ Лукашэнкі «Аб выкарыстаньні авіямадэляў» мае вельмі шырокую трактоўку таго, што такое авіямадэль: «лятальны апарат без чалавека на борце, кіраваньне палётам якога магчымае толькі пры ўмове візуальнага кантакту зь ім, а таксама некіраваны лятальны апарат». Пад такое азначэньне зь невядомай прычыны не падпадаюць бесьпілётнікі, якімі можна кіраваць безь візуальнага кантакту, затое могуць падпасьці любыя лятучыя рэчы — хоць папяровыя самалёцікі.

Да нядаўняга часу бесьпілётнікі ў Беларусі не былі легалізаваныя (але і не забароненыя). Толькі ў верасьні фактычна легалізавалі бесьпілётнікі для фізычных асобаў — быў зацьверджаны парадак рэгістрацыі дронаў і абавязковы ўдзел уладальнікаў дронаў у Беларускай фэдэрацыі бесьпілётнай авіяцыі.

Не вышэй за 100 мэтраў і з прозьвішчам. Урад зацьвердзіў правілы для дронаў

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG