Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хваробу — на сухі лес! Беларуская народная мова пра пошасьць, немач і акрыяньне


Дванаццаць трасавіцаў, якіх нэўтралізуюць сьвятыя і арханёлы. Паводле расейскага лубка XIX ст.
Дванаццаць трасавіцаў, якіх нэўтралізуюць сьвятыя і арханёлы. Паводле расейскага лубка XIX ст.

Сьцісла:

  • Пра хваробы ў беларускай мове значна больш словаў і выразаў, чым пра здароўе. І хвароба, і эпідэмія маюць шмат сынонімаў
  • У выслоўях — спачуваньне таму, хто захварэў, занядужаў, занямог, зьлёг
  • Ёсьць выразы фаталістычныя — пра немінучасьць хваробы і выміраньня часткі народу. Для некага яны актуальныя
  • У зычэньнях і ў магічных замовах супраць хваробаў продкі імкнуліся засяродзіць пазытыўную энэргію слова для змаганьня з хваробай
  • Хваробы ў выглядзе сямі або дванаццаці Ліхаманак трэба было адагнаць ад хворага і выправіць у роднае ім балота
  • А для ліхадзеяў і ворагаў — набор кленічаў з пажаданьнем захварэць усімі магчымымі хваробамі — ад палярушу да касталому і... страты смаку
  • Самая папулярная хвароба ў беларускай лаянцы — халера. Халера ясная

Народныя выслоўі хвораму спачуваюць:

Не пытайся ў хворага здароўя
Ці мала да чаго прывыкнеш, а да хваробы ніколі
Хвораму і залатая лыжка не дапаможа
Хвораму ўсюды мулка

Знойдзем у спратах народнай мудрасьці і актуальны намёк на самаізаляцыю:

Хрыпае ў грудзях — ня будзеш у людзях

(Хоць тут хутчэй пра абмежаваную сацыяльную пэрспэктыву такога хворага.)

Слова хвароба ў агульным значэньні мае сынонімы: хворасьць, нездароўе, немач. Адпаведна — ня дай Божа захварэць, занядужаць, занемагчы, зьлегчы, а потым доўга ці нядоўга хварэць, недамагаць, ляжаць, кволіцца здароўем (азначае і ‘скардзіцца’); нават качацца (у пераносным значэньні).

Хворы = нядужы. А таксама хварэц: У нашым дварцы ўсе хварцы (дварэц тут дварок, двор, дом з гаспадаркай).

Але для выкрыцьця ўдавальніка (які ўдае хваробу, сымулянта) ёсьць свае інструмэнты: Загаварыўся, што стагнаць забыўся. Ня хвор, калі есьці просіць. Ня столькі хварэе, колькі дурэе.

Пошасьць

Для грэцызму эпідэмія (επιδημία, той самы корань у словах дэмас і дэмакратыя ;-)) ёсьць беларускае спрадвечнае слова​ пошасьць ‘хвароба, эпідэмія, зараза’.

Пошасьць — тое, што пайшло. Між іншага, яго дыялектны (паўночна-заходні) варыянт — пошліна. То не ўжывайма слова „пошліна“ як русізм у значэньні ‘мыта’ ;-)

Яшчэ адзін сынонім — паморак — больш змрочны, адразу праграмуе выміраньне. Таму лепей ім апісваць хіба старадаўнія катастрафічныя эпідэміі — чумы і падобнага. У старабеларускай мове была яшчэ пляґа маравая: ...іх Госпад пляґаю маравою заразіў, іж іх палягло пяцьдзясят тысячай паспалітага люду (пераклад кронікі Бельскага, пра племя Левітаў). І вопадзь — тое, што ‘падзеж’ (жывёлы).

Каб папраўляліся

— Хвароба ў лес, здароўе ў косьці!
— Немач — на сухі лес!

Або:
— Ідзі ты, бес, на сухі лес!

Такія зычэньні паходзяць з больш суворага жанру народнае творчасьці.

Замова — тут не інтэрнэт-фармуляр для дастаўніка піцы, а сакрэтны магічны заклён. Жанр таямнічы; пасьвячоныя ў замовы лічылі іх сур’ёзнымі, патэнцыйна небясьпечнымі ведамі ды ў таямніцы і трымалі. Замовы як праяву дахрысьціянскага сьветагляду асуджала царква (у выніку некаторыя зь іх адаптаваліся ды папоўнілі свой архаічны вобразны шэраг хрысьціянскімі постацямі), і ў савецкі час знаўцаў замоваў перасьледавалі як носьбітаў рэакцыйнага сьветапогляду. Таму запісваць замовы фальклярысту было заўсёды няпроста.

Гарбата зь зёлак ад Алены Селях, Браслаўшчына
Гарбата зь зёлак ад Алены Селях, Браслаўшчына


Замовы ад хваробы ў комплексе зь фізіятэрапэўтычнымі захадамі ды зёлкамі — частка народнай мэдыцыны, а як гіпнатычны сродак яны дэманструюць і сілу слова. Таму не заглыбляймася ў этнаграфію, а застаньмася ў моўнай тэме.

Бываюць замовы агульныя. Замову „ад усяго“ запісала Галіна Барташэвіч на Брагіншчыне, гэта зварот да месяца:

Маладзічок-малайчок… хай табе Бог дае вялікія рогі, а мне здароўечка ў ногі.

Замову-„падкідку“ (сьпісаную паперку, пакінутую на скрыжаваньні дарог) знайшоў на Тураўскім Палесьсі Алесь Лозка. Таксама пачынаецца звароткам:

Добры вечар, цёмна ноч! Нá табе вада і мая бяда, а мне маё здароўе назад аддай.

Такі вось абменны кантракт хворага з начнымі сіламі. А шаптун ці шаптуха самыя былі ў ролі магічнага лекара і выпраўлялі хваробу на сіне мора або (нам тут бліжэй) — на балота. Гэты сюжэт з багатай эпітэтамі мовай просіцца ў галівудзкае ўвасабленьне:

...Стаіць дуб на тáкавым полі, дванаццаць какатоў, дванаццаць дубцоў. На тых дубцах там сядзіць шызы арол з залатой дзюбкай... Сярэбранымі кокцямі [імя] лечыць, косткі прагравае, залатой дзюбкай усю шуму і балесьць з галавы [імя] вымае. І нясе ён… на ніцыя лозы, на крутыя горы, на жоўтыя пяскі, на цёмныя ляскі, на мох, на балота, на гнілыя калоды, дзе совы рана не ўзьляталі… там усю Парасьціну і вяху і ўсю балесьць прытапталі. (Запісала Галіна Барташэвіч, Барталамееўка Веткаўскага р-ну)

Шума тут — сьмецьце, нячыстае, хвароба. Парасьціна, відаць, таксама. Хваробу можа забіраць ня толькі шызы арол, а і таямнічы воран-орлам. У мове жанру мноства ўнікальных і цьмяных словаў і назваў, якія яшчэ вымагаюць дасьледаваньня.

Замовы ад усемагчымых канкрэтных хваробаў (у тым ліку ад зубішчаў і ад парушынкі ў воку, ад п’янства і ад крывянога ціску), хто цікавіцца, знойдзе тут: Замовы / Укл. Галіна Барташэвіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1992. — Серыя БНТ: Беларус. нар. творчасць.

Школьнікам варта ведаць пра вялікі выбар замоваў „ад урокаў“ (каб вас не сурочылі; ад ліхога вока = па-расейску „от сглаза“ :-).

Пэўна, найбольш актуальныя замовы — ад ліхаманкі (гэтым словам і яго сынонімамі звалі многія хваробы і сымптомы, зьвязаныя з гарачкай). Ліхаманак цэлая каманда, кожная мае функцыянальнае імя. Іх таксама выпраўляюць у роднае ім балота:

Па першым Вясьнянка, а другая Лядзянка, а трэцяя Лістападніца, а чацьвертая Касьцяніца, пятая Квактуха, шостая Начніца, сёмая Смутніца! Адкаціся, адваліся ад грудзёў і ад бела цела, ад буйнай галавы!.. Бяжы, ня’зірайся, назад не вяртайся, ступай у пні, у калоды, у гнілое балота, там табе жыць, са мхоў ваду піць (Бельскі пав. Смаленшчыны, запісаў П. Шэйн).

Тут Ліхаманак (Цяцюх, Хінцюх, Хінцяў, Хіндзяў, Трасавіцаў) сем, але дэманаў хваробы бывае і дванаццаць (таксама з індывідуальнымі імёнамі накшталт Незбудзь, Фыбра, Цётка, Шуня, Варагуша — цытую за Людмілай Дучыц і Ірынай Клімковіч) і нават семдзесят сем — ужо безыменных. Паводле функцыі (хваробы) сярод іх ёсьць сьмяротная, нутраная, павярхоўная, касьцявая, пудовая (адказная за псыхасаматычныя хваробы) ды іншыя. Гэта менавіта іх у замовах пасылаюць у балота.

Слова хінця (хіндзя) цьмянага паходжаньня; магчыма, аднаго кораня з словамі хінуць, хіліць. Выпадковае, але красамоўнае сугучча з хінінам — да нядаўняга часу асноўным лекам ад малярыі. Баба Ерэтычка ў Караткевічавым „Млыне на Сініх Вірах“ віртуозна кляне тых, хто ёй за самагон не заплаціў, таксама і кленічам „Каб цябе хінця трусіла!

Вербніца ў Менску. 2011
Вербніца ў Менску. 2011

Ёсьць пазытыўная замова ад ліхаманкі (на Вербніцу, пад Гомлем): хінця ў лес, здароўе ў косьці. Але калі пасьвячонай вярбы для барацьбы з хінцяй/трасцай недастаткова, у справу ідуць больш сур’ёзныя інструмэнты:

Паб’ём мы вас дванаццацью зялезнымі дубінамі,
Загонім вас у махі
i ўва рэкі,
Гасподзь жа вас будзець біць краменьнем

I будзець біць грамамі і паліць маланьнямі!

(запісаў У. Дабравольскі ў Ельнінскім павеце)

І яшчэ — хоць ня моўная, але на дзіва актуальная — інфармацыя ад дасьледнікаў (кніга „Язычніцтва старажытных беларусаў” згаданых Л. Дучыц і І. Клімковіч). Каб не захварэць на ліхаманку, людзі насілі з сабой як абярэг жывога кажана.

Каб хварэлі

А ліхадзеям і варагáм вялікі набор зычэньняў захварэць:

— Каб яго немач! Каб яго ўзяло ды не адпусьціла! Каб на яго сумарок найшоў! Каб на іх тры пагібелі і адна трасца!

Цэлы сьпіс канкрэтных немачаў, не раўнуючы як у міжнароднай клясыфікацыі хваробаў ICD, — у беларускіх народных праклёнах (кленічах). І адпаведна цэлы слоўнік іх традыцыйных народных назваў. Акрамя зычэньняў страты здароўя наагул — згубы, немарачы, апрогі (ад апрагацца ‘зьнясільвацца, згараць ад смагі ці гарэлкі’), покату, выкаты (качацца — значыць валяцца ў хваробе), алежы і карачуна (раптоўнай сьмерці) — фігуруюць і пранцы, і трасца ‘ліхаманка’, і скульля табе! (для мяне гэта полацкі выраз; скульле — зборны назоўнік пра шматлікія скулы, фурункулы), і асабліва халера: Халера цябе вазьмі!

А яшчэ: Каб цябе патайнíк схапіў! Паля́руш польскі цябе забі! (патайнíк — эпілепсія, падучае ліха. Паля́руш — параліч, у праклёнах тое самае, што рас. кондрашка. Чаму „польскі“ — няма ведама.). Каб у цябе касталом уваліўся! (касталом ці сухалом — гэта рамáтус, рэўматызм). Каб цябе вангрына заела! (‘скурная хвароба’). Гуманным на гэтым фоне выглядае зычэньне страціць мову: Гавары, гавары, табе ўжо нядоўга гаварыць, скора ты ўжо паказваць будзеш!

І актуальныя праклёны: Запаветры тваю галаву! (запаветрыцца — заразіцца з паветра) ды Каб ён смаку ня меў! (сымптаматычны праклён запісаны А. Сержпутоўскім).

Цікавы падвід жанру — калі зычаць за правіну „сымэтрычнай“ хваробы ці пакуты:

Няхай таму займе мову, хто на мяне несправядліва брэша!
Дрэва зрэзаў, каб цябе дактары рэзалі!
Вырваў ён нам гуркі, каб яму цырулік зубы павырываў!
Ясі ўжо, каб цябе зьела зоўшыца!
(варыянт зáўшніца = хвароба сьвінка)

Выраз ґізунты выцягнуць (дастаць) значыць ‘замучыць, зьнясіліць’. Што за таямнічыя ґізунты? Мо жылы? Не, выраз больш мэтафарычны. Гэта ідышызм: געזונט [gezunt] азначае ‘здароўе’, хто ведае нямецкую — успомніць прыметнік gesund ‘здаровы’.

У лідэрах — халера ясная

Лідэрства ў беларускіх адмоўных выразах трымае слова халера:

адна халера ‘няма розьніцы’
халера не бярэ (ня возьме) ‘нічога не здараецца, не нашкодзіць’
халера зь ім (з табой...), халера яго (іх…) бяры ‘згодны, саступаю’
халера з качкамі ‘няхай так’
халера на яго (на цябе...), каб яго халера — выраз абурэньня, гневу
халера носіць, прынесла ‘нехта недарэчы бадзяецца, зьяўляецца’
халера яго (цябе) ведае ‘невядома’
якая халера? = ‘што?!’
на халеру, на якую халеру, якой халеры? ‘навошта’
да халеры ‘надта шмат’ і наадварот — ні халеры ‘зусім нічога’
няма халеры ніякай ‘брак чаго-н.’
аж халера бярэ ‘старацца, прагнуць колькі мага’

І многія іншыя.

Як бачым, халера ў беларускіх эмацыйных выразах там, дзе, скажам, у расейскай або „чёрт“, або ўвогуле нецэнзуршчына.

Халера ясная — вокліч зьдзіўленьня, захапленьня, раздражненьня. Не цураюся яго і я, пераняў выраз ад бацькі, а ён ад свайго — зь Мярлінскіх хутароў на гістарычнай Тураўшчыне, родам з Гарадной. Але чаму „ясная“?

Слова „ясны“ бытуе ў традыцыйных праклёнах — ясная маланка (у замовах і казках, у Купалы, у Адамчыка): „Каб цябе ясная маланка забіла!“, ясны пярун (у фэльетоне міжваеннай віленскай „Маланкі“ пра страхі старых перад разьняволенай моладзьдзю: „А маладых хай ясны пярун павыпалівае, нават маёй Юлькі не шкада). Відаць, слова ясны тут проста ўзмацняе экспрэсію (Купалава „Сыходзіш, вёска, зь яснай явы“). Старажытны, яшчэ праславянскі прыметнік мог быць эпітэтам агню або гукаперайманьнем крыку.

П'ер Віньнерон. Сірата, ці Фатальная халера. 1832
П'ер Віньнерон. Сірата, ці Фатальная халера. 1832

Першыя эпідэміі халеры (прынамсі пад гэтым імем) прыйшлі ў Беларусь у пачатку XIX стагодзьдзя. Як жа пасьпела грэцкая назва кішачнай хваробы так прыжыцца ў беларускай мове?

Вось жа нашыя продкі ў эпоху ВКЛ грэцкае слова χολέρα ведалі (яно было і ў сярэднявечнай лаціне — cholera), але ў значэньні, бліжэйшым да кораня — ад χόλος, χολή ‘сьветлая жоўць’, адзін з чатырох „жыцьцёвых сокаў“ чалавека (паводле Гіпакрата), адпаведны халерычнаму тэмпэрамэнту.

У старабеларускіх тэкстах знойдзем слова колерикъ ‘халерык’. Астранамічны Рак называе сябе па-лацінску і па-беларуску ды тлумачыць, якому тэмпэрамэнту ён адпавядае і служыць:

Cancer, канцьръ, ракъ — водны пташак. Калерыкам заўжды служу і жывата ім прадлажу.

Задыякальны Рак адказны за халерыкаў
Задыякальны Рак адказны за халерыкаў

Гэта з вандроўнага астралягічнага рукапісу „Аб паясох нябесных“, перакладзенага на беларускую ў XVI стагодзьдзі. А слова халера (з варыянтам халерыя) ужо ў значэньні ‘хвароба’ зрабілася эмацыйным выразам пазьней. Надта ж яскрава гучыць.

Трасца

Але выразы з словам трасца (сынонім ліхаманкі і згаданай вышэй Ліхаманкі) больш старажытныя за „халерныя“ праклёны і фразэмы. У Івана Насовіча: Трасцу зьясі, а не пірага. Трасца яго ведае, куды ён пайшоў. Такой самай канструкцыі, што і „халерныя“:

Адна трасца. Ніякая трасца не бярэ (не возьме). Трасца нясе (гоніць), трасца прынесла (прыгнала). Якая трасца. На якую трасцу.

Ёсьць і адметныя:

трасца яго (тваёй) галаве (выраз прыкрасьці, абурэньня)
трасцу з хваробаю ‘зусім нічога (не атрымаць, не даваць)’

Суворая архаіка: „Малады можа памерці, а стары мусіць

Хваробу ў народнай традыцыі ўспрымалі як наканаваньне. У выразах — філязофскае стаўленьне да хваробы й сьмерці ды пакорлівае самасуцяшэньне:

Хвароба ня пернік, не пракаўтнеш і не адмовісься
Хваробу ня трэба клікаць, сама прыйдзе

Былі выразы і пра немінучасьць сьмерці:

Калі возьме за векі, не падмогуць і лекі
Ад сьмерці няма зельля
Хоць доктар зь неба — такі памерці трэба
Каб ня мерлі, дык бы неба падперлі

Мо дзяржаўныя стырнавыя некалі чулі гэтыя выразы дамэдычнай эпохі? У іх жа апраўданьне, чаму пошасьці няма сэнсу процістаяць. Каб прарэдзіць папуляцыю ад старых, якія памерці мусяць, і каб неба не падпёр лішні народзец.

Пахварэць у добрым здароўі!

Але змрочныя фаталістычныя мудраслоўі ўраўнаважваюццца пазытывам:

Лепей жартаваць, чым хвараваць
Не памрэ, дык жыў будзе
Скрыпучае дрэва перастаіць здаровае
Каму хвараваць, таму не ўміраць
На жывой касьці мусіць мяса абрасьці
Пакуль жаніцца — загаіцца

і нават абсурдна-аптымістычнае --

Дай Божа пахварэць у добрым здароўі!

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG